Памятныя крыжы каля віленскай тэлевежы. Фота: sfu, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Памятныя крыжы каля віленскай тэлевежы. Фота: sfu, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Спроба перашкодзіць незалежнасці і 15 ахвяраў

Спачатку — крыху тлумачэнняў. Дабравольскі прыйшоў у палітыку ў 1989 годзе, калі выйграў на першых адносна дэмакратычных выбарах у Савецкім Саюзе (яны сталі магчымымі дзякуючы перабудове, якую распачаў Міхаіл Гарбачоў) і зрабіўся ўдзельнікам З’езда народных дэпутатаў СССР. З іх ліку выбіралі сталых дэпутаў Вярхоўнага Савета Саюза — Аляксандр таксама ўвайшоў у іх лік.

У з’ездах народных дэпутатаў удзельнічалі і прадстаўнікі рэспублік Балтыі — апошнія за паўстагоддзя да гэтага гвалтоўна ўключылі ў склад СССР. На другім з’ездзе, які адбыўся ў снежні 1989 года, была прынятая рэзалюцыя, у якой асуджаліся пратаколы да пакта Молатава — Рыбентропа, заключанага ў 1939 годзе. Менавіта паводле яго краіны Балтыі трапілі ў сферу ўплыву СССР. «З'езд прызнае сакрэтныя пратаколы юрыдычна <…> нядзейнымі з моманту іх падпісання», — гаварылася ў дакуменце. Для літоўцаў, латышоў і эстонцаў гэта азначала, што незаконным было і далучэнне трох рэспублік да СССР, якое адбылося неўзабаве пасля падпісання дакумента.

У выніку 11 сакавіка 1990 года літоўскі парламент прыняў акт «Аб аднаўленні незалежнай літоўскай дзяржавы». Літва стала першай рэспублікай, якая абвясціла пра выхад з СССР. Цягам таго года саюзны цэнтр адмаўляўся прызнаць гэты факт, выкарыстоўваючы розныя сродкі (у тым ліку эканамічныя санкцыі і блакаду экспарту тавараў у Літву). У пачатку 1991 года Масква вырашыла навесці ў рэспубліцы «парадак». Тым больш што ЗША былі занятыя падзеямі на Блізкім Усходзе (Садам Хусэйн якраз тады захапіў Кувейт).

8 студзеня савецкія войскі пачалі перакідваць салдат у Літву. 10 студзеня Міхаіл Гарбачоў прапанаваў Вярхоўнаму Савету Літвы неадкладна і ў поўным аб’ёме аднавіць на тэрыторыі рэспублікі «дзеянне Канстытуцыі СССР». У той жа дзень, 10 студзеня, у Вільню прыляцелі генералы Валянцін Варэннікаў і Уладзіслаў Ачалаў, якія каардынавалі правядзенне аперацыі. 11 студзеня савецкія вайскоўцы занялі Дом друку ў сталіцы, а таксама некаторыя будынкі ў іншых гарадах Літвы. У сваю чаргу Вярхоўны Савет краіны заклікаў грамадзян выйсці на вуліцы і ахоўваць будынкі парламента, радыёцэнтра, тэлефонных станцый і тэлевежы. У той жа дзень лаяльныя Маскве камуністы аб’явілі пра стварэнне Камітэта нацыянальнага выратавання Літоўскай ССР. Камітэт быў абвешчаны адзіным легітымным органам улады ў Літве, яго лідары запатрабавалі звяржэння спікера парламента Вітаўтаса Ландсбергіса і ўвядзення прамога прэзідэнцкага кіравання.

У ноч з 12 на 13 студзеня вайсковыя часці, у якіх былі танкі, і група «Альфа» (спецназ КДБ), што прыбыла з Масквы, пачалі выкананне аперацыі. Адна калона адправілася ў бок парламента (у выніку яго штурм не адбыўся), другая дасягнула сваёй мэты і пачала штурм тэлевізійнай вежы і будынка Літоўскага радыё і тэлебачання, якія абаранялі грамадзяне рэспублікі.

