На галоўным дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1» выпусцілі сюжэт, які ганіць настаяцеля рымска-каталіцкай парафіі ў Солах Смаргонскага раёна ксяндза Леанарда Станкоўскага. У сюжэце выкарыстоўвалі словы некаторых прыхаджан, якія далі пробашчу негатыўную характарыстыку, а самога святара прапагандыстка Ксенія Лебедзева запісвала патаемна, без дазволу.

Акрамя атакі на пробашча (як заявіла Лебедзева, «копіі матэрыялаў будуць перададзены ў Апостальскую нунцыятуру і Святы Прастол»), вядучая абурылася фрэскай у касцёле з выявай Варшаўскай бітвы 1920 года. Карціна была напісаная неўзабаве пасля гэтай падзеі, якая адыграла вялікую ролю ў гісторыі Еўропы. Тады Польшча змагла спыніць наступленне арміі савецкай Расіі і дабіцца пералому ў ходзе вайны. Гэта адбылося 15 жніўня, ва ўрачыстасць Успення Прасвятой Багародзіцы.

Некаторыя ўдзельнікі бітвы сцвярджалі, што бачылі ў небе над польскімі акопамі Дзеву Марыю, якая дапамагала абараніцца ад атэістаў-бальшавікоў. Перамога над расійскімі захопнікамі лічыцца цудам, які быў здзейснены праз пасярэдніцтва Божай Маці. Таму фрэска ў гэтым храме не здзіўляе. Намаляваны на карціне і святар, які малітвай умацоўвае салдат.

Аднак, на думку работніцы дзяржтэлеканала, карціна «заклікае да распальвання нацыянальнай і рэлігійнай варожасці», а наяўнасць такой фрэскі ў касцёле сведчыць пра тое, што «асобныя служыцелі клапоцяцца не пра выратаванне душы, а пра вяртанне Заходняй Беларусі ў склад Польшчы» (пасля паражэння ў савецка-польскай вайне Масква аддала Варшаве частку заходняй Беларусі і Украіны). На думку Лебедзевай, «Польшчу па-ранейшаму мучаць фантомныя болі, і яе ўлады сур’ёзна глядзяць на тое, каб захад Беларусі вярнуць у свой склад».

За савецкім часам у храме зафарбавалі гэтую фрэску, а пасля падзення СССР, пры рэстаўрацыі алтарнай часткі, карціну аднавілі і нанова асвяцілі. Але зараз, па словах пробашча, якога запісалі на схаваную камеру, наконт фрэсак «прыязджалі з райвыканкама, сказалі зафарбаваць». Аднак святар «супраць, таму што яны дабраславёныя, асвячоныя, таму хто зараз дакранецца да гэтага?». «Я, напрыклад, баюся», — дадаў ён. 

Апроч фрэскі з «Цудам на Вісле», храм упрыгожаны выявай абароны Яснагорскага манастыра ў 1655 годзе ад шведаў.

Напярэдадні ў сваім тэлеграм-канале Лебедзева абрынулася яшчэ на аднаго святара — пробашча парафіі ў Гожы Гродзенскага раёна ксяндза Паўла Шанчука. Прапагандыстку абурыў радок на парафіяльным сайце, які, на яе думку, сведчыць пра тое, што «некаторыя ксяндзы дагэтуль настальгіруюць па Польшчы і не саромеюцца пра гэта пісаць на сайце касцёла». Такую выснову Лебедзева зрабіла з гэтых двух сказаў: «Да восені 1939 года Гожа жыла спакойным жыццём. 1 верасня 1939 года з пачаткам Другой сусветнай вайны пачалася новая савецкая гісторыя, вывучэнне якой хай застанецца для іншых».

Клас
6
Панылы сорам
14
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
62