Пачалі год з новай Канстытуцыі

У лютым у Беларусі адбыўся рэферендум па ўнясенні змен і дапаўненняў у Канстытуцыю. Датэрміновае галасаванне стартавала 22 лютага, а асноўны дзень галасавання прыходзіўся на 27-е. Даты супалі з пачаткам вайны ва Украіне, таму падзея адышла на другі план.

Аднак вайна не была адзінай прычынай, чаму грамадства асабліва не цікавілася рэферэндумам. Большасць выдатна разумелі, што ніхто не збіраецца лічыць галасы, што само «галасаванне», як і «абмеркаванне» праекта абноўленай Канстытуцыі, носяць выключна фармальны характар. 

ЦВК абвесціла, што за змяненне Канстытуцыі прагаласавалі 82,86% выбаршчыкаў, супраць — 12,78%. Несапраўднымі прызнаныя 4,36% бюлетэняў. Яўка на рэферендум, па афіцыйных даных, склала 78,63%. 

Папярэдні раз праўкі ў Канстутуцыю ўносілі ў 2004 годзе, калі Лукашэнку трэба было скасаваць абмежаванні ў два тэрміны. У «абноўленай» Канстытуцыі абмежаванне вярнулі. 

У новай рэдакцыі Канстытуцыі павялічылі мінімальны ўзрост кандыдата на пасаду прэзідэнта да 40 гадоў. З 10 да 20 гадоў павысіўся цэнз на бесперапыннае пражыванне ў Беларусі. 

Сярод іншых важных змен — Беларусь перастае быць нейтральнай дзяржавай і адмаўляецца ад бяз'ядзернага статусу. Акрамя гэтага, у краіне з'яўляецца яшчэ адзін орган улады — Усебеларускі народны сход.

Беларусаў замежжа пазбавяць магчымасці галасаваць

14 снежня ў першым чытанні дэпутаты прынялі законапраект аб змене Выбарчага кодэкса. Абноўлены кодэкс прадугледжвае шэраг змен, сярод якіх адмова ад арганізацыі ўчасткаў для галасавання за мяжой. Такі падыход да правядзення галасавання за мяжой ужо прымянялі на практыцы падчас рэферэндуму па зменах у Канстытуцыю, тады ЦВК давялося спасылацца на пандэмію і няўпэўненасць у тым, што ўлады краін знаходжання са свайго боку змогуць забеспячыць бяспеку. Каб кожны раз не шукаць адыёзныя апраўданні, улады вырашылі на заканадаўчым узроўні адмовіцца ад арганізацыі замежных выбарчых участкаў. 

Дадатковыя падставы для расстрэлу

Вясной Лукашэнка прыняў праўкі, згодна з якімі пашырыўся спіс дзеянняў, за якія можа пагражаць смяротнае пакаранне. Цяпер суд можа прызначыць вышэйшую меру пакарання за «замах на здзяйсненне злачынства», прадугледжаны артыкуламі аб тэрарызме. Простымі словамі — смяротнае пакаранне могуць прысудзіць за сам факт падрыхтоўкі тэракта.

У снежні ў першым чытанні прынялі таксама іншыя праўкі, звязаныя з выключнай мерай пакарання. Праўкі прадугледжваюць магчымасць прымянення смяротнага пакарання за здраду дзяржаве, здзейсненую службовай асобай, якая займае дзяржаўную пасаду, або асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца. Таксама мусяць з'явіцца артыкулы за дыскрэдытацыю Узброеных сіл і прапаганду тэрарызму.

На думку лукашыстаў, такія змены дадуць магчымасць больш дзейсна рэалізоўваць комплекс мер, накіраваных на выяўленне і процідзеянне экстрэмісцкім і тэрарыстычным структурам, а таксама спробам замежных спецслужбаў і арганізацый уцягнуць беларускіх грамадзян у дзейнасць, накіраваную на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.

Фота: прэс-служба МУС

Фота: прэс-служба МУС

З'явіліся завочныя суды

У ліпені прынялі праўкі ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс. Пасля гэтага ў рэжыму з'явілася магчымасць завочна судзіць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой. Першымі, каго пачалі судзіць па спецвытворчасці, аказаліся адміністратары «Чорнай кнігі Беларусі», пакуль іх справа разглядаецца. 26 снежня вынеслі першы завочны прысуд. Аляксандры Герасімені далі 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму, Аляксандру Апейкіну — 12 гадоў пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму.

«Экстрэмістаў» пакінуць без грамадзянства

У снежні дэпутаты ўнеслі змены у Закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь». Пасля яго падпісання Лукашэнкам ва ўладаў з'явіцца магчымасць пазбаўляць грамадзянства апанентаў рэжыму, якія жывуць за мяжой. 

Рабіць гэта можна будзе «ў сувязі з наяўнасцю прысуду, які ўступіў у законную сілу, які пацвярджае ўдзел у экстрэмісцкай дзейнасці або прычыненне цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь».

Абмежаванне на выезд з краіны

КДБ на паўгода зможа абмежоўваць выезд з краіны ў выпадках, калі ён «супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь». Паводле законапраекта, выезд будзе забаронены тым, у дачыненні да каго вядзецца адміністрацыйны працэс, а рашэнне судом пакуль не прынятае. 

Таксама новы закон мусіць змяніць парадак выезду для ўсіх прызыўнікоў і грамадзян да 27 гадоў, залічаных у запас па стане здароўя без праходжання тэрміновай ваеннай службы або службы ў рэзерве. З агучанай інфармацыі вынікае, што яны змогуць выязджаць на ПМЖ за межы краіны толькі са згоды ваенкамата.

Чытайце таксама: 

Першы завочны прысуд у Беларусі — Герасімені і Апейкіну прысудзілі па 12 гадоў пазбаўлення волі

КДБ збіраецца абмяжоўваць выезд беларусаў за мяжу — пагаварылі з юрыстамі пра законапраект, які рыхтуюцца прыняць

Клас
1
Панылы сорам
4
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
4