Скрын відэа

Скрын відэа

— Я хачу сказаць, што б ні адбылося са мной, я абсалютна ўпэўнены ў кожным з вас, — сказаў Андрэй Дзмітрыеў напярэдадні свайго арышту. — Вы павінны ведаць, што ўсё, што мы робім, усё, што робіце вы кожны дзень для таго, каб гаварыць праўду, абʼядноўвацца з аднадумцамі, захоўваць чалавечыя каштоўнасці, — гэта не дарма.

Гэта важна, патрэбна, і гэта ўсё роўна крокі да перамогі. Ужо не проста перамогі пераменаў у Беларусі — перамогі чалавечага над нечалавечым.

Вельмі важна працягваць. Вельмі важна, нягледзячы на ўсе падзеі, якія адбываюцца цяпер тут у нас ці ва Украіне, не забывацца, што ёсць палітвязні і іх трэба падтрымліваць, падтрымліваць іх семʼі. Не забывайце, што працягваюць дзейнічаць мясцовыя супольнасці, і трэба разам з імі абʼядноўвацца, прасоўваць нашы каштоўнасці.

Увогуле, я што хачу сказаць: што б са мной ні адбылося (калі гэтая прамова будзе маёй апошняй перад, не ведаю калі, наступнай), я хачу сказаць, што я ў вас, у нас, у нашу справу варʼяцкі веру. І верыў усе гэтыя гады. Таму пайшоў кандыдатам у прэзідэнты, таму рабіў тое, што я раблю, таму буду працягваць, дзе б я ні знаходзіўся.

Андрэя Дзмітрыева затрымалі 11 студзеня. Яго абвінавачваюць у «дачыненні да экстрэмісцкай дзейнасці».

У СК Беларусі заявілі, што «ў ходзе правядзення неадкладных следчых дзеянняў устаноўлена, што Дзмітрыеў браў актыўны ўдзел у вулічных беспарадках, якія праходзілі на тэрыторыі сталіцы ў жніўні-верасні 2020 года».

Там падлічылі, што палітык «599 разоў перасякаў дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь, з іх 33 — пасля 2020 года».

«Следства мяркуе, што наяўнасць кантактаў у Дзмітрыева з прадстаўнікамі Захаду і ЗША можа сведчыць аб каардынацыі яго «палітычнай» дзейнасці з-за мяжы. Маецца інфармацыя, што затрыманы кантактаваў з дзяржаўным сакратарыятам ЗША і асабіста з яго былым кіраўніком Хілары Клінтан», — заявілі ў СК.

Клас
77
Панылы сорам
13
Ха-ха
3
Ого
9
Сумна
24
Абуральна
14