Фота: Rick Bowmer, AP

Фота: Rick Bowmer, AP

У свеце пачаў распаўсюджвацца новы штам каранавіруснай інфекцыі XBB.1.5., які ўжо атрымаў назву «Кракен». Першыя факты захворванняў, звязаныя з новым штамам, былі выяўленыя яшчэ ў снежні 2022 года ў Вялікабрытаніі, аднак сёння «Кракен» імкліва распаўсюджваецца па свеце і асабліва ў ЗША, дзе ён усяго за некалькі тыдняў стаў пераважаць (XBB.1.5. ужо складае больш за 40% сярод новых выяўленых выпадкаў каранавірусу).

Далей раскажам пра асноўныя моманты і рызыку, звязаныя з «Кракенам».

Covid XBB.1.5. — гэта яшчэ адна разнавіднасць амікрону, які ў сваю чаргу сам з'явіўся пасля такіх варыяцый кавіду, як альфа, бэта, гама і дэльта.

Сам амікрон, які з'явіўся ў канцы 2021 года, пераўзышоў усе папярэднія версіі каранавірусу: падвіды амікрону больш заразныя, чым ён сам.

Лічыцца, што сімптомы XBB.1.5. аналагічныя сімптомам папярэдніх штамаў амікрону, але ўпэўнена пра гэта гаварыць яшчэ занадта рана. Сёння да найбольш распаўсюджаных сімптомаў каранавірусных разнавіднасцяў адносяць наступныя:

  • Ангіна
  • Насмарк
  • Закладзенасць носа
  • Чханне
  • Кашаль з і без макроты
  • Галаўны боль
  • Ахрыпласць голасу
  • Болі ў цягліцах
  • Зменены нюх.

Незадоўга да з'яўлення XBB.1.5. існаваў звычайны XBB, які пачаў цыркуляваць у Вялікабрытаніі ў верасні 2022 года, але тады ён не быў класіфікаваны органамі аховы здароўя як «варыянт, які выклікае заклапочанасць».

Па словах прафесара Вэндзі Барклай з Імперскага каледжа Лондана, у звычайнай варыяцыі XBB была мутацыя, якая дапамагла яму перамагчы імунную сістэму арганізма, але гэтая ж якасць таксама зніжала яго здольнасць заражаць клеткі чалавека. Але ўжо ў новым XBB.1.5. гэтага дэфекту няма, бо яго мутацыя, вядомая як F486P, здольная руйнаваць імунітэт чалавека, не ахвяруючы сваёй заразнасцю. Гэта значна палягчае яго распаўсюджванне.

Таксама яна дадала, што гэтыя змены былі падобныя да «прыступак», бо вірус эвалюцыянуе, каб знайсці новыя спосабы абыходу механізмаў самаабароны арганізма.

4 студзеня навукоўцы з Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) пацвердзілі, што «Кракен» мае «перавагу ў росце» і сёння з'яўляецца самым заразным у параўнанні з усімі іншымі штамамі каранавірусу. Па звестках арганізацыі, «Кракен» ужо быў выяўлены ў 29 краінах свету, але ён можа цыркуляваць у значна большай колькасці краін. Таксама ў СААЗ адзначылі, што новы XBB.1.5. здольны выклікаць яшчэ адну каранавірусную пандэмію.

«Мы занепакоеныя яго распаўсюджваннем, у прыватнасці, у некаторых краінах Еўропы і паўночна-ўсходняй частцы ЗША, дзе XBB.1.5. хутка замяніў іншыя існуючыя варыянты», — паведаміла Марыя Ван Керхаве, прадстаўнік СААЗ.

Пры гэтым у СААЗ заявілі, што арганізацыя працуе над аналізам цяжкасці працякання новага штаму, вынікі абяцаюць апублікаваць у найбліжэйшыя дні. Таксама было адзначана, што цяпер няма ніякіх прыкмет таго, што «Кракен» больш небяспечны, чым папярэднія варыянты амікрону.

Чытайце таксама:

Гэтай зімой да грыпу можа далучыцца стрэптакок

Лукашэнка: «Ніхто так у свеце не справіўся з каранавірусам, як у Беларусі». Насамрэч смяротнасць у Беларусі найбольшая ў параўнанні з суседзямі

Брытанец хварэў на каранавірус больш за год і ўрэшце ачуняў

Клас
5
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
16
Сумна
6
Абуральна
15