Што адбывалася на рынку новых аўто?
Бадай, у найгоршай сітуацыі аказаліся прадаўцы новых аўто. Праз тое, што больш за 80% новых машын, якія прадаваліся ў беларускіх дылераў, вырабляліся на заводах у Расіі, ім у прамым сэнсе стала няма чаго прадаваць. Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну сусветныя аўтавытворцы спачатку заяўлялі пра прыпыненне дзейнасці, а пазней цалкам сыходзілі з рынку.
Усё гэта выклікала дэфіцыт новых аўто ў Беларусі. Праблемы з вытворчасцю ўзніклі ў тым ліку і ў расійскай Lada, пры вырабе якой выкарыстоўвалася значная колькасць замежных кампанентаў.
На расійскіх заводах, дзе раней выпускалі аўтамабілі еўрапейскіх і карэйскіх брэндаў, пачынаюць наладжваць выпуск кітайскіх аўто.
Фота: geely.by
Амаль поўнае спыненне свежых паставак новых машын ў Беларусь выклікала істотны рост цэн, што яшчэ больш негатыўна адбілася на продажы. Калі ў 2021 годзе дылеры рэалізавалі 46 837 адзінак тэхнікі, 41 217 з якіх прыйшліся на долю легкавых аўто, то па выніках першага паўгоддзя 2022 года дылеры прадалі 11 905 аўтамабіляў. З вычарпаннем складскіх запасаў сітуацыя працягвала пагаршацца. Цягам наступных пяці месяцаў афіцыйныя дылеры прадалі ўсяго каля 3 000 адзінак тэхнікі. У параўнанні з восенню мінулага года продаж новых аўто ў Беларусі ўпаў у 10 разоў.
Па выніках 11 месяцаў 2022 года лідарам на рынку застаецца марка LADA — з вынікам 3 698 аўтамабіляў. Аднак Geely, продаж якой расце, са 3 197 прададзенымі аўтамабілямі, практычна дагнала яе. Цікава, што 81% усяго аўтамабільнага рынку легкавых аўтамабіляў Беларусі ў лістападзе 2022 года склаў брэнд Geely.
Летась топ-2 выглядаў гэтак сама, але лічбы істотна розняцца. Тады за год прадалі 11 669 новых Lada і 7 442 Geely.
Тым не менш, зусім без аўто беларусы не засталіся. Нішу, якая вызвалілася, сталі актыўна займаць «шэрыя імпарцёры», якія пачалі ўвозіць у Беларусь новыя аўтамабілі з Еўропы. Адбываецца гэта ў тым ліку з выкарыстаннем 140-га ўказа, які дазваляе пэўнай катэгорыі грамадзян увозіць аўтамабілі, выплачваючы 50 % мыту.
Як сябе адчувае «бэушка»?
Прыгон патрыманых аўто з Еўропы і ЗША, які даволі добра пачувае сабе з вясны 2019 года, калі ў Беларусі з'явілася льготная размытнёўка, выйшаў на новы ўзровень. Нават нягледзячы на такія цяжкасці, як блакіроўка беларускіх акаўнтаў на амерыканскіх аўкцыёнах і праблемы з лагістыкай.
Амаль поўнае спыненне вытворчасці новых аўто ў РФ згуляла на руку беларускім перагоншчыкам, попыт на «свежыя» аўто з ЕС і ЗША значна павялічыўся. Адбылося гэта як за кошт мясцовых пакупнікоў, так і за кошт расійскіх. Апошнія вывозяць свежапрывезеныя аўтамабілі цэлымі аўтавозамі.
З'явіўся дэфіцыт аўтазапчастак
Аўтааматары сутыкнуіся з дэфіцытам новых запчастак і расходнікаў. Выбар дэталей паменшаў, а цэны, наадварот, выраслі. Дэфіцыт і рост цэнаў паспрыялі з'яўленню шэрых імпарцёраў аўтазапчастак і маторных алеяў з Польшчы і Літвы.
Трохі пазітыву
Цягам года ў аўтамабільным свеце адбываліся і пэўныя пазітыўныя змены. Напрыклад, сёлета ў беларусаў зноў з'явілася магчымасць увозіць электрамабілі без сплаты мыту.
Праз абурэнне Лукашэнкі цэнамі на Geely аўтамабілі беларуска-кітайскай вытворчасці ў адзін момант патаннелі на 15%. Праўда, «зніжка ад Лукашэнкі» пратрымалася нядоўга. Праз тры месяцы цэны на дзве з трох мадэляў павялічыліся.
Што яшчэ адбылося
Савет Міністраў чарговы раз працягнуў забарону на ўвоз і продаж у Беларусі тавараў заходніх кампаній Škoda, Liqui Moly.
А яшчэ з 27 кастрычніка ў Беларусі пачалі дзейнічаць новыя ПДР.
«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ «НН»Чытайце таксама: Беларускі рынак новых аўто чакае татальная кітаізацыя. Вось якія брэнды прыйдуць на змену сусветным





