Фота: Sergei Bobylev, Pool Sputnik Kremlin
«Не сумняюся, што мы знойдзем магчымасць сустрэцца асабіста. Чакаем вас, паважаны спадар Старшыня, дарагі сябар, чакаем вас вясной наступнага года з дзяржаўным візітам у Маскву. Гэта прадэманструе ўсяму свету трываласць расійска-кітайскай сувязі па ключавых пытаннях», — сказаў Пуцін падчас відэаканферэнцыі паміж двума лідарамі, што транслявалася па расійскім дзяржаўным тэлебачанні.
Таксама Пуцін заявіў, што мае намер умацоўваць ваеннае супрацоўніцтва з Кітаем.
«Вядома, асаблівае месца ва ўсім комплексе расійска-кітайскіх адносінаў займае ваеннае і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва, якое спрыяе гарантаванню бяспекі нашых краін і падтрыманню стабільнасці ў ключавых рэгіёнах. Мы нацэлены ўмацоўваць узаемадзеянне паміж УС Расіі і Кітая», — дадаў ён.
Аднак, як заўважыла агенцтва Reuters, словы і настрой Пуціна ў ягоным выступе, які доўжыўся 8 хвілін, кантраставалі са значна больш стрыманым і кароткім выступам Сі Цзіньпіня.
Хоць Сі і выказаўся на карысць пашырэння стратэгічнага супрацоўніцтва з Расіяй на фоне «няпростай» сітуацыі ў свеце, ён пры гэтым ніяк не адрэагаваў на запрашэнне свайго калегі ў Маскву.
«Улічваючы няпростую, далёка не адназначную міжнародную абстаноўку, мы гатовы нарошчваць стратэгічнае ўзаемадзеянне з Расіяй і даваць адно аднаму магчымасці заставацца глабальнымі партнёрамі на карысць народаў нашых краін і ў інтарэсах стабільнасці ва ўсім свеце», — заявіў кітайскі лідар.
Нагадаем, што, нягледзячы на тое, што Расія нядаўна стала галоўным пастаўшчыком сырой нафты ў Кітай і публічна падтрымала кітайскія прэтэнзіі на Тайвань, сам Пекін да гэтага часу стараўся не аказваць прамой матэрыяльнай падтрымкі Маскве ў яе ваенным уварванні ва Украіну, бо гэта магло б справакаваць Захад на ўвядзенне новых санкцый супраць Кітая.
Пекін у той жа час ўстрымліваецца і ад прамога асуджэння вайны, замест гэтага падкрэслівае неабходнасць міру. Пры гэтым Пуцін у верасні публічна прызнаў, што яго кітайскі калега «занепакоены» дзеяннямі Расіі.
Па словах прэс-сакратара Крамля Дзмітрыя Пяскова, дата магчымага дзяржаўнага візіту Сі Цзіньпіня ў Маскву яшчэ нават не прызначана.





