«Пасля звальнення з Крамля Чубайс усё часцей наведвае Ізраіль. Ён і яго жонка яшчэ вясной атрымалі ізраільскае грамадзянства, якое дае ім права без віз падарожнічаць і жыць у Еўропе», — піша тэлеграм-канал «Можем объяснить».

У інтэрнэце з'явілася фатаграфія экс-кіраўніка «Раснана» і экс-памочніка Пуціна Анатоля Чубайса ў Тэль-Авіве. «Толькі Чубайс з такім напалеонаўскім выглядам можа сядзець у тэль-авіўскім кафэ ў снежні 2022 года. Зрэшты, у сэнсе асабістага ўзбагачэння ён, несумненна, усім задаволены», — пракаментаваў фатаграфію ў сваім канале палітолаг Фёдар Крашэніннікаў.

Анатоль Чубайс без тлумачэння прычын пакінуў пасаду спецпрадстаўніка прэзідэнта яшчэ ў канцы сакавіка. Паведамлялася, што ён быў у Турцыі, Італіі і на Кіпры. У маі яго і жонку Дуню Смірнову заўважылі ў Ізраілі. «Нядаўна Анатоль Барысавіч наведаў Турцыю, а затым Ізраіль, дзе абмяркоўваў пытанні супрацоўніцтва з шэрагам універсітэтаў», — сказаў ТАСС яго прадстаўнік.

Знаёмы Чубайса распавёў, што былы чыноўнік неўзабаве пасля ад'езду з Расіі прайшоў працэдуру аліі — атрымання ізраільскага грамадзянства.

Пра яўрэйскія карані Чубайса было вядома даўно: у 2017 годзе ізраільскі партал паведамляў: «Мама Анатоля Чубайса, Раіса Яфімаўна Сегал [паводле звестак Вікіпедыі — Сагал], прывіла сыну любоў да яўрэйскага народа».

З вясны Чубайс рэгулярна наведвае Ізраіль. Былы чыноўнік ненадоўга прыязджаў туды і ў сярэдзіне лістапада, распавядаў «МО» яшчэ адзін яго знаёмы. Візіт Чубайса ў канцы снежня можа азначаць, што Новы год экс-прыватызатар Расіі будзе сустракаць на новай радзіме.

Клас
9
Панылы сорам
2
Ха-ха
16
Ого
6
Сумна
0
Абуральна
2