26 снежня 2022 года суддзя Мінскага гарадскога суда Алена Шылько прыгаварыла Івана Мураўёва да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Столькі, колькі перад гэтым і запатрабавала прадстаўніца пракуратуры.

Служба маніторынгу БАЖ даведалася ад блізкіх асуджанага, што Івана Мураўёва ўжо даставілі ў следчы ізалятар пры магілёўскай турме №4. Перад гэтым яшчэ паспела адбыцца сустрэча са сваякамі: з іх слоў, трымаецца ён добра, маральны і фізічны стан нараканняў не выклікае.

Суразмоўцы ўдакладнілі, што ў ізалятары Іван прабудзе да разгляду апеляцыі Вярхоўным судом — адпаведныя дакументы туды ўжо накіраваныя, але дата пасяджэння пакуль што не вызначаная. Хай у беларускіх умовах фармальна, але лічыцца, што да працэдуры абскарджання прысуд яшчэ не набыў моц, таму адразу накіраваць чалавека ў калонію нельга. 

Пры гэтым, як сведчыць досвед папярэдніх палітычных «сядзельцаў», змена геалакцыі да разгляду скаргі сведчыць як мінімум пра дзве акалічнасці. Па-першае, сталічная «Валадарка» па-ранейшаму перапоўненая і ёсць неабходнасць раскідаць асуджаных па іншых ізалятарах. Па-другое, абраны рэгіён намякае на будучае месца адбыцця пакарання — з вялікай доляй упэўненасці можна прагназаваць, што датычна Івана Мураўёва гэта будзе альбо папраўчая калонія №15 у Магілёве, альбо папраўчая калонія №2 у Бабруйску.

Чытайце таксама:

Нестандартны гардэроб, бан на танную гарэлку, Акрэсціна. Гісторыя Івана Мураўёва — рухавіка мінскай кальяннай культуры

Стала вядома, за што асудзілі Івана Мураўёва

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0