У артыкуле пазначана, што «агульная колькасць супрацоўнікаў КДБ Рэспублікі Беларусь не перавышае 10 000 чалавек». У матэрыяле згадваецца, што на пачатак 2022 года камітэт падтрымліваў кантакт з 46 замежнымі спецслужбамі.
Прыводзіцца і структура КДБ. Пералічаны асноўныя структурныя падраздзяленні:
Галоўнае ўпраўленне контрразведкі;
Галоўнае ўпраўленне знешняй разведкі;
Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з карупцыяй і аргзлачыннасцю;
Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам;
Упраўленне міжнароднага супрацоўніцтва;
тэрытарыяльныя падраздзяленні (шэсць упраўленняў па абласцях).
«У прафесійным асяроддзі Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь мае рэпутацыю эфектыўнага ведамства, супрацоўнікі якога паспяхова спраўляюцца з пастаўленымі задачамі і дамагаюцца высокіх вынікаў у процідзеянні дэструктыўным памкненням заходніх дзяржаў. У рамках міжнароднага супрацоўніцтва беларускія чэкісты вядуць абмен інфармацыяй па праблематыцы міжнароднага тэрарызму і арганізаванай злачыннасці з шырокім колам партнёраў — ад суседзяў па СНД да ЗША, Вялікабрытаніі і Кітая. Прычым замежныя сувязі КДБ Рэспублікі Беларусь пастаянна пашыраюцца: на пачатак 2022 года падтрымліваўся кантакт з 46 замежнымі спецслужбамі», — гаворыцца ў артыкуле.
У артыкуле таксама паведамляецца, што СЗР РФ і КДБ наладзілі «цесную каардынацыю» па такіх напрамках, як «выяўленне і спыненне падрыўной дзейнасці Захаду, бяспека ў інфармацыйнай сферы і барацьба з гібрыднымі пагрозамі». Яшчэ адзін напрамак супрацоўніцтва — падрыхтоўка кадраў для беларускіх спецслужбаў у Акадэміі знешняй разведкі СЗР.