Яўген Прыгожын раней звяртаўся ў Генпракуратуру РФ з просьбай правесці праверку дзейнасці YouTube і заблакаваць яго на тэрыторыі РФ. Аднак платформа ў Расіі па-ранейшаму працуе. Журналісты запыталіся ў Прыгожына, чаму, на яго думку, YouTube не блакуюць.

Прыгожын назваў YouTube «інфармацыйнай чумой нашага часу» і адказаў, што ёсць дзве прычыны, чаму ён працуе ў Расіі.

Галоўная прычына, паводле яго, тое, што ў Адміністрацыі прэзідэнта РФ — «велізарная колькасць людзей, якія думаюць толькі аб адным — хутчэй бы Расія прайграла вайну, хутчэй бы амерыканцы прыйшлі і адрэгулявалі нас».

«Але такога ніколі не будзе. Яны [амерыканцы] вас да сябе не возьмуць. І тады вы прыйдзеце да нас, дзе вас ужо будзе чакаць кувалда «Вагнера», — рысуе перспектывы Прыгожын.

Ён называе тых, хто супраць закрыцця YouTube, «здраднікамі свайго народа і сваёй краіны».

«Яны жывуць за мяжой, адпачываюць за мяжой, выхоўваюць дзяцей за мяжой, абвяшчаюць высокія каштоўнасці, але, тым не менш, усяляк падтрымліваюць Захад і сілкуюцца ім. Па гэтай прычыне яны і супрацьстаяць таму, каб YouTube адключылі, таму што ім вельмі важна слухаць расповеды такіх украінскіх лідараў, як Фейгін, Гардон і г. д., і таму YouTube яны ўсяляк спрабуюць захаваць».

Прыгожын сцвярджае, што «просты рускі народ» — супраць YouTube. Людзі, якія «знаходзяцца ў Тамбове, у Брацку, працуюць на заводах, на ГЭС», паводле яго, выступаюць «за тое, каб рускія глядзелі рускае і прарасійскае», але яны не прымаюць рашэнні.

Другая ж прычына, чаму не блакуюць YouTube ў Расіі, паводле Прыгожына, — тэхнічная, нібыта «больш няма куды выкладваць відэа і няма дзе яго захоўваць».

Прыгожын піша, што гэта не так. «Для гэтага ў нас велізарная колькасць магчымасцяў»: ёсць рэсурсы «ВКонтакте» і «Аднакласнікі», RuTube, сацыяльная сетка ЯRUS «з унікальнымі магчымасцямі» і інш.

Паводле Прыгожына, «са 100 адсоткаў ролікаў на YouTube прыблізна 40% палітызаваныя і накіраваныя супраць Расіі».

Прыгожын сцвярджае, што найбліжэйшым часам YouTube будзе закрыты. «А тыя, хто актыўна карыстаецца YouTube, у сваю чаргу, будуць выяўленыя і панясуць заслужанае пакаранне пасля таго, як ён будзе забаронены».

Між тым, нядаўна нават беларускія прапагандысты раскрытыкавалі расіян за тое, што яны не змаглі зрабіць відэахостынг, «не змаглі зрушыць з мёртвага пункта найпрасцейшыя рэчы, якія рэалізаваныя ў свеце».

Rutube кіраўнік АНТ Марат Маркаў назваў мёртванароджаным дзіцём, «якое дагэтуль не могуць развіць, хоць абяцалі».

Клас
3
Панылы сорам
7
Ха-ха
39
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
12