Падчас гэтых падзей загінулі 13 чалавек (яшчэ двое памерлі пазней), больш за 500 былі параненыя. З забітых адзін чалавек трапіў пад гусеніцу танка. Па целах траіх праехалі колы. Восем загінулі ад агнястрэльных раненняў, адзін — ад выбуху.

Сілавікі сцвярджалі, што дзейнічалі са згоды Гарбачова. Анатоль Чарняеў, памочнік Гарбачова, пасля казаў, што рашэнне пра штурм было прынятае па ўказанні генерала Валянціна Варэннікава без узгаднення з Гарбачовым (пра гэта пісаў Ягор Гайдар у кнізе «Гибель империи»). Сам савецкі прэзідэнт пазней сцвярджаў у мемуарах, што групе «Альфа» перадалі загад, нібыта напісаны ім ад рукі — але гэта была падробка.

Хутчэй за ўсё, ісціна пасярэдзіне. На думку экс-кіраўніка МУС СССР Вадзіма Бакаціна, якую той выказаў у мемуарах, міністры-сілавікі ў свае сапраўдныя планы Гарбачова не пасвячалі: «Сказалі што-небудзь накшталт «трэба з гэтым бязладдзем канчаць, у нас там ёсць людзі, яны ўсё зробяць правільна». Вядома ж, пра магчымыя ахвяры ніхто не абмовіўся, ведаючы паталагічную асцярожнасць Гарбачова ва ўсім, што звязана з гвалтам».

«Сёння Вярхоўны Савет пачаўся, вядома, з Літвы, — запісаў у дзённіку 14 студзеня Анатоль Чарняеў. Пуга (міністр унутраных справаў. — Заўв. рэд.), Язаў (міністр абароны. — Заўв. рэд.) — дурныя, хлуслівыя, хамскія прамовы. А пасля перапынку — сам Гарбачоў: нікчэмная, коснаязыкая, з бессэнсоўнымі адступленнямі прамова. І няма палітыкі. Моташна-фарысейскае вілянне. Няма адказу на галоўнае пытанне. Гаворка не вартая ні мінулага Гарбачова, ні цяперашняга моманту, калі вырашаецца лёс усёй яго пяцігадовай вялікай справы. Сорамна і шкада было ўсё гэта слухаць».

Падзеі ў Вільні Гарбачоў асудзіў толькі 23 студзеня, праз дзесяць дзён пасля трагедыі.

«Нам казалі: «Адкуль вы ведаеце? У вас няма дакладнай інфармацыі, вас там не было»»

— Як вы паехалі ў Вільню у 1991? — пытаемся ў Аляксандра Дабравольскага.

— Мяне запрасілі калегі з арганізацыі «Дэмакратычны кангрэс». Гэта быў альянс дэмакратычных партый і рухаў з розных рэспублік тагачаснага Савецкага Саюза. Дакладна памятаю, што былі прадстаўнікі з краін Балтыі, Паўднёвага Каўказа, Украіны, Расіі і Беларусі. Апошнюю, напрыклад, прадстаўлялі чальцы Беларускага народнага фронту. Там быў і я як лідар Аб’яднанай дэмакратычнай партыі (пазней гэтая арганізацыя аб’ядналася з Грамадзянскай партыяй у Аб’яднаную грамадзянскую партыю — адну з найбуйнейшых апазіцыйных арганізацый у Беларусі. — Заўв. рэд.). Мы ўсе кантактавалі, некалькі разоў на год сустракаліся. Галоўная мэта «Дэмакратычнага кангрэсу» гучала так: «Цывілізаваны дэмантаж імперскіх структур», а пасля ўжо дэмакратыя. Бо ўсе разумелі, што пры імперыі дэмакратыі не будзе.

