Фота: instagram.com/tntrockclub

Фота: instagram.com/tntrockclub

Паведамленне пра тое, што рок-клуб TNT сыходзіць на вакацыі, з'явілася ў інстаграме ў ліпені 2022 года.

— Каб вярнуцца з новымі сіламі і працягнуць рабіць тое, што робім ужо дзесяць гадоў, — удакладнялі тады ўладальнікі.

Адкрыцца зноў планавалі да новага года. Калі гэтага не адбылося, падпісчыкі захваляваліся. Сталі абмяркоўваць, што бар зачынены ўжо досыць доўга, з'явілася нават інфармацыя, што на месцы TNT адкрыецца іншая ўстанова, але яна не пацвердзілася. У канцы снежня ў інстаграме з'явіўся пост з навіной, што клуб вяртаецца, а цяпер у сторыс патлумачылі прычыну, чаму канікулы зацягнуліся.

— Мы на фінішнай прамой. TNT трапіў да нас у кастрычніку, і мы думалі, што адкрыемся да новага года, але мы і падумаць не маглі, колькі там трэба будзе зрабіць працы, каб ён змог зноў выдатна функцыянаваць пасля 10 гадоў бесперабойнага рок-н-рола. Уявіце машыну, якую 10 гадоў не вазілі на ТА, — правялі паралель новыя ўладальнікі.

Зараз у рок-клубе заканчваецца рамонт, а на вокнах налепкі з надпісам coming soon. У сторыс паказалі, што абнаўляюць памяшканне кухні і барную станцыю. Акрамя гэтага, у клубе зараз адкрыты некалькі вакансій: у каманду шукаюць адміністратара, афіцыянта і мыйшчыка посуду.

TNT працаваў у Мінску з 2012 года. Рок-бар адкрыў вядомы бізнэсмен Валерый Шумскі. Ён стаў вядомы ў канцы 90-х, калі кампанія «Юкола», якую ён кантраляваў, стала адным з найбуйнейшых прадаўцоў аўтамабіляў у Беларусі. У партфелі «Юкола» аўтамабілі Ford, Nissan, матацыклы Harley-Davidson, Kawasaki і іншыя. У сярэдзіне 2000-х Шумскі прадаў «Юкола-аўта» кампаніі «Атлант-М», якая існуе дагэтуль, а сам сышоў у нафтавую сферу. У Расіі ў бізнэсмена было некалькі кампаній, сярод якіх «Юкола-нафта».

Шумскі быў заўзятым калекцыянерам: яго збор налічвае некалькі дзясяткаў рэтрааўтамабіляў, а калекцыю вінілавых пласцінак называюць самай дарагой у Беларусі. Яшчэ Шумскі збіраў гітары і аўтографы музыкаў. Частка музычных атрыбутаў з яго калекцый захоўвалася ў TNT — убачыць іх маглі ўсе ахвотныя.

У 2020 годзе Валерый Шумскі памёр на ШВЛ з-за каранавіруса. Яму было 60 гадоў.

Клас
7
Панылы сорам
8
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
1