Калаж: «УП»

Калаж: «УП»

Ледзь не кожны тыдзень у інфармацыйнай прасторы зʼяўляюцца навіны з Беларусі: пра ваенныя вучэнні, маштабныя рухі тэхнікі, «падрыхтоўку да абароны», правакацыі на мяжы і шмат іншых насцярожваючых паведамленняў адносна магчымага наступлення з тэрыторыі паўночнага суседа.

Такія актыўныя рухі не могуць заставацца без рэакцыі Кіева, таму нядаўна прэзідэнт Уладзімір Зяленскі нават збіраў Стаўку вярхоўнага галоўнакамандуючага з нагоды пагроз з Беларусі.

Праўда, улада Ровеншчыны, якая мяжуе з Беларуссю на 218 кіламетрах мяжы, прамым ворагам яе яшчэ не называе.

«Пакуль рана ацэньваць ролю беларусаў у гэтай вайне», — гаварыў у інтэрвʼю УП кіраўнік абласной адміністрацыі Віталь Каваль.

Ён чакае, калі народ, які не змог зрынуць свайго дыктатара, усё ж праявіць сябе ў крывавай вайне: або далучыцца да Украіны, або канчаткова стане яе ворагам.

Але чакаць могуць не ўсе. Памежнікі і вайскоўцы на Ровеншчыне актыўна ўмацоўваюць мяжу, рыхтуюць яе да магчымага наступу з Беларусі.

«Украінская праўда» пабывала на «нулявым кіламетры» беларускай мяжы і расказвае, што там адбываецца, ці бачаць вайскоўцы пагрозу прарыву і што думаюць пра беларусаў, з якімі шмат гадоў жылі побач.

200 метраў да Беларусі

Маленькае прыгранічнае сяло Гарадзішча Ровенскай вобласці — ледзь прыкметнае на карце перапляценне некалькіх вуліц. Акрамя ўспамінаў старажылаў, клапатліва запісаных кімсьці ў Вікіпедыю, інтэрнэт мала што ведае пра гэтую вёску.

Прапускны пункт «Гарадзішча» названы гэтак жа, як і суседняе сяло, размешчанае непасрэдна ля мяжы з Беларуссю. Усе фота: «УП»

Прапускны пункт «Гарадзішча» названы гэтак жа, як і суседняе сяло, размешчанае непасрэдна ля мяжы з Беларуссю. Усе фота: «УП»

60 кіламетраў ад Сарнаў, райцэнтра ў Ровенскай вобласці, да ўкраінска-беларускай мяжы становяцца выпрабаваннем як для ўсюдыіснай сеткі, так і для колаў не прыстасаваных да разбітых дарог аўтамабіляў.

«Вялікае будаўніцтва» да Гарадзішча пакуль не дайшло. Хоць адразу за прапускным пунктам на мяжы стаіць шыльда прэзідэнцкай праграмы.

Перад вялікай вайной улада ў рэгіёне ўзялася пракладваць дарогу ў далёкае памежжа. Каб роўныя трасы аўтарытарных суседзяў не былі падставай зайздрасці на фоне ўкраінскіх ям і выбоін.

Віталь Каваль узначальвае памежную Ровенскую вобласць. Ён не бярэцца ацэньваць ролю беларусаў у вайне

Віталь Каваль узначальвае памежную Ровенскую вобласць. Ён не бярэцца ацэньваць ролю беларусаў у вайне

«Яшчэ трохі заставалася, — запэўнівае старшыня Ровенскай абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Каваль. — Мы ад Роўна пачалі, дайшлі да Сарнаў. Гэтая жудасная дарога — гэта ўчасткі, якія мы не паспелі зрабіць у 2022-м».

Для жыхароў многіх вёсак, такіх як Гарадзішча, дарога ў Беларусь раней была рэгулярнай руцінай, а мяжа — пунктам у распарадку дня.

Мясцовыя жыхары хадзілі ў суседнюю краіну збіраць ягады і наведваць сваякоў. Жыхары з таго боку прыязджалі ва Украіну паесці ў мясцовых установах харчавання або вылецець з Ровенскага аэрапорта на адпачынак.

Перад вялікай вайной улада пачала рамантаваць дарогу ад Роўна да мяжы, аднак завяршыць не паспела

Перад вялікай вайной улада пачала рамантаваць дарогу ад Роўна да мяжы, аднак завяршыць не паспела

Прапускны пункт «Гарадзішча» да 2020-га штодня прапускаў некалькі сотняў чалавек. Часам можна было прастаяць у чарзе гадзіну ці дзве.

