Фота: vecteezy
Цэны на газ у Еўропе і Вялікабрытаніі ўпалі амаль на 80% пасля панічных закупак у жніўні. Цана на газ па эталонным кантракце TTF (найбуйнейшы газавы эталон у Еўропе) вярнулася да ўзроўню, які быў непасрэдна перад уварваннем расіян ва Украіну.
Ф'ючарсныя цэны ўпалі прапарцыйна і на наступную зіму. Рынак больш не вызначае цэны ва ўмовах зацяжнога крызісу паставак, выкліканага адключэннем расійскага газу. Свет вельмі добра адаптаваўся да энергетычнай вайны Пуціна.
Эванс-Прычард іранізуе, успамінаючы апакаліптычныя прагнозы энергетычных кансультантаў, якія папярэджвалі, што сярэднія рахункі за электраэнергію ў Вялікабрытаніі да красавіка 2023 года вырастуць да 7700 фунтаў стэрлінгаў у год, калі не будзе абмежавання цэн. Ён адзначае, што брытанскія і іншыя еўрапейскія СМІ паведамлялі пра гэтыя катастрафічныя наступствы амаль як пра факты, а не як пра «здымак» крывой ф'ючарсаў на газ, зроблены ў момант надзвычайнага стрэсу на рынку і з улікам глабальных і геапалітычных пераменных, якія ніводзін кансультант не мог прадказаць.
Але з тых часоў аналітыкі паляпшаюць свае прагнозы. Некаторыя прагназуюць нават, што з ліпеня ліміт цэн на энергію (які вызначае, якую плату пастаўшчыкі могуць спаганяць за газ і электрычнасць) складзе ў Вялікабрытаніі 2600 фунтаў стэрлінгаў у год. Гэта будзе ніжэй, чым гарантыя ўрада па цане на энерганосьбіты. Што патэнцыйна азначае: брытанскаму казначэйству больш не трэба будзе выкладваць мільярды фунтаў на субсідаванне рахункаў хатніх гаспадарак.
Леташні эпізод панічных настрояў меў сур'ёзныя наступствы. Гэта ўстрывожыла мільёны людзей і падсілкавала рост незадаволенасці ў Еўропе. Панікёрскія настроі ў брытанскім урадзе наконт абмежавання цэн на энерганосьбіты прывялі да таго, што ўрад пачаў вельмі жорсткую эканомію.
Тым часам свой унёсак у цяперашнюю сітуацыю зрабіла і надвор'е: сёлетняя зіма пакуль ёсць адной з самых мяккіх у Еўропе за апошнія 50 год. Мяккая яна і ў Азіі, і гэта мае вялікае значэнне, таму што Кітай і Японія з'яўляюцца двума найбуйнейшымі імпарцёрамі звадкаванага газу ў свеце, наўпрост канкуруючы з Еўропай за пастаўкі.
У ЗША зіма таксама мяккая пасля экстрэмальнага палярнага пахаладання ў другой палове снежня. Аналітыкі кажуць, што пацяпленне ў паўночным паўшар'і ў студзені аказала ўдвая большы ўплыў на рынак газу, чым снежаньскія маразы.
Але рэч не толькі ў надвор'і. Еўропа даказала магчымасць скараціць попыт на газ, не выклікаючы масавых сацыяльных пратэстаў і глыбокай рэцэсіі, нават калі некаторыя заводы па выплаўленні металу ніколі не адкрыюцца, а некаторыя віды хімічнай вытворчасці могуць назаўсёды пераехаць у ЗША ці на Блізкі Усход. Так, у снежні прамысловае выкарыстанне газу ў ЕС скарацілася на 27%. Агульны попыт на газ у рэгіёне на 19% ніжэйшы за сярэдні пяцігадовы паказчык.
У гульню вярнулася і энергія ветру: у Вялікабрытаніі дасягнуты новы рэкорд у 20,9 гігават 30 снежня. Адзін толькі вецер выпрацаваў 49% ад агульнай колькасці электраэнергіі ў краіне за першы тыдзень гэтага года. У самым пачатку студзеня электраэнергія з нулявым выкідам вугляроду ненадоўга дасягнула 88 адсоткаў электрасеткі Вялікабрытаніі.
