Паводле абвінавачвання, Юрый дапамагаў іншым палітвязням: папрасіў знаёмых адкрыць польскую банкаўскую картку, на якую атрымліваў грошы, якія пасля накіроўваў сваякам палітвязняў. Грошы на дапамогу атрымліваў ад «арганізацый, якія пазіцыянавалі сабе як праваабарончыя». Пяць месяцаў Юрый утрымліваўся ў расійскім следчым ізалятары, яшчэ тры месяцы — у беларускіх.

Па даных абвінавачання, усяго з 27 лютага 2021 года па 3 лютага 2022 года Касцюк атрымаў выплаты для шасці грамадзян.

Нагадаем, Касцюк адбыў тэрмін за «знявагу дзяржаўных сімвалаў» і 6 студзеня выйшаў на волю. 15 лютага яго затрымалі супрацоўнікі КДБ з нагоды ўдзелу ў тэлеграм-чаце палітзняволеных «хімікаў» «Волейбол по выходным». Вядома, што Касцюк быў моцна збіты, было падазрэнне на зламаныя рэбры. Крымінальная справа па арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) не была спынена. Хлопец з'ехаў у Расію — яго абвясцілі ў міждзяржаўны вышук.

15 мая 2022 года ён быў затрыманы ў Сочы. Юрый чакаў экстрадыцыі ў Беларусь у расійскім следчым ізалятары. З дапамогай адваката ён падаўся на статус уцекача, пасля адмовы надаць яму прытулак Юрый вырашыў абскардзіць рашэнне. Нягледзячы на працэс, 13 кастрычніка прыставы адвезлі Юрыя ў аэрапорт для экстрадыцыі. Пры гэтым яго збівалі па дарозе туды і на зваротным шляху. У аэрапорце Юрый спрабаваў нашкодзіць сабе: парэзаў жывот, каб спыніць катаванні і выдварэнне. Яго вярнулі ў цэнтр часовага ўтрымання замежных грамадзян, дзе ён зняў пабоі.

16 кастрычніка 2022 года Юрыя Касцюка таемна вывезлі ў Беларусь і змясцілі ў ІЧУ Пружанаў, а пазней перавялі ў баранавіцкі СІЗА-6. Вядома, што там хлопец зазнае жорсткае абыходжанне. 7 снежня ягоную справу накіравалі ў суд. Неўзабаве Юрыя перавялі ў брэсцкі СІЗА-7.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
8