Дзверы для пешаходаў, як і шлагбаум для аўтамабіляў, зачыніліся тут яшчэ падчас пандэміі COVID-19. А поўнамаштабная вайна, якая пачалася з наступу расійскіх войскаў з Беларусі, не пакінула ніякіх шанцаў, што прапускны пункт да завяршэння баявых дзеянняў зможа зноў адкрыцца.

Месца, дзе раней бурліла эканоміка такіх вёсак, як Гарадзішча, стала нагадваць зону адчужэння: пустая запраўка, іржавая шыльда «Кафэ-бар» і прыцярушаны снегам пункт мытнага кантролю.

Тры гады таму «Гарадзішча» было кругласутачным пунктам, праз які мясцовыя жыхары кожны дзень ездзілі да родных, а турысты — на адпачынак 

Тры гады таму «Гарадзішча» было кругласутачным пунктам, праз які мясцовыя жыхары кожны дзень ездзілі да родных, а турысты — на адпачынак 

Некалі цывільны пункт цяпер ператварыўся ў ваенныя збудаванні

Некалі цывільны пункт цяпер ператварыўся ў ваенныя збудаванні

У 2022-м спусташэнне прыйшлося дапаўняць фартыфікацыямі. Тут уладкавалі супрацьтанкавыя равы, расставілі рагачы, замініравалі дарогі.

«І яшчэ шэраг нашых памежных хітрасцяў, якія будуць нечаканасцю для ворага, калі ён вырашыць перасячы дзяржаўную мяжу», — з усмешкай дадае Антон Квяткоўскі.

Квяткоўскі — начальнік 9-га пагранічнага атрада, які ахоўвае ўчастак дзяржаўнай граніцы з Беларуссю ў межах Кіеўскай, Жытомірскай і Ровенскай абласцей.

Побач з ім слупок з пазнакай 0-нулявога кіламетра мяжы. А за спінай — стэла «Рэспубліка Беларусь».

Тутэйшы «нуль», на шчасце, не франтавы. Таму да беларускага памежнага пункта, які па ўкраінскі бок мяжы ўспрымаецца як месца дыслакацыі патэнцыйных праціўнікаў, можна падысці адносна блізка.

Абысці некалькі равоў і барыкад, пералезці цераз загароды, не наступіўшы на шыпы ў асфальце, прайсціся чарадой па замініраванай памежнікамі дарозе. На абочыне ўбачыць перавернутую дагары нагамі, памятую машыну — яна таксама была замініраваная, падарвалася ад маланкі.

І апынуцца метраў за 200 ад беларускага пункта.

На мяжы збудавалі супрацьтанкавыя равы і іншыя загароды, дарогі замініравалі

На мяжы збудавалі супрацьтанкавыя равы і іншыя загароды, дарогі замініравалі

— Часам, калі мы выходзім, яны пачынаюць выглядваць з лесу, — кажуць памежнікі.

— А беларускае радыё лавілі?

— Лавілі. Там палітычнага мала. У асноўным ідуць рэпартажы сацыяльнага характару: маўляў, усё ў іх добра, усё выдатна.

У чаканні наступлення

Што адбываецца праз тыя 200 метраў, скрозь лес і снег — не відаць.

«Беларусы ўладкоўваюць пазіцыі для вядзення агню, ставяць загараджальныя платы з калючага дроту, — распавядае Антон Квяткоўскі. — Мы назіраем толькі беларускія памежныя нарады, якія ахоўваюць дзяржаўную мяжу. На звычайных «уазіках», у пешым парадку.

Такія паводзіны войскаў Лукашэнкі больш падобныя да падрыхтоўкі да абароны, чым да нападу. І ўзмацняе падазрэнні ўкраінскіх вайскоўцаў, што Беларусь можа рыхтаваць правакацыі, імітаваць напад з боку Украіны, каб апраўдаць сваю агрэсію.

Інструментам у руках ворага могуць быць і нелегальныя мігранты — каб прамацаць ахову.

Нядаўна на мяжы затрымалі 6 грамадзян Паўднёва-Усходняй Азіі, якія ішлі з Беларусі. Сказаць дакладна, што гэта былі агенты, памежнікі не могуць, але такія падазрэнні маюць.

