Ілюстрацыйнае фота з сацыяльных сетак

Ілюстрацыйнае фота з сацыяльных сетак

Адкрыць ячэйку «Белай Русі» ў эміграцыі, падпісацца ў тэлеграме на ўсіх прапагандыстаў? Як будзе вызначацца, ці дастаткова ты ябацька? 

Вось вернецца чалавек, уладкуецца ў дзяржаўную ўстанову, будзе трымацца ўбаку ад абмеркавання палітыкі і любых вострых размоў. Гэтага дастаткова ці не? 

Можна пайсці далей і па вяртанні некалькіх тысяч «збеглых» арганізаваць іх з'езд у Палацы спорту. З калектыўным пакаяннем і хрышчэннем у ябацькі ад манахіні Гаўрыілы. І ўсё гэта трансляваць — не ў жывым эфіры, канечне — не дай бог, штосьці пойдзе не па плане.

Лагічна будзе склікаць яшчэ адну камісію — па ябацькаўскім пытанні. Уключыць туды правераную дэпутатку Ананіч, Азаронка і Гладкую, Карпянкова і Васкрасенскага. Тым, хто вытрымае планку лаяльнасці, на выхадзе — пасведчанне і майку з лукашэнкаўскай цытатай. Міласці просім у наша грамадства.

А пасля раз на квартал абыходзіць усіх пакватэрна. Правяраць, ці стаіць на паліцы «бестселер» ад Шведа «Генацыд беларускага народа», ці ляжыць на часопісным століку выпісаная «Советская Белоруссія», ці заменены эплаўскі ноўтбук на навінку ад «Гарызонта». Ці яшчэ плінтус, з-пад якога нельга высоўвацца, надзейна трымае чалавека ў дазволеных рамках.

Напэўна, так выглядае вяртанне людзей з-за мяжы ва ўяўленні лукашэнскаўскай сістэмы. 

На сённяшняй нарадзе, падаецца, проста ўраўнавалі ўсіх, хто з'ехаў за мяжу — і тых, хто бег ад палітычнага пераследу, і тых, хто проста рэлакейтнуўся, бо працадаўца перанёс офіс у іншую краіну. Маўляў, вінаватыя аўтаматам усе, а каму можна бяспечна вяртацца — разбяруцца ў індывідуальным парадку. 

Як трапна жартуюць у сацсетках, хто гатовы прайсці «фільтрацыю» для вяртання?

(гартайце ніжэй, каб чытаць сайт далей)

Клас
19
Панылы сорам
10
Ха-ха
42
Ого
3
Сумна
4
Абуральна
6

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?