У выніку Еўропа нават у сярэдзіне зімы часам змагла папаўняць свае газавыя сховішчы. Узровень запоўненасці складае 91% у Германіі, 89% у Бельгіі, 82% у Францыі і 81% у Італіі. Некаторыя эксперты мяркуюць, што ў канцы ацяпляльнага сезона ўзровень захоўвання газу ўсё яшчэ можа перавышаць 50% у параўнанні з 24% у мінулым годзе і 32% у звычайны год.
Калі гэта спраўдзіцца, то Еўропе не будуць патрэбныя расійскія пастаўкі для папаўнення запасаў да зімы 2023/2024 гадоў. Еўрапейцы могуць атрымаць неабходныя дадатковыя 37 мільярдаў кубаметраў адкуль заўгодна: з ЗША, Катара, Паўночнай Афрыкі ці Азербайджана. Такім чынам, газавая зброя Пуціна аказваецца пакуль не такой сур’ёзнай.
Эванс-Прычард звяртае ўвагу і на іншы аспект. Змяншэнне попыту на газ распаўсюдзілася па ўсім свеце, выклікаючы змены ў паводзінах Кітая, Японіі, Паўднёвай Азіі і Лацінскай Амерыкі — і ўсё гэта дапамагае аднавіць баланс з меншым болем, чым многія баяліся.
Гэта адбываецца дзякуючы спалучэнню фактараў энергазамяшчэння і цэнавага механізму, што працуе праз узаемазаменны сусветны рынак звадкаванага газу. Японія запусціла АЭС, закансерваваныя пасля Фукусімы. А Кітай летась павялічыў здабычу ў вугальных шахтах. Сусветнае спажыванне газу складае 4100 млрд кубаметраў. Страты ад Расіі — прыкладна 130 млрд кубаметраў. Аказваецца, гэты разрыў можа быць ліквідаваны лягчэй, чым мяркуецца, — з ростам паставак звадкаванага газу.
Станаўленне ЗША як сусветнай газавай звышдзяржавы змяніла стратэгічны баланс сіл. Аналітык кажа, што гісторыя была б іншай, калі б Пуцін нанёс удар на некалькі гадоў раней, калі танны амерыканскі сланцавы газ у асноўным быў у пастцы ўнутры краіны з-за адсутнасці экспартных тэрміналаў.
Калі станоўчыя прагнозы спраўдзяцца, а ўрады правядуць пісьменную фіскальную палітыку, гэта падштурхне адчуванне таго, што інфляцыя падае і супакоіць магчымыя хваляванні насельніцтва.
Тым часам цэны на газ у Еўропе па-ранейшаму нашмат больш высокія, чым былі ў папярэднім дзесяцігоддзі. Таму відавочнай для аналітыка з'яўляецца патрэба як мага хутчэйшага разгортвання значна больш танных ветравых і сонечных батарэй, а таксама інфраструктуры зялёнага вадароду. Гэтак жа мае дапамагчы маштабнае вырашэнне пытанняў энергаэфектыўнасці і ізаляцыі будынкаў.
Спадар Эванс-Прычард адзначае пры гэтым, што глабальны рынак газу яшчэ можа зноў пачаць «кусацца», калі Кітай адкрыецца пасля лакдаўнаў, а цэнтральныя банкі перастануць узмацняць жорсткасць і свет акрыяе ад цяперашняй лёгкай рэцэсіі. Пуцін можа разыграць нафтавую карту супраць Захаду, што зноў падштурхне цэны на газ з-за неабходнасці замены паліва на электрастанцыях.
Але гэта здагадкі. Ф'ючарсны рынак газу пакуль гэтага не паказвае. Здольнасць Пуціна да энергетычнага шантажу значна знізілася паралельна са змяншэннем колькасці ракет для забойства ўкраінцаў.





