Пра звальненне Назарава і яго жонкі Вольгі Васільевай стала вядома 14 студзеня, пасля таго, як у яго «адбылася размова» з кіраўніком Маскоўскага мастацкага тэатра імя Чэхава Канстанцінам Хабенскім. Перад гэтым «Маскоўскі камсамолец» пісаў, што Назарава звольнілі з-за ягоных выказванняў супраць вайны ва Украіне і «антырасійскіх настрояў». Пасля 24 лютага Назараў сапраўды публікаваў на сваім ютуб-канале ролікі з антываеннымі вершамі і песнямі. 

А цяпер з паведамлення тэатра стала вядома, што «29 студзеня ролю Воланда ў спектаклі «Майстар і Маргарыта» ўпершыню выканае Анатоль Кот».

Сам акцёр гэтую навіну пракаментаваў так: «Магу толькі сказаць, што падцвярджаю інфармацыю. Больш мне каментаваць пакуль няма чаго».

49-гадовы Анатоль Кот — беларус, які з 2004 года жыве і працуе ў Маскве. Да 2022 года ён служыў у Маскоўскім драматычным тэатры пад кіраўніцтвам Армена Джыгарханяна, а не так даўно перайшоў у Тэатр сатыры.

У 2020 годзе Кот у інтэрв'ю радыё «Свабода» раіў усім беларускім міліцыянтам, байцам АМАПа і вайскоўцам уважліва перачытаць прысягу. На яго думку, генералу, які аддае ганебныя загады хапаць людзей, ёсць што губляць — грошы, уладу: «Але я вельмі спадзяюся, што хлопцы ў пагонах не апырскаюць сябе крывёю сваіх суграмадзян, каб потым не было занадта позна. Таму што яны не вып'юць столькі гарэлкі, каб заглушыць рэшткі сумлення або боль у сэрцы». 

Акрамя таго, Кот быў вядомы ў тым ліку і па ролях партызана ў легендарным беларускім фільме «Акупацыя. Містэрыі» і генерала беларускай арміі ў фільме «Жыве Беларусь!». Гэтыя карціны ў сённяшняй Беларусі забароненыя.

Клас
8
Панылы сорам
47
Ха-ха
4
Ого
5
Сумна
12
Абуральна
25