Разам з тым эксперты Інстытута лічаць, што «верагодны захоп Салядара 11 студзеня не з'яўляецца аператыўна-важным развіццём сітуацыі — і ён наўрад ці прадвесціць хуткае расійскае акружэнне Бахмута».

У зводцы ISW адзначаецца, што ў чацвер Генеральны штаб УСУ паведамляў аб адбіцці расійскіх атак у населеным пункце Соль, які размешчаны прыкладна за кіламетр на паўночны захад ад Салядара. Аднак, у адрозненне ад папярэдніх дзён, украінскія вайскоўцы не казалі, што ім удалося адбіць наступ на сам Салядар.

Пры гэтым расійскія крыніцы пісалі, што войска РФ завяршае зачыстку Салядара, а ў тэлеграм-каналах вайсковых блогераў публікаваліся кадры, на якіх байцы ПВК «Вагнер» ходзяць па вуліцах горада.

«Усе даступныя сведчанні кажуць пра тое, што ўкраінскія сілы больш не падтрымліваюць арганізаваную абарону Салядара», — заключаюць эксперты ISW.

Аднак пры гэтым яны лічаць, што ў выніку «расійскіх інфармацыйных аперацый важнасць Салядара перабольшвалася», і называюць яго ўзяцце «ў самым лепшым выпадку тактычнай піравай перамогай Расіі».

«ISW па-ранейшаму лічыць, што захоп Салядара — населенага пункта плошчай каля 14,2 кв. км — не дазволіць расійскім сілам усталяваць кантроль над крытычна важнымі ўкраінскімі лініямі наземнай камунікацыі з Бахмутам і не паставіць іх у больш выгадную пазіцыю для акружэння горада ў кароткатэрміновай перспектыве», — сказана ў зводцы.

Эксперты ISW працягваюць, што арміі РФ, «верагодна, удалося захапіць Салядар, накіраваўшы значныя рэсурсы на дасягненне тактычнага поспеху, які знясіліў» іх, і гэта «паскорыць кульмінацыю расійскіх сіл, якія страцілі значныя сілы каля Бахмута».

«Расійскія сілы могуць паспрабаваць падтрымліваць высокі тэмп нападаў у раёне Бахмута, але гэтыя намаганні не прывядуць да аператыўна-значных вынікаў, так як яны страцілі баявую сілу і назапасілі знясіленасць», — сказана ў зводцы ISW.

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
9
Абуральна
6