«Сказаць, што цэнзура мной «цікавілася», не магу, а вось людзі з пэўных структур — так»

Аляксандру Бельскаму 42 гады. Ён нарадзіўся ў Жодзіне, скончыў вучылішча імя Глебава, пазней — Акадэмію мастацтваў. 

З 2007 па 2017 год працаваў мастаком-афарміцелем у сталічным кінатэатры «Піянер». Пасля пачаў пісаць карціны на сацыяльна-палітычную тэму, нядоўгі час працаваў у «Белрэстаўрацыі».

У маі мінулага года карціны мастака (і не толькі яго) знялі з фестывалю «Арт-Мінск». Для Аляксандра гэта не стала нечаканасцю.

«Там быў у пачатку анлайн-адбор прац, які я прайшоў. У працэсе мантажу, калі карціны былі падрыхтаваныя да выставы, мне патэлефанаваў дырэктар Палаца мастацтва і сказаў, што мае працы не дазволілі выставіць, папрасіў прабачэння. І расказаў, што я такі не адзін. 

Пытанняў дадатковых я не задаваў. Ужо разумеў, што ёсць пэўныя «актывісты», якія ходзяць і збіраюць кампраматы, пастаралася Вольга Бондарава, думаю.

Не скажу, што я сваімі карцінамі на нешта нарываўся, але разумеў, што ў той сітуацыі, якая цяпер існуе ў краіне, мае працы здымуць. Яшчэ да выставы я меў планы ехаць у Берлін, таму асабліва нічога з-за гэтай сітуацыі ў мяне не змянілася», — кажа ён. 

Сваё мастацтва Аляксандр Бельскі пратэсным не лічыць. У яго карцінах няма адкрытых выказванняў. 

«У мяне ўсё даволі дэпрэсіўна, сатырычна. Гэтыя працы — тэрапеўтычная практыка, а якія могуць быць наступствы — я пра гэта не думаў. І думаю, што чыноўнікі да нейкага часу проста не разумелі, што ў мяне намалявана». 

Першыя даволі смелыя працы Аляксандр пачаў ствараць яшчэ ў 2017 годзе. Напрыклад, карціна «Ляжачага не б'юць».

Карціна Аляксандра Бельскага «Ляжачага не б'юць», 2017

Карціна Аляксандра Бельскага «Ляжачага не б'юць», 2017

Мастак кажа, што да 2020-га з цэнзурай ніколі не сутыкаўся.

«Быў выпадак напрыканцы 2020-га, калі людзі з Саюза мастакоў мне расказалі, што ім аднекуль тэлефанавалі і запытваліся пра мяне. Цікавіла, дзе мая майстэрня, чым я займаюся. Сказаць, што цэнзура мной «цікавілася», не магу, а вось людзі з пэўных структур — так. У мяне яшчэ тады з’явілася лёгкая паранойя, знік на некалькі тыдняў. 

Мабыць, адзіным прыкладам цэнзуры можна назваць той, калі адну з маіх прац — «Партрэт чыноўніка» — не сталі пасля выставы ўключаць у каталог, папрасілі на гэта не скардзіцца. Я і не стаў.

Карціна «Партрэт чыноўніка»  

Карціна «Партрэт чыноўніка»

Ведаю, што на фестывалі «Арт-Мінск» мастакі, якія трапілі ў чорны спіс, змаглі паўдзельнічаць у выставе пад іншымі прозвішчамі. Прыходзіцца такім чынам дзейнічаць, каб прабівацца да гледача. Меркаванне аднаго з маіх сяброў, якое я падзяляю, было такое, што трэба ўсё давесці да абсалютнага маразму. Калі можна будзе маляваць толькі кветкі і пейзажы, так і будзем рабіць. Давядзём усё да абсурду, зафіксуем гэты час. 

Я лічу, што сёння могуць нараджацца новыя формы ў беларускім мастацтве, праз якія можна выказвацца. Але тут хутчэй пытанне ў эфектыўнасці гэтых выказванняў, да каго яны накіраваны. Часцей цяпер, як у маім выпадку, гэта працуе як саматэрапія», — расказвае Аляксандр.

Выказваецца ў сваіх працах мастак праз метафару і алегорыю. «Не луплю ў лоб», — тлумачыць. 

Да 2017-га Аляксандр шмат працаваў у карыкатуры, маляваў шаржы. 

«Магчыма, адтуль растуць карані майго цяперашняга светапогляду, — мяркуе ён. — Я для сябе не вырашаў, што вось, буду пісаць менавіта на такую тэму карціны, таму што яны будуць цікавыя. Тут хутчэй я не мог іх не пісаць». 

У апошніх працах, дарэчы, усё больш звяртаюся да прыроды, да справядлівасці з неба, бо не разумею, не ведаю, калі будзе канец рэпрэсіям і гэтай уладзе. Калі ў нас не атрымалася нешта змяніць такім чалавечым рэсурсам, то пачынаеш звяртацца да незямнога».

«Маё мастацтва, на жаль, абсалютна некамерцыйнае» 

Калі ў 2017-м быў «марш дармаедаў», Аляксандр сачыў за ім на адлегласці: чытаў навіны, глядзеў відэа. Пазней у адным з інтэрв'ю ён назваў гэта «свядомай баязлівасцю», тады яму было страшна выйсці на марш і не вярнуцца дадому. 

Што для яго змянілася ў 2020-м?

«У год выбараў я не прапусціў амаль ніводнага маршу, усе падзеі бачыў знутры. Грамадства прачнулася, праблемы ў краіне агульныя, і немагчыма дзесьці назіраць збоку. Згадалася выказванне «баязлівасць бацькоў — рабства дзяцей», — тлумачыць ён.

