Усе фота: асабісты архіў герояў

Усе фота: асабісты архіў герояў

«Мару аднойчы вешаць павука, як нашы продкі»

Алена (імя змененае), Літва

Гэтай беларусцы доўга шукаць ялінку не давялося: «Мы думалі замаўляць елку з дастаўкай. Але знайшлі больш танныя ялінкі на адным з двух базараў каля дома. Наша каштавала 30 еўра, прыцягнулі да дома проста на калясцы з крамы. Елачкі большыя і ў вазонах былі каля 40 еўра. Але былі і таннейшыя: тыя, што без вазонаў ці дзе крыху што зламанае. Апошнія аддавалі за 15-25 еўра.

Яшчэ былі ў Lidl, таксама ля дома, ялінкі па 19,99 еўра, але іх хутка разабралі, мы ж ставілі ялінку перад самым 25-м, бо чакалі гасцей з 24-га на 25-е. Але тут жа ў асноўным Раство акурат у гэтыя даты святкуюць, так што разабралі багата елак».

Сваю ялінку Алена лічыць класнай: моцнае дрэўца з пруткімі галінкамі. Пасля святаў яна спадзяецца высадзіць яго ў зямлю і расказвае, што аднойчы ў Беларусі ўжо так рабіла.

Пасля пераезду ўсе любімыя цацкі Алены, у тым ліку ўнікальныя ад беларускай мастачкі Надзеі Леановіч, засталіся ў Беларусі, як і ліхтары. На здымнай кватэры беларуска стараецца «не захламляцца» — пашанцавала, што ў гаспадара кватэры ўжо былі ліхтарыкі і некалькі цацак, таму дзяўчына іх выкарыстоўвае, амаль нічога не набывала. Толькі пару цацак узяла ў краме Flying Tiger, бо яны надта мілыя, — Дзеда Мароза-ёга і вясёлку. Яшчэ адну цацку — Гнома, сімвал Уроцлава — падарыла сяброўка, якая там жыве.

Самаробная ялінка ад Алены.

Самаробная ялінка ад Алены.

«Агулам мы стараемся год ставіць ялінку, год — вешаць самаробную драўляную, зробленую сваімі рукамі, бо гэта неяк больш экалагічна. Але сёлета год быў цяжкі, памёр тата, блізкі сябра, вайна, рэпрэсіі, таму я вырашыла ставіць жывую, яна хоць неяк ратуе эмацыйны стан. Ну і мару аднойчы вешаць павука, як нашы продкі, калі таксама сама зраблю ці замоўлю ў майстроў саломкі, ужо ў сваім доме», — падсумоўвае Алена.

«Яліну шукала ў сеціве»

Анісія Казлюк, Україна

Нягледзячы на вайну і ракетныя абстрэлы, набыць яліну ўсё ж можна і ва Украіне.

Анісіі Казлюк ялінка ў вазоне каштавала недзе ў 900 грыўняў (каля 22 даляраў), столькі ж дзяўчына патраціла на ўпрыгажэнні. 

Ялінку шукала праз мясцовы Куфар (olx.ua). Крама апынулася ажно за горадам, у каменяломні. Там былі ялінкі на розны густ: вялікія, маленькія, пухнатыя і не вельмі. Мы абралі сваю, запакавалі і на таксоўцы поехалі дадому».

У Кіеве, нягледзячы на вайну, сёлета па звестках тэлебачання «Суспільне», працавалі 122 елачныя базары. Цэна на ялінкі і сосны пачыналіся ад 150—200 грывень (4—5 даляраў, 11—14 беларускіх рублёў).

«За мяшок ёлачных цацак з сэканд-хэнду аддала тры еўра»

Таццяна Гендаль, Бельгія

Беларуска ўпрыгожвала натуральную елку, у Бельгіі ў асноўным людзі купляюць менавіта такія дрэвы. Некаторыя выбіраюць штучныя елкі, але гэта лічыцца дрэнным тонам.

Таццяна расказвае, што натуральныя ялінкі ў Бельгіі можна набыць на спецыяльных кірмашах, гэта расліны з гадавальнікаў. Іх можна купляць пачынаючы прыкладна з канца лістапада. Самая маленькая ялінка будзе каштаваць каля 40 еўра, а ялінка ростам з чалавека — 60 еўра і больш, канчатковая цана залежыць ад таго, наколькі яна пухнатая.

Яшчэ елкі можна набыць і ў звычайных сеткавых крамах — у «Ікеі» ці ў «Лідле». Дзяўчына набыла сваю ялінку даволі позна па мясцовых мерках, дзён за дзесяць да Раства, таму яна і была на акцыі: купілі ўсяго за 15 еўра, хаця вышыня елкі — недзе 170 сантыметраў.

