Чарговы выпуск прапагандысцкай праграмы быў прысвечаны вайне ва Украіне.
Рашэтнікаў выказваўся ў традыцыйным для расійскай прапаганды рэчышчы: Расія нанесла «прэвентыўны ўдар», калі б яна гэта не зрабіла, «усё развярнулася б на расійскай тэрыторыі», а Захад выкарыстоўвае вайну для знішчэння расійскай дзяржавы.
Паводле яго, Захад хоча «дабіць Расію». «Яны адарвалі вельмі шмат у нас», — сказаў Рашэтнікаў, маючы на ўвазе атрыманне незалежнасці Украінай і Беларуссю. «Мы стварылі Украіну», — заявіў Рашэтнікаў.
— Украіна — гэта ж Расія. Беларусь — гэта ж Расія. Гэта ж Расія, — заявіў адстаўны генерал-лейтэнант СВР.
— Беларусь — гэта ў нас Саюзная дзяржава, — сказаў вядучы Яўген Папоў.
— Саюзная, так. Але гэта Расія. Гэта вялікая Расія…
— Незалежная. Суверэнная. Саюзная дзяржава, — перабіў Папоў.
— Не палохайце Аляксандра Рыгоравіча, — пракаментавала вядучая Вольга Скабеева.
— Яна [Беларусь], між іншым, у Саюзнай дзяржаве знаходзіцца. У адзінай Саюзнай дзяржаве, — падкрэсліў Рашэтнікаў.
Паводле яго, цяпер наступіў найважнейшы момант.
— Так, мы можам з боку Беларусі правесці нейкую наступальную акцыю, а можа і не. Трэба берагчы мяжу з Польшчай. Яны ледзь не адхапалі два гады таму ў нас Заходнюю Беларусь. Практычна на валаску ўсё было. Калі б не Масква і прэзідэнт наш, магчыма, мы б страцілі гэту Беларусь (ён кажа «Белоруссію» — НН.) як Саюзную дзяржаву, — сказаў адстаўны генерал-лейтэнант СВР.
Таксама ён заўважыў, што расійскія вайскоўцы «актыўна працуюць з беларускім войскам», «яго вучаць», бо ў беларускай арміі «досведу наогул няма». Тым часам беларуская прапаганда даводзіць, што гэта беларускія вайскоўцы навучаюць расійскіх мабілізаваных у рамках сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў у Беларусі.