Памежнікі кажуць толькі пра частку ўмацаванняў. Некаторыя стануць «сюрпрызам» для ворага, калі ён адважыцца прарвацца праз мяжу

Памежнікі кажуць толькі пра частку ўмацаванняў. Некаторыя стануць «сюрпрызам» для ворага, калі ён адважыцца прарвацца праз мяжу

Вайскоўцы і ўлада ў адзін голас запэўніваюць: адсочваюць і добра ведаюць, хто стаіць па той бок «нуля», у якой колькасці і з якім узбраеннем.

«Там і беларусы, і рускія. Але беларусаў больш», — кажа камандзір 60-га батальёна тэрабароны Раман Валашчук.

Усмешка на твары гэтага каржакаватага мужчыны зʼяўляецца толькі некалькі разоў — напрыклад, калі пытаемся, ці сустракаў ён сярод мясцовых уяўленне пра Лукашэнку як пра «бацьку» (кажа, што не). А яшчэ Раман усміхаецца, калі ўспамінае, як дзіцем ездзіў на той бок мяжы. У Валашчука, як і ў многіх тут, ёсць беларускія сваякі.

Батальён пачаў фарміравацца ў лютым 2022-га. Ужо тады быў аншлаг ахвотных паступіць на службу. Камандзір успамінае, як выбіралі з дзвюх тысяч мясцовых, якія прыйшлі добраахвотнікамі:

«У нас штат заўсёды забіты, вакантныя пасады могуць быць дзень-два. Ёсць з каго выбіраць. 80-85% людзей у нас з баявым досведам».

У вайскоўцаў каля беларускай мяжы ёсць свая «кропка непераможнасці» — мабільныя душавыя і пральні

У вайскоўцаў каля беларускай мяжы ёсць свая «кропка непераможнасці» — мабільныя душавыя і пральні

Акрамя акопаў і ўзораў айчыннай і заходняй зброі, абаронай для Украіны стала сама прырода.

 

Мяжу тут абараняюць 92 кіламетры непраходных балот і больш за тысячу рэк. Шляхоў, па якіх можна зайсці ўглыб краіны, толькі некалькі. На іх вайскоўцы ўжо «чакаюць» нападнікаў.

Побач з фартыфікацыйнымі збудаваннямі, якія ўзвялі памежнікі, распасціраюцца прыродныя перашкоды — балоты, рэкі і лясы.

«Вораг павінен разумець, што дакладна не пераможа прыроду і Бога», — кажа старшыня АВА Каваль. 

Дзесьці сярод гэтых лясоў трэніруюцца сучасныя паўстанцы — мясцовыя ДФТГ, то бок Добраахвотнае фарміраванне тэрытарыяльнай грамады.

На чале — прафесійныя вайскоўцы, якія прайшлі гібрыдную вайну на ўсходзе Украіны і цяпер рыхтуюць навабранцаў, што ўзялі ў рукі зброю, калі пачалася поўнамаштабная вайна.

«Ад маладых да 60 гадоў. Але ў асноўным — маладое падраздзяленне», — апісвае сваіх падначаленых камандзір.

Ён паказвае, як байцы шукаюць сярод лясных дарог міну і абясшкоджваюць яе.

— На колькі балаў выканалі заданне? 

— Па-часнаку? Не на камеру, — жартуе ён, але дадае: — Хлопцы навучаныя, яны сваю працу ведаюць і робяць добра.

 

Сярод тых, чый баявы досвед спатрэбіўся на мяжы з Беларуссю, ёсць і былы камандуючы ААС, маўклівы генерал-лейтэнант Уладзімір Краўчанка. Цяпер ён кіруе групоўкай «Валынь». А таксама рыхтуе сухапутную абарону ў рэгіёне, што цяпер пакутуе ад авіяцыйных нападаў і адсутнасці электраэнергіі, выкліканай вайной.

  Камандуючы «Валыні» Уладзімір Краўчанка на камеру амаль не гаворыць

Камандуючы «Валыні» Уладзімір Краўчанка на камеру амаль не гаворыць

Гаварыць на камеру, як і многія камандзіры, ён не надта згаджаецца, хоць не пад запіс можа расказаць шмат цікавых гісторый пра адносіны вайскоўцаў па абодва бакі мяжы.

Нягледзячы на тое, што актыўных рухаў вайскоўцаў у гэтым раёне мяжы не праглядаецца, на думку грамадзянскіх уладаў, за «душы людзей» ідуць актыўныя інфармацыйныя баі.

Віталь Каваль, не вагаючыся, называе папярэднія чуткі пра падрыхтоўку наступу з Беларусі спробамі дэстабілізацыі ад ворага:

«Кожныя такія мэсэджы — гэта прыпыненне эканомікі, паніка, гэта выбівае з нармальнага рытму жыцця. Зразумела, мы тут не знаходзімся ў стане «не верым». Мы проста рыхтуемся».

