Уладзімір Пуцін на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Снежань 2022 года. Скрыншот з відэа
Дэфіцыт бюджэту Расіі павялічыўся да рэкорднага ўзроўню ў снежні, бо санкцыі пачалі біць па даходах ад экспарту нафты на фоне росту выдаткаў на захопніцкую вайну, паведамляе The Telegraph.
Дэфіцыт бюджэту дасягнуў рэкордных 3,9 трыльёна рублёў (56 мільярдаў долараў) у снежні, калі набыло моц абмежаванне цэнаў на нафту ад G7. Нягледзячы на тое, што Расія мела прафіцыт астатнія 11 месяцаў 2022 года, снежаньскія лічбы прывялі агульны дэфіцыт бюджэту Расіі да 3,3 трыльёна рублёў (47 мільярдаў долараў) за ўвесь год.
Павелічэнне дэфіцыту ў снежні не ёсць незвычайным: дзяржаўныя выдаткі ў Расіі часта растуць у канцы года, бо на гэты месяц прыпадае шмат плацяжоў з федэральнага бюджэту. Аднак у 2022 годзе дэфіцыт значна вырас з-за сітуацыі на нафтавым рынку.
Міністр фінансаў РФ Сілуянаў супакойвае, што калі адмінусаваць ад выдаткаў сродкі, выплачаныя дзяржавай у пазабюджэтныя фонды за кошт адтэрміновак па страхавых унёсках, дэфіцыт складзе толькі 1,8% ВУП. Сілуанаў падкрэслівае, што ўсе расійскія рэгіёны стабільна выконваюць свае бюджэты, дзяржавай выконваюцца ўсе запланаваныя абавязкі і нават былі прынятыя меры дапамогі грамадзянам і бізнэсу.
Але перспектывы расійскага бюджэту ў 2023 годзе, мякка кажучы, горшыя, бо чаканае падзенне даходаў ад нафты і газу акажа большы ціск на бюджэт і прывядзе да яшчэ большага дэфіцыту.
Абмежаванне цаны на расійскую сырую нафту, якая пастаўляецца марскім шляхам, уведзенае ЕС, G7 і Аўстраліяй 5 снежня, вызначыла цану як 60 долараў за барэль, і аб'ёмы экспарту ўпалі: за астатнюю частку месяца марскі экспарт расійскай нафты ўпаў на 117 000 барэляў за дзень і склаў у сярэднім 2,615 млн барэляў штодня, паведамляе Intellinews.
Па даных фінскага Цэнтра даследаванняў энергіі і чыстага паветра (CREA), цэнавая столь у снежні каштавала Расіі 172 мільёны долараў у дзень. CREA чакае, што гэтыя страты вырастуць да $280 млн у дзень у лютым, калі набудзе моц забарона ЕС на куплю расійскіх нафтапрадуктаў.
Дэфіцыт бюджэту на 2023 год запланаваны ў памеры 2% ВУП (такі ж, як у 2022 годзе). Але валютны прагноз заснаваны на цане нафты 70 долараў за барэль, што нашмат вышэй за тую цану, за якую Расія прадавала нафту ў снежні. Калі цэны на расійскую нафту застануцца на снежаньскім узроўні, выручка знізіцца яшчэ прыкладна на 2,4 трлн рублёў, або 1,6% ВУП, лічаць аналітыкі Bloomberg Economics.
Урад Пуціна ўжо пачаў скарачаць або адкладаць выдаткі, не звязаныя з вайной, і абмяркоўвае павышэнне падаткаў для некаторых буйных кампаній, каб дапамагчы пакрыць дэфіцыт. Апошнія месяцы Расія была вымушаная выкарыстоўваць свой фонд на чорны дзень і браць значныя пазыкі на ўнутраных даўгавых аўкцыёнах з прычыны адцягвання большага аб’ёму сродкаў на вайну.