Пасля падзей у Вільні калегі з Літвы запрасілі нас прыехаць. Гэта былі Альгірдас Абрамайціс з Сацыял-дэмакратычнай партыі і Альгірдас Каспярунас з Дэмакратычнай партыі працы Літвы (так перайменавалі былую кампартыю). Здолеў паехаць толькі я: спачатку з Масквы ў Мінск, а адтуль ужо цягніком да Вільні.

— Вашай мэтай была фіксацыя тых падзей?

— У першыя ж дні пасля трагедыі Гарбачоў пачаў казаць, што быў не ў курсе падзей, даведаўся пра іх на наступны дзень, не аддаваў ніякіх загадаў. За ім ухіляцца ад адказнасці пачалі і астатнія [прадстаўнікі маскоўскага кіраўніцтва]. Мы спрабавалі абмяркоўваць падзеі ў Літве на пасяджэннях Вярхоўнага Савета, але нам казалі: «Адкуль вы ведаеце? У вас няма дакладнай інфармацыі, вас там не было».

Мы, дэпутаты, што ўваходзілі ў Міжрэгіянальную дэпутацкую групу (першая савецкая легальная парламенцкая апазіцыя. — Заўв. рэд.), падазравалі, што Гарбачоў быў у курсе. Ён да гэтага ўжо рабіў заявы, што трэба «спыніць [аддзяленне Літвы ад СССР]», «аднавіць [савецкую ўладу ў Літве]» і гэтак далей. Трэба было сабраць факты, разабрацца, каб на пасяджэннях парламента абапірацца на іх.

«Літоўцы аж свяціліся ад разумення, што яны не паддадуцца, што іх не зламаць»

— Як праходзіла вашая паездка?

— Я быў у Вільні адзін дзень. З моманту трагедыі прайшло няшмат часу, тры ці чатыры дні. Ужо пахавалі людзей, якія загінулі. Я быў на іх свежых магілах на могілках. Сустракаўся з палітыкамі, што мяне запрашалі, з Пятрасам Вайцякунасам, які пасля быў паслом Літвы ў Беларусі, а таксама міністрам замежных справаў. Былі і іншыя суразмоўцы, натуральна, усіх цяпер не ўспомню — яны былі сведкамі тых падзей.

Вакол літоўскага парламента тады стаялі бетонныя блокі, камунальная і будаўнічая тэхніка. І яшчэ тысячы людзей вакол. Мы прайшлі па ўсім горадзе, у тым ліку па месцах, дзе ездзілі танкі і загінулі людзі. Літоўцы падрабязна расказалі мне, як і што адбывалася. Як вечарам і ноччу ездзілі танкі, стралялі. Мясцовыя жыхары ставілі на дарозе свае «Жыгулі», каб не праехала тэхніка. Але танкісты па іх ехалі, плюшчылі і ламалі. На дарозе тэхнікі ў тую ноч былі і людзі. Дзяўчына Ларэта Асанавічуце трапіла пад танк і загінула. Некаторых пераехалі бронетранспарцёрамі, іншых застрэлілі. Потым мы рушылі на могілкі. А яшчэ былі ля захопленай тэлевежы — яе атачалі салдаты ў касках і з аўтаматамі. Для мяне было відавочна: калі б не было вайскоўцаў, то не было б ніякіх ахвяраў.

— Які быў настрой сярод літоўцаў?

— Літоўцы аж свяціліся ад разумення, што яны не паддадуцца, што іх не зламаць. Яны хацелі незалежнасці. Казалі са слязамі на вачах, што не хочуць ахвяраў. Але іх народ будзе стаяць, нягледзячы на страты, і яны ўсё роўна перамогуць.

— Вы вярнуліся ў Маскву. Як далей разгортваліся падзеі?

— Я выступіў на пасяджэнні Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы. Акрамя мяне прыязджалі і дэпутаты літоўскага парламента, таксама дзяліліся інфармацыяй. А на наступны дзень было пасяджэнне Вярхоўнага Савета СССР, дзе выступіў мой калега, спасылаючыся ў тым ліку на мае словы.

