Кіраўнік Следчага камітэта Расіі Аляксандр Бастрыкін даручыў распачаць крымінальную справу супраць акцёра Артура Смальянінава пасля яго заяў пра вайну.

«У інтэрв'ю аднаму з заходніх выданняў Смальянінаў зрабіў шэраг заяў, накіраваных супраць Расіі», — гаворыцца ў паведамленні СКР у тэлеграм-канале.

У ім не ўдакладняецца, калі і якому заходняму выданню Смальянінаў даў інтэрв'ю, якое Бастрыкін палічыў падставай для завядзення крымінальнай справы. На мінулым тыдні Смальянінаў даў інтэрв'ю галоўнаму рэдактару выданню «Новая газета Еўропа».

Смальянінаў — вядомы расійскі акцёр, папулярнасць яму прынесла роля Лютага ў фільме «9-я рота» (2005 год) Фёдара Бандарчука. Ён пакінуў Расію і выступіў супраць уварвання ва Украіну.

Смальянінаў у інтэрв'ю «Новой газете Еўропа» Кірылу Мартынаву заявіў, што калі б удзельнічаў у вайне, то на баку Украіны. На пытанне журналіста, ці не выключае магчымасці «пайсці ваяваць за Украіну», акцёр даслоўна адказаў так: «Безумоўна, вядома. Яшчэ раз, эмацыйна гэта менавіта так для мяне. Толькі так. Калі б я і пайшоў на гэтую вайну, то менавіта на баку Украіны». Акрамя таго, у відэаінтэрв'ю ён вымавіў такія словы: «Мне, шчыра кажучы, напляваць, у якой форме застанецца Расія. Разваліцца яна, не разваліцца…»

Інтэрв'ю выклікала рэзананс. Расійскія палітыкі патрабавалі пакараць Смальянінава.

У прыватнасці, распачаць крымінальную справу патрабаваў дэпутат Дзярждумы Султан Хамзаеў.

«Лічу, што гэты беглы артыст павінен паўтарыць шлях Няўзорава з крымінальнай справай. У такіх акцёраў павінна быць неадкладнае ануляванне кантрактаў па ўсіх дзяржаўных заказах, фільмах. Са свайго боку звярнуся ў Следчы камітэт з просьбай распачаць крымінальную справу на гэтага здрадніка», — сказаў Хамзаеў РІА Навіны (публіцыст Аляксандр Няўзораў быў абвешчаны «замежным агентам», а справу супраць яго па артыкуле аб «ваенных фэйках» завялі ў сакавіку мінулага года).

Клас
28
Панылы сорам
5
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
11