«Яшчэ летась я набыла ў сэканд-хэндзе вялікі мяшок розных ёлачных цацак, самых простых, звычайныя рознакаляровыя шарыкі: чырвоныя, срэбраныя і залатыя. За ўвесь мяшок я аддала тры еўра. У мясцовых сэкандах вельмі шмат розных ёлачных цацак, вяночкаў, шарыкаў і зорачак, так што можна не надта траціцца і набыць усё там, гэтага яшчэ і хопіць на некалькі гадоў. Можна купіць і дарагія цацкі — наколькі дазваляе кішэня. Яшчэ ёсць гірлянды, якія можна набыць на кірмашах і ў сеткавых крамах па кошце ад пяці еўра, але ў нас яны ўжо былі», — дзеліцца Таццяна.

«Часта ўжо 26 снежня на вуліцах можна пабачыць выкінутыя ялінкі»

Карына (імя змененае), Германія

Карына жыве ў заходняй частцы Берліна. Ялінку сабе яна выбірала на спецыяльным ёлачным кірмашы і расказвае, што там ёсць ажно 7 цэнавых катэгорый елак. Яе ялінка вышынёй паўтара метра каштавала жанчыне 39 еўра: «Чым вышэйшыя ялінкі, чым больш яны роўныя і сіметрычныя, тым вышэйшыя і цэны на іх».

Звычайна, расказвае Карына, яны з мужам ставяць ялінку ўжо да першых выхадных адвенту — чацвёртай нядзелі перад Раством, то-бок яшчэ ў канцы лістапада — пачатку снежня. Але ў Германіі прынята рабіць гэта нашмат пазней: «Традыцыйна ялінку ставяць і ўпрыгожваюць перад Раством, 24 снежня, і раніцай 25 снежня пад ёй з’яўляюцца падарункі. А выкідаюць ялінкі пасля 6 студзеня — гэта каталіцкае свята Трох Каралёў».

Што да цацак, іх цэны могуць быць вельмі рознымі. Простыя наборы шарыкаў да 20 штук могуць каштаваць у сетцы магазінаў Bauhaus і супермаркетах да 5—10 еўра. Ёсць вельмі эксклюзіўныя цацкі, у тым ліку і шарыкі, і адна такая цацка можа каштаваць ад 3 да 25 еўра. Карына з мужам маюць наконт цацак цікавую традыцыю: «Мы набываем кожны год па адной цаццы, такой, каб мела сімвалічнае значэнне для нас, трацім ад 5 да 15 еўра».

«Грузіны прадаюць драўляныя ствалы, якія прасвідроўваюць дрылём і ўстаўляюць у дзіркі елачныя лапкі»

Дзмітрый Бяганскі, Грузія

«Мы сваю ялінку набылі за 75 лары (25 даляраў), ёсць варыянты ад 40 да 200 лары (14-65 даляраў). Сябар пайшоў увечары на елачны базар, яму ўжо за 30 лары (11 даляраў) гатовы былі прадаць [ялінку]», — расказвае беларус.

Але гэта не зусім жывая елка, бо ў Грузіі вялікія штрафы за высяканне дрэваў. Таму тут на вялікім ёлачным базары — дарэчы, каля стадыёна батумскага «Дынама» — грузіны прадаюць драўляныя ствалы, якія прасвідроўваюць дрылём і ўстаўляюць у дзіркі елачныя лапкі. Выглядае, расказвае Дзмітрый, цудоўна, адзінае, што верхавіна дзіўная, бо яе можна зняць.

 «Што да ўпрыгожэнняў, то ў Fixprice мы знайшлі шышкі па 5 лары (менш за 2 даляры). 15 лары (5 даляраў) каштуе набор з сямі гіпсавых фігурак, якія мы будзем размалёўваць напярэдадні свята. Ёсць цацкі ў наборах па 20 лары (7,5 даляраў), 30 і 50 лары.

Гірлянды каштуюць ад 20 да 150 лары у залежнасці ад колькасцяў рэжыму працы і даўжыні. Але ў нас ацалела адна гірлянда, якую мы набывалі ў Адэсе, дзе жылі да таго, і яна нам вельмі дарагая цяпер».

Самы навагодні «вітамін». Усё, што вы не ведалі пра мандарыны

«Ёсць адчуванне, што наступны год можа быць лепшы». Вядомыя беларусы — пра страхі і надзеі на 2023-ці

Бабка ад Азарава і закускі ад Джыпсінкова. Палітыкі і селебрыці падзяліліся святочнымі рэцэптамі

Клас
8
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
4