— А чаму не вы?

— Раней, у часы «застою», ніхто на трыбуну Вярхоўнага Савета не ішоў. Кагосьці выклікалі, ён дысцыплінавана выступаў — ніякіх дыскусій не было. Але калі парламент быў абраны на больш-менш дэмакратычных выбарах, то, вядома, людзі літаральна рваліся на трыбуну, каб быць пачутымі. Там была своеасаблівая чарга. Усё залежала ад таго, хто першы прарвецца да мікрафона. Падчас пасяджэння Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы мы дамовіліся: хто трапіць на трыбуну, той і скажа, што Гарбачоў таксама нясе за гэта адказнасць. Вось адзін з нашых і прарваўся (смяецца). Я нават не памятаю, хто гэта быў.

— Чаму вы былі ўпэўненыя, што савецкі прэзідэнт хлусіў? Што вас пераканала, што вайскоўцы не выйшлі з-пад кантролю, а дзейнічалі па яго загадзе?

— Магчыма, яны сапраўды выйшлі з-пад кантролю і зрабілі дзесьці больш, чым хацеў Гарбачоў. Але выбачайце, у Вільню тады перакінулі пскоўскую дэсантную дывізію. Накіравалі групу «Альфа». Што, гэта не сведчанне таго, што ўлады хацелі ўжыць сілу? Гэта нават не ўнутраныя войскі, якія змагаюцца з беспарадкамі (якіх, зрэшты, не было). Дэсантная дывізія і «Альфа» — падраздзяленні, якія сілай дабіваюцца сваіх мэтаў. Калі б Гарбачоў хацеў пайсці мірным шляхам, то можна было б дзейнічаць неяк іначай.

Падчас дыскусій на пасяджэнні Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы мы сфармулявалі агульную думку, якую агучыў наш калега. Ён сказаў, што мы маем дакладную інфармацыю пра ўвод у Вільню баявых падраздзяленняў, і Гарбачоў не мог пра гэта не ведаць. Але калі ён хоча, каб аналагічныя падзеі не паўтарыліся, ён мусіць вызваліць захопленую тэлевежу. Калі ж яго падманваў міністр абароны, Гарбачоў мусіць адправіць яго ў адстаўку. Як прэзідэнт — абраны, праўда, на з’ездзе народных дэпутатаў, а не ўсенародна — ён меў такую магчымасць. Але ён нам нічога не адказаў, ніякай яго пазітыўнай рэакцыі на гэтую прапанову не прагучала. Калі б Гарбачоў прызнаўся, што памыляўся, калі б пакараў выканаўцаў… Але такога мы не адчулі.

«Беларусь доўгі час была ў такім стане… Анабіёзу ці што, але людзі проста выжывалі»

— Дзеянні генсека вас расчаравалі? Ці такія эмоцыі з’явіліся раней?

— Падобнае адбывалася і раней. Напрыклад, у Тбілісі ў 1989 годзе (разгон мітынгу, падчас якога ад дзеянняў савецкіх вайскоўцаў загінуў 21 чалавек. — Заўв. рэд.). Памятаю, як на трыбуну выклікалі генерала [Ігара] Радзівонава (будучага міністра абароны Расіі. — Заўв. рэд.), які тады камандаваў войскамі ў Тбілісі, ён нешта спрабаваў патлумачыць. Пры гэтым мы выраслі ў Савецкім Саюзе, таму разумелі, што раней такія падзеі было проста забаронена абмяркоўваць. Калі б хтосьці сказаў нешта пра Тбілісі ці Вільню, то трапіў бы ў турму ці вар’ятню.