У Берліне Бельскі жыве ўжо паўгода. Пасля таго, як яго працы знялі з выставы, ён напісаў заяву на звальненне з «Белрэстаўрацыі», скруціў карціны і паехаў у Берлін. 

«Жыву ў сяброў, няма стабільнай працы. Валацужны сабака.

Я сам родам з Жодзіна, калі стаў жыць у Мінску, мне сталіца ніколі не снілася. Толькі Жодзіна. А цяпер тыдзень таму мне прысніўся Берлін. Падаецца, што прывыкаю, але усё яшчэ адчуваю сябе такім касманаўтам, які не ведае, куды рухаецца. Сам горад мне падабаецца: тут нуль пафасу, шчырыя людзі і гарызантальныя сувязі. Канечне, цяжка не бачыць сына і дачку, але як ёсць», — разважае мастак. 

 

Нягледзячы на тое, што Аляксандр жыве ў Берліне ўжо паўгода, ён усё яшчэ ловіць сябе на самацэнзуры. Перад тым, як пісаць карціну, думае, якую алегорыю лепш выкарыстаць.

«Цяпер пакуль як мастак не працую, стаміўся, увогуле фарбы не бяру ў рукі. Планую толькі працаваць над дзіджытал-прадуктам, рабіць графіку. Хачу зрабіць праект, у якім будуць такія маніторы з альтэрнатыўнай будучыні, у якой грамадства ўвогуле дэградавала», — кажа ён. 

Раней Аляксандр выказваў здагадку, што і ў Беларусі магчыма зарабляць мастацтвам. Па яго словах, гэта яго здагадка супала з рэальнасцю: некаторыя яго працы куплялі. Набывалі ў большасці айцішнікі.

«Але цяпер і айцішнікаў у Беларусі мала засталося, — расказвае ён. — Продаж маіх карцін, мабыць, быў проста прыемным дадаткам. Матываваў рабіць нешта далей». 

Цяпер у Берліне Аляксандр падпрацоўвае будаўніком, робіць рамонты.

«Маё мастацтва, на жаль, на сёння абсалютна некамерцыйнае, — тлумачыць ён. — Жыву ў сяброў, сам жытло не здымаю». 

«Цюк саломы — алегорыя працэсу рэпрэсій, скручванне народа ў зручную для дзяржавы форму» 

У Берліне на сустрэчы дыяспары са Святланай Ціханоўскай Аляксандр падарыў лідарцы дэмсілаў сваю працу «Бэтмен і дзеці», на якой мастак замяніў Леніна на Бэтмена. Чаму такі вобраз?

«Калі дзяржава дазваляе сабе перапісваць гісторыю, то чаму не перарабіць па-мастацку гэту міфалогію? Калі гартаў савецкія паштоўкі, адразу чамусьці прыйшоў вобраз Бэтмена замест Леніна.

Хто такі Ленін, што пра яго ведаюць сучасныя дзеці? Там хутчэй спрацаваў графічны матэрыял: на пярэднім плане стаіць дзяўчынка з маскай зайца», — расказвае ён.

Ёсць у Аляксандра Бельскага сярод прац і «партрэт» Лукашэнкі.

Карціна «Вецер перамен»

Карціна «Вецер перамен»

«Гэта яго партрэт у момант ядзернага выбуху. Ніводны шпіц не пацярпеў у гэтым выпадку. Сама праца называецца «Вецер перамен». Белы свет уліваецца ў акно. 

На выставе ў Берліне да мяне даходзілі пазітыўныя водгукі, хтосьці казаў, што палітычнае мастацтва важнае. Аднаму мужчыну праца са шпіцам падалася (згодна з яго светапоглядам) аб празмернай увазе да жывёл і клопаце аб іх. Ён прыводзіў прыклады, як некаторыя немцы кормяць сабак добрым мясам, а людзі галадаюць у той жа час. Яшчэ прыемна было, што і з боку ўкраінскіх сябровак-бежанак чуў добрыя словы.

Выстава Аляксандра Бельскага ў Берліне. Яна была арганізавана пры падтрымцы праекта Perspaktiv, Ambasada kultury, аб'яднання Razam і рэзіденцыі ў Shlöss Wipersdorf.

Выстава Аляксандра Бельскага ў Берліне. Яна была арганізавана пры падтрымцы праекта Perspaktiv, Ambasada kultury, аб'яднання Razam і рэзіденцыі ў Shlöss Wipersdorf.

Такія вобразы, як «патрэт» Лукашэнкі, з’яўляюцца ў мяне ў галаве ў адно імгненне. Напрыклад, чытаю навіны, а потым раз — і я бачу, як гэта візуальна можа выглядаць. 

Так было і ў выпадку з «эскізам» помніка народнага адзінства. Убачыў, што камісія з Мінкультуры разглядае такія эскізы мастакоў. Вырашыў прапанаваць свой варыянт — цюк саломы, з якога тырчаць рукі і ногі. Магчыма, мы такі помнік і зробім калісьці на Кастрычніцкай плошчы. 

Сам цюк у гэтай працы — алегорыя працэсу рэпрэсій, скручванне народа ў зручную для дзяржавы форму. 

Але мая адна з любімых прац, гэта дзе робат сам сабе з галавы вырваў правады і не разумее, што адбываецца навокал».

Чытайце таксама: 

«Зыбіцкая — прыклад дзікунства». Гутарка з пераможцам Гедройця Сяргеем Абламейкам

Прадзюсар Аляксандр Чахоўскі — пра раскрутку Маргарыты Ляўчук, зайздрасць і псеўдапурытанства

Гісторыя віруснага здымка. Пагутарылі з мастаком, які прыкаваў сябе да банера на 3 Ліпеня

Клас
53
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
5
Абуральна
5