Такую выснову можна зрабіць пасля з'яўлення ўстаноўкі СПА, побач з Валдайскай рэзідэнцыяй расійскага прэзідэнта. Іншых аб'ектаў для аховы, акрамя рэзідэнцыі, там проста няма.

Жыхар горада Валдай у Наўгародскай вобласці выслаў у рэдакцыю здымак, зроблены ў вёсцы Яшчарава на мінулым тыдні, — на фатаграфіі разлік комплексу СПА, які, са слоў аўтара здымка, быў размешчаны ў паселішчы «некалькі тыдняў таму». На фота, верагодна, комплекс «Панцыр-С1». Такія ж у апошнія дні былі заўважаныя ў цэнтры Масквы і ў Падмаскоўі.

Фраза «некалькі тыдняў таму» можа сведчыць пра тое, што сістэма СПА з'явілася ў Яшчарава неўзабаве пасля атакі ўкраінскіх дронаў на расійскія вайсковыя аэрадромы ў глыбіні краіны — першая атака на авіябазы пад Разанню і ў Энгельсе Саратаўскай вобласці была 5 снежня.

«Агенцтва» пагаварыла з аўтарам здымка і пераканалася ў сапраўднасці інфармацыі. Жыхары Яшчарава і суседніх вёсак, з якімі звязалася «Агенцтва», пацвердзілі размяшчэнне комплексу СПА на Валдаі. Па словах аднаго з суразмоўцаў, комплекс не стаіць без справы — ён знаходзіцца на баявым дзяжурстве, як мінімум трое вайскоўцаў пастаянна знаходзяцца побач, антэна РЛС круціцца.

Яшчарава — адна з двух найбліжэйшых вёсак да прэзідэнцкай рэзідэнцыі, якая стаіць на беразе аднаго з мясцовых азёр пад назвай Ужын. Ад Яшчарава да зямель прэзідэнцкай рэзідэнцыі крыху больш за шэсць кіламетраў напрасткі.

Валдайская рэзідэнцыя Пуціна, хоць і называецца афіцыйнай, амаль не выконвае прадстаўнічых функцый. Яна больш вядомая як месца правядзення вольнага часу Пуціна, яго блізкіх і сяброў. Туды, паводле шматлікіх сведчанняў, на закрытыя вечарынкі прыязджалі зоркі эстрады. Там жа Пуцін за зачыненымі дзвярыма нярэдка сустракаецца з віп-гасцямі. Як казалі раней двое знаёмых Пуціна, той бывае на Валдаі вельмі часта, «ён любіць» гэтае месца.

Менавіта ў Яшчарава пасяліліся на пастаяннай аснове набліжаныя да Пуціна людзі накшталт афіцэраў ФСА і кіраўнікоў Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

Ніякай крытычнай інфраструктуры, стратэгічных аб'ектаў, буйных прадпрыемстваў або вялікіх збораў ваеннай тэхнікі і асабовага складу ў гэтым раёне няма. Больш за тое, яшчэ з савецкіх часоў у гэтым раёне і так размяшчаліся стацыянарныя сродкі СПА — 42-ы зенітны ракетны полк, раскватараваны ў пасёлку «Валдай-4». Нейкі час у 90-х база палка знаходзілася ў заняпадзе, але з канца дзясятых гадоў яго ўкамплектавалі новым узбраеннем, а тэрыторыю часці акультурылі. ВГТРК нават рабіла рэпартаж аб службе зенітчыкаў.

На мінулым тыдні ў сацсетках з'явіліся фота і відэа ўстаноўкі ЗРПК «Панцыр-С1» на адміністрацыйным будынку ў Цяцерынскім завулку побач з метро Таганская за некалькі кіламетраў ад Крамля. Яшчэ адну ўстаноўку заўважылі на даху будынка Мінабароны на Фрунзенскай набярэжнай. Яна бачная ўжо на фатаграфіі 25 снежня, пісала «Медыязона». Тэлеграм-канал «Сірэна» выклаў два відэа з «Панцырамі» з Падмаскоўя: на адным заўважныя комплексы ў двух кіламетрах ад аэрадрома бізнэс-авіяцыі «Астаф'ева», размешчанага на поўдзень ад Масквы, а на другім можна ўбачыць «Панцыр-С1» побач з пасёлкам Зарэчча Адзінцоўскай гарадской акругі Падмаскоўя, у 10 кіламетрах ад рэзідэнцыі Уладзіміра Пуціна ў Нова-Агарове.

Сістэма СПА «Панцыр С-1» прызначаная ў тым ліку для абароны ад беспілотнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
29
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
5