З аднаго боку, мы бачылі, што на гэтыя падзеі можна ўплываць. Можна дамагацца, каб пакаралі вінаватых. З іншага боку, нерашучасць Гарбачова расчароўвала. Але рэч была ў тым, што ён увесь час манеўраваў. Ён жа кіраваў камуністычнай партыяй, расколатай на тры часткі. Рэфармісцкую, якая хацела пераменаў. Дагматычную, закасцянелую, якая не хацела ніякіх зменаў — там было фактычна ўсё кіраўніцтва кампартыі Беларусі і шэрагу іншых саюзных рэспублік. Была і трэцяя частка, у якую ўваходзіла шмат людзей, чальцоў КПСС, якія ні на што не ўплывалі. Яны таксама хацелі зменаў, але былі нерашучыя і мала што рабілі. А яшчэ ў яго былі КДБ і армія. Сярод іх увесь час манеўраваў Гарбачоў. Ён не хацеў страціць падтрымку ні там, ні там, таму часам не займаў выразных пазіцый.

Наогул я высока ацэньваю тое, што зрабіў Гарбачоў. Але ў тых падзеях кроў людзей на ім ёсць.

— Вы казалі, што літоўцы хацелі незалежнасці. А які быў ваш настрой што да Беларусі пасля паездкі ў Вільню?

— Я бачыў, што беларусы вельмі хочуць зменаў, гэта дакладна. У сваёй большасці яны хацелі дэмакратыі. Але людзей, якія выступалі за незалежнасць, за адзяленне БССР ад СССР, было выразна менш, чым у Літве. Падчас паездкі ў Вільню я ўжо разумеў, што Беларусь мусіць стаць незалежнай і самастойнай краінай. Але калі думаў, ці маглі б беларусы так выступаць і ахвяраваць сабой, сваім жыццём, як літоўцы… Бадай, нашыя суседзі ў значна большай ступені гэтага хацелі і былі да гэтага гатовыя. У тым жа 1991 годзе беларусы саспелі і прынялі незалежнасць. Але праблема была ў тым, што яны так моцна не змагаліся за яе, як літоўцы. Можа, таму не надта яе і цанілі.

— Кажуць, што беларусы ў 2020 годзе саспелі да таго, да чаго літоўцы — у 1991-м. Вы згодныя?

— І так, і не. Не, бо ў Беларусі паступова склаўся абсалютны кансэнсус, што нашая краіна мусіць заставацца незалежнай. Паводле розных даследаванняў, за вяртанне Савецкага Саюза ў 1991 годзе было 35% ці нават крыху больш. Гадоў праз пяць гэтая лічба пайшла на спад. Цяпер такіх людзей, што выступаюць за ўваходжанне Беларусі ў склад Расіі ці аднаўленне СССР, — максімум 3−4%. Абсалютная большасць — за тое, што Беларусь мусіць застацца незалежнай дзяржавай.

Але свая праўда тут ёсць. Розныя народы праходзяць адну і тую ж палітычную практыку ў розныя часы. Беларусь доўгі час была ў такім стане… Анабіёзу ці што, але людзі проста выжывалі. Маўляў, цяпер яшчэ не кепска жывецца, як бы горш раптам не было, калі штосьці адбудзецца. Пацярпім, пачакаем. А ў 2020 годзе адбыўся злом. Не тое што беларусы хацелі незалежнасці — яны ўжо яе мелі. Але яны не сталі чакаць, пакуль хтосьці з палітыкаў нешта для іх зробіць, як было раней, а пачалі самі рабіць гэтую справу. Яны паказалі, што гатовыя ўзяць лёс краіны і адказнасць за яе ў свае рукі.

Калі раней 50 тысяч ці крышку больш хацелі займацца палітыкай, то цяпер гаворка ідзе пра сотні тысяч актыўных. Цяпер яны не могуць праявіць сябе і адкрыта выступіць, але гэта не значыць, што яны гэтага не хочуць. Мы бачым, што беларускае грамадства ў значнай ступені ператварылася ў нацыю, чаго раней не было. Не ўсё атрымліваецца з першага разу, але думаю, што ўсё яшчэ наперадзе.

Клас
33
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
4