Фота: AP

Фота: AP

Міністр замежных спраў Нямеччыны Аналена Бербак у панядзелак заклікала да стварэння спецыяльнага міжнароднага трыбунала, каб судзіць расійскае кіраўніцтва за ўварванне ва Украіну, паведамляе «Голас Амерыкі».

«Неабходны трыбунал, які зможа расследаваць дзеянні расійскага кіраўніцтва і аддаць яго суду», — сказала Бербак, выступаючы з праграмнай прамовай у Акадэміі міжнароднага права ў Гаазе, дзе знаходзіцца Міжнародны крымінальны суд (МКС).

Паводле яе слоў, украінскі ўрад занепакоены тым, што Расія не можа быць прыцягнута МКС да адказнасці за агрэсію, так як МКС можа разглядаць толькі справы, у якіх пазоўнік і адказчык з'яўляюцца членамі суда або калі справа перададзена гэтаму органу Радай Бяспекі ААН.

Расія не з'яўляецца членам МКС і, будучы адной з пяці сусветных дзяржаў, якія маюць права вета ў Радзе Бяспекі, верагодна, заблакуе любую перадачу справы ў МКС.

«Мы казалі пра супрацоўніцтва з Украінай і з нашымі партнёрамі ў сувязі з [пытаннем аб] стварэнні спецыяльнага трыбунала па злачынствах, [звязаных з] агрэсіяй супраць Украіны», — сказала Бербак, патлумачыўшы, што юрысдыкцыя такога органа магла б грунтавацца на ўкраінскім крымінальным заканадаўстве.

Яна дадала, што МКС мог бы быць дапоўнены міжнароднымі элементамі «ў месцы за межамі Украіны пры фінансавай падтрымцы партнёраў і з міжнароднымі пракурорамі і суддзямі, каб гарантаваць бесстароннасць і легітымнасць».

Украіна, ЕС і Нідэрланды публічна падтрымалі ідэю стварэння спецыяльнага трыбунала.

Галоўны пракурор МКС Карым Хан, аднак, папярэдзіў аб магчымасці прававой фрагментацыі і заявіў, што МКС лепш за ўсё падыходзіць для працэсаў, звязаных са злачынствамі, звязанымі з агрэсіяй, з тым, каб дзяржавы-члены ліквідавалі «прабелы, якія могуць існаваць».

Падчас прэс-канферэнцыі, якая адбылася пазней у той жа дзень, Бербак згадала паведамленні ўкраінскіх крыніц аб тым, што ўкраінскіх дзяцей дэпартуюць у Расію і там аддаюць на ўсынаўленне.

«Расія павінна адказаць за месцазнаходжанне гэтых дзяцей», — сказала кіраўніца замежнапалітычнага ведамства Нямеччыны, а яе галандскі калега Вопке Хукстра заявіў, што дзеці павінны быць вернутыя дадому, а расійская практыка іх дэпартацыі спыненая.

Клас
14
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0