  Байцы 60-га батальёна наземнай абароны ў Ровенскай вобласці 

Байцы 60-га батальёна наземнай абароны ў Ровенскай вобласці 

«Дружба народаў»

Тутэйшыя вёскі ўжо даўно выбіты з нармальнага рытму. Нават калі да іх не прылятаюць расійскія ракеты і не ідуць беларускія вайскоўцы. 

Раней побыт людзей тут быў завязаны на «дружбе народаў», у памяць пра якую на нулявым кіламетры стаіць стэла з украінскай і беларускай сімволікай. Цяпер іх жыццё вызначае вайна, у якой цяперашні беларускі сцяг асацыюецца са здрадай і дапамогай Расіі. 

«З аднаго сяла 7 чалавек прызвалі, — распавядае «УП» адзін з «ТРАшнікаў». — Палова вёскі пайшлі служыць. Чацвярых ужо прывезлі мёртвымі».

 

У пачатку вайны на Ровеншчыне, як і ў іншых украінскіх рэгіёнах, стаялі чэргі ў ваенкаматы, у мясцовае ТРА быў істотны конкурс.

Нават пасля 10 месяцаў падрыхтоўкі акопаў камандзір ТРА Валашчук упэўнена кажа, што беларусы вайны не хочуць — як вайскоўцы, так і мірныя. 

«Рускія падцягваюць іх за сабой», — згаджаецца кіраўнік вобласці Каваль. 

Той стэлы, дзе ўкраінскі і беларускі сцяг сімвалізуюць добрасуседства, улада не саромеецца і не зносіць. Каваль запэўнівае ці то сябе, ці то беларусаў, што за 200 метраў ад слупка з лічбай «нуль» — на самай справе не вораг: 

«Вораг Украіны — гэта не народ Беларусі, а вайскова-палітычнае кіраўніцтва. Верым, што пасля нашай перамогі адновяцца адносіны.

Вельмі важна мець суседа, з якім ты можаш весці гандаль, дзелавыя адносіны, сацыяльна-культурны абмен. А калі ў цябе на карце пункт, дзе раварочваецца нават бусел, гэта дрэнна».

  Стэла паміж Украінай і Беларуссю. Зносіць яе ўлады не плануюць

Стэла паміж Украінай і Беларуссю. Зносіць яе ўлады не плануюць

Гэтыя дальнабачныя палітычныя словы не заўсёды будуць супадаць з думкамі ўкраінскага абаронцы, якому прыйдзецца страляць у бок «не ворага».

Такі баец, напрыклад, зенітчык Аляксей з ТРА. Ён сам родам з гэтых памежных краёў. Да 2022-га жыў у Ізраілі. На пытанне, чаму вярнуўся, адказвае, не задумваючыся: «Дык пачалася ж вайна».

  Ровенскія добраахвотнікі рыхтуюць вячэрні перакус на палігоне, дзе праходзяць навучанне

Ровенскія добраахвотнікі рыхтуюць вячэрні перакус на палігоне, дзе праходзяць навучанне

Аляксей таксама не плануе забываць пра Беларусь. Вось толькі зʼездзіць туды ён збіраецца ўжо не ў ягады:

«Калі яны пойдуць, мы нармальна ім дамо. Тады я на ЗУшцы сваёй і паеду».

***

Ці давядзецца ўкраінскім байцам прама сутыкнуцца з беларускімі васкоўцамі — пытанне адкрытае. Хоць прадстаўнікі ўкраінскага вайсковага кіраўніцтва ўпэўненыя, што Пуцін зробіць усё, каб уцягнуць беларусаў у адкрытую вайну.

Аднак ужо цяпер можна ўпэўнена сказаць, што вялікая вайна нанесла значныя страты даўнім добрасуседскім адносінам паміж жыхарамі прыгранічча.

Толькі далейшае развіццё падзей пакажа, ці ёсць гэтыя раны, якія часта праходзяць праз цэлыя семʼі, такімі ж глыбокімі, як равы на мяжы дзвюх дзяржаў. І ці прыйдзе калісьці такі час, калі гэтыя ямы можна будзе закапаць, або прыйдзецца будаваць на мяжы яшчэ больш высокія і тоўстыя сцены.

Клас
21
Панылы сорам
4
Ха-ха
4
Ого
4
Сумна
21
Абуральна
7