Разбітыя расійскія танкі ў паселішчы Каменка Харкаўскай вобласці. 30 кастрычніка 2022 года. Фота: Efrem Lukatsky / AP Photo

Разбітыя расійскія танкі ў паселішчы Каменка Харкаўскай вобласці. 30 кастрычніка 2022 года. Фота: Efrem Lukatsky / AP Photo

Фронт расійска-ўкраінскай вайны амаль не зазнаў змен з 11 лістапада, калі расійскія войскі адступілі з Херсона. Раўнавагу бакоў абумоўлівала надвор’е.

Пасля дажджыстай восені ўкраінскія чарназёмы расплыліся. Дарог на поўдні Украіны шмат, але яны замінаваныя і прыстрэленыя. Каб наступаць, трэба прарываць фронт палямі, ярамі і далінамі, цяжкапраходнай мясцовасцю. Для ўкраінскага боку ў халепу гэта асабліва цяжка, бо ўкраінцы саступаюць па колькасці танкаў расіянам.

Падчас наступу пад Ізюмам, які стаў пераломным момантам вайны, тактыкай украінцаў былі маланкавыя прарывы фронту на колавай тэхніцы — ад бронемашын да джыпаў. Такога дабра Украіна атрымала ад саюзнікаў нямала, а вось танкі пакуль ёй пастаўляліся толькі савецкіх і югаслаўскіх мадэляў, часам мадэрнізаваных, прытым не так і шмат. 

Аднак колавая тэхніка не можа ездзіць па раскіслым чарназёме, яна ў ім грузне. 

Маразы зробяць стэпавы грунт ізноў цвёрдым. Мяркуючы па прагнозах сіноптыкаў, антыцыклон затрымаецца на ўсходнееўрапейскіх раўнінах даволі надоўга. Чакаецца як мінімум тыдзень устойлівых маразоў, прычым яны надыдуць тады, калі ўстойлівае снегавое покрыва яшчэ не сфарміруецца, што выкліча глыбокае прамярзанне глебы.

Такім чынам, да сярэдзіны студзеня, да праваслаўнага Вадохрышча, сфарміруюцца ўмовы, калі наступ аднаго з бакоў стане зноў магчымы. Але хто будзе наступаць?

І гэта чарговае невядомае. Хто паспеў назапасіць неабходныя для наступу рэсурсы, боепрыпасы і тэхніку, Украіна ці Расія?

Пасля шэрагу поспехаў у першы месяц вераломнай агрэсіі расійская армія цярпела паразу за паразай.

У канцы сакавіка расіяне адступілі з-пад Кіева, Чарнігава і Сумаў.

У маі і чэрвені яны не здолелі прарваць украінскую абарону на Данбасе.

У жніўні здарылася катастрофа пад Ізюмам, якую многія параўноўваюць з бітвай пад Мукдэнам часоў расійска-японскай вайны 1905 года.

У кастрычніку пасыпалася расійская абарона пад Херсонам, і Расія пакінула адзіны заняты ёю ў 2022 годзе абласны цэнтр.

Далей наступаць Украіне будзе нашмат цяжэй. Лінія фронту на поўдні скарацілася з 1300 да 800 кіламетраў, прычым большая частка яго цяпер праходзіць па непераадольных ці цяжкапераадольных для ўкраінскай арміі Дняпры і гарадской забудове Данбаса. Выключэнне складаюць каля 200 кіламетраў ад Дняпра да Данецка на поўдзень ад Запарожжа і каля 100 кіламетраў ад Крамянной да Сватава і расійскай мяжы.

Стан фронту на пачатак студзеня 2023 года. Мапа: Wikipedia Commons

Стан фронту на пачатак студзеня 2023 года. Мапа: Wikipedia Commons

З палітычных меркаванняў украінская армія не заходзіць на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі — не хоча, каб Масква выкарыстала гэты факт для ўзбуджэння патрыятычных настрояў.

Галоўная невядомая — наколькі ўзмацнілі расійскую армію мабілізаваныя. Большая частка іх акурат скончыла падрыхтоўку і прыбывае на фронт. Колькасць каласальная: па афіцыйных звестках, мабілізавалі 300 тысяч, але, мяркуючы па інфармацыі з месцаў, узялі нашмат больш. Але ці маюць яны дастаткова тэхнікі?

Прыходзілі сігналы, што нават ударныя групоўкі вагнераўцаў ужо не маюць дастаткова боепрыпасаў.

Не было і сведчанняў, што расійская армія павысіла свой баявы дух. Нягледзячы на аграмадныя бюджэты прапаганды, расійскім байцам бракуе матывацыі. Наадварот, на фронце яны асабіста назіраюць бяздарнасць камандавання, бязладдзе з лагістыкай і разрыў паміж «карцінкай» і рэальнасцю. Не трэба быць экспертам, каб бачыць кантраст у забеспячэнні ўкраінскай арміі і расійскіх мабілізаваных.

Расійскія мабілізаваныя. Фота: AP

Тым не менш, толькі наступныя баі пакажуць сілу бакоў на гэты момант.

Самым натуральным кірункам прасоўвання ўкраінскай арміі пакуль выглядае поўнач Луганскай вобласці (Крамянная, Сватава, Старабельск, Рубежнае) з яе перасечаным ландшафтам.

Аднак лёс вайны мае вырашыцца не там, а пад Запарожжам. Калі генерал Залужны прарве расійскую эшаланаваную абарону там, украінская армія падступіць да Мелітопаля і Бярдзянска. Гэта разрэзала б расійскую групоўку на дзве часткі. Як толькі ўкраінскія войскі выйдуць на ўзбярэжжа Азоўскага мора, Крымскі мост стане ў дасяжнасці ўкраінскіх крылатых ракет, паветраных і падводных беспілотнікаў. Расійская групоўка ў Крыме адразу апынецца ў сітуацыі, аналагічнай той, якая была на правабярэжжы Херсонскай вобласці: пратрымацца некалькі месяцаў можна, наладзіць марскі транспартны мост можна, але ўтрымацца складана.

Пераправа цераз вадасховішча на рацэ Северскі Данец у Харкаўскай вобласці, дзе мост быў падарваны. Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photo

Пераправа цераз вадасховішча на рацэ Северскі Данец у Харкаўскай вобласці, дзе мост быў падарваны. Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photo

Планы Расіі ва Украіне праваліліся, яна не здолела дасягнуць пастаўленых у лютым 2022 года задач. Але канчатковы вынік вайны, лінія размежавання і пасляваенны статус Расіі, унутрыпалітычная сітуацыя ў ёй дагэтуль не вызначаныя, праясняцца па выніках баёў 2023 года.

Прыцэльны ўдар украінскай артылерыі пакінуў на месцы будынка ПТВ у Макееўцы, дзе начавалі некалькі соцень расійскіх вайскоўцаў, адны руіны. Гэты эпізод навагодняй ночы пацвердзіў эфектыўнасць украінскай ваеннай тактыкі. Фота: AP Photo

Прыцэльны ўдар украінскай артылерыі пакінуў на месцы будынка ПТВ у Макееўцы, дзе начавалі некалькі соцень расійскіх вайскоўцаў, адны руіны. Гэты эпізод навагодняй ночы пацвердзіў эфектыўнасць украінскай ваеннай тактыкі. Фота: AP Photo

Марозны студзень 2023-га абяцае стаць пякельна гарачым месяцам. Сочым за прагнозамі сіноптыкаў.

Клас
181
Панылы сорам
8
Ха-ха
13
Ого
32
Сумна
28
Абуральна
28