Маці і дачку судзяць за перадачу ў 2020 годзе даных сілавікоў у «Чорную кнігу Беларусі». Іх судзяць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных), арт. 352 (неправамернае завалоданне камп'ютарнай інфармацыяй). Справу разглядае Таццяна Фалькоўская. Глінскіх амаль год утрымліваюць у СІЗА-1.

Суд распачаўся 26 снежня 2022 года і праходзіць у адкрытым рэжыме. У судзе палітзняволеныя цалкам прызналі віну па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — ч. 3 арт. 203-1, ч. 3 арт. 352 і часткова паводле ч. 3 арт. 130. Яны заявілі, што ў іх не было мэты «распальваць». 

Па справе праходзяць пяцёра пацярпелых — супрацоўнікі міліцыі і суддзя. Адна з іх — супрацоўніца Партызанскай РУУС Мінска Ліліяна Жылянкова, якая разам з маці прыйшла на суд.

«Яны выклалі адрас майго пражывання і той, дзе жыве сям'я брата з маленькімі дзецьмі. Потым дапоўнілі данымі бацькоў. Тэлефанавалі і пісалі ім і мне. Маўляў, як маглі выхаваць «такое»?.. Мама вельмі перажывала, плакала кожны дзень. Пісалі ж: «Вашу дачка па коле пусцім. Хай ходзіць і азіраецца, да хаты не дойдзе», «Знойдзеце яе па частках»… Мама выходзіла сустракаць мяне з працы. Прыйшлося таксама памяняць нумар машыны, ставіць яе далёка ад дома».

Паведамляецца, што ў адной з прыватных медыцынскіх устаноў, у якой раней абслугоўвалася супрацоўніца Партызанскай РУУС, сказалі, што цяпер ёй у медыцынскіх паслугах адмаўляюць.

Суд працягваецца.

Падтрымайце палітзняволеных грашовымі пераводамі, пасылкамі, медыцынскімі бандэролькамі і тэлеграмамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Валерыя Андрэеўна Глінская, Іна Валер'еўна Глінская).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
5
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
36