Беларусь цяпер перажывае самыя масавыя палітычныя рэпрэсіі з моманту здабыцця незалежнасці. У месцах пазбаўлення волі знаходзіцца каля 1500 чалавек, прызнаных праваабаронцамі палітычнымі зняволенымі.

«Але нават гэтая жудасная лічба не адлюстроўвае сапраўдных маштабаў тэрору. Праваабаронцы не ў стане сабраць усю інфармацыю пра рэпрэсіі, а самі вязні і іх блізкія часцяком баяцца распавядаць пра тое, што з імі адбываецца, баючыся помсты сілавікоў. Між тым, толькі паводле афіцыйных звестак, за 2,5 года было распачата больш за 11,5 тысячы крымінальных спраў, звязаных з палітыкай», — гаворыцца ў публічным звароце.

Родныя палітвязняў звяртаюць увагу, што ў турмах палітвязні сутыкаюцца са здзекам, прыніжэннямі і шантажом. Ім абмяжоўваюць перапіску, пазбаўляюць спатканняў і перадач, кідаюць у карцар. Нашытыя на вопратку жоўтыя біркі і цяжкая прымусовая праца ў калоніях — гэта тое, чым у Беларусі караюць за іншадумства і жаданне жыць у свабодным грамадстве. Кожны дзень і кожная гадзіна, праведзеныя за кратамі, — гэта катаванне палітвязняў і іх сваякоў.

«Мы са шкадаваннем вымушаныя канстатаваць, што для вызвалення нашых блізкіх сёння робіцца недастаткова.

Падзеі апошніх гадоў у Беларусі часцяком параўноўваюць з вайной і акупацыяй. Але нават падчас вайны ў палонных ёсць магчымасць вярнуцца дадому. Перад нашымі вачыма прыклад Украіны: за час канфлікту сотні ўкраінцаў былі вызваленыя з варожага палону ў выніку перамоў і абмену.

Перамовы аб вызваленні палонных ніяк не адбіліся на рашучасці Украіны змагацца з агрэсарам да поўнага вызвалення ўсіх акупаваных тэрыторый — наадварот, вяртанне герояў толькі ўмацоўвае маральны дух грамадства.

Мы ж у Беларусі за мінулыя 2,5 года былі сведкамі толькі адзінкавых выпадкаў вызвалення палітвязняў. З аднаго боку, гэта гаворыць пра тое, што цяперашнія падыходы неэфектыўныя. Але, з іншага боку, даказвае, што выратаванне вязняў рэжыму не зʼяўляецца невыканальнай задачай», — пішуць аўтары звароту.

Яны дадаюць, што калі сёння ёсць магчымасць выратаваць хоць бы аднаго чалавека, трэба гэта зрабіць. «А заўтра будзем выцягваць з засценкаў тых, каго сёння вызваліць было немагчыма».

«Лёс Еўропы сёння вырашаецца на палях бітваў ва Украіне. Але супрацьстаянне расійскай агрэсіі не робіць праблему палітвязняў у Беларусі менш важнай — у абодвух выпадках гаворка ідзе пра абарону агульначалавечых каштоўнасцяў.

Мы заклікаем лідараў вольнага свету да больш рашучых дзеянняў па вызваленні палітвязняў, якія ўключаюць у сябе перагаворныя працэсы, намаганні як публічнага, так і непублічнага характару. Мы ў сваю чаргу гатовыя браць актыўны ўдзел у распрацоўцы новых падыходаў, тактыкі і стратэгіі», — гаворыцца ў звароце.

У ініцыятыўную групу ўвайшлі Таццяна Хоміч — сястра Марыі Калеснікавай, Аляксандр Лойка — муж Ірыны Слаўнікавай, Святлана Мацкевіч — жонка Уладзіміра Мацкевіча.

На сёння зварот сабраў 29 подпісаў. Сярод публічных падпісантаў:

Ігар Ільяш, муж палітзняволенай журналісткі Кацярыны Бахвалавай;

Вольга Івашына, жонка палітвязня журналіста Дзяніса Івашына;

Віктар Пархімчык, былы палітвязень;

Дарʼя Чульцова, журналістка, былая палітзняволеная;

Сяргей Стальмакоў, былы палітвязень;

Вадзім Хіжнякоў, былы палітвязень;

Галіна Антончык, дачка палітвязня Рыгора Кастусёва;

Яна Кавалёва, сястра палітвязня Ільі Верамеева;

Анатоль Панькоўскі, муж Валерыі Касцюговай;

Надзея Лучанок, дачка палітвязня Уладзіміра Мацкевіча;

Ігар Юрчык, сын палітвязня Аляксандра Юрчыка і іншыя.

Клас
26
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
11
Абуральна
3