5 студзеня справу пачне разглядаць суддзя Марына Запаснік.

«Вясноўцаў» абвінавачваюць у кантрабандзе (незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай) паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Трое праваабаронцаў утрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 года — ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення. Суд пакуль адкрыты.

Згодна з версіяй абвінавачвання, праваабаронцы, «дзейнічаючы ў складзе арганізаванай групы, з 4 красавіка 2016 года да 14 ліпеня 2021 года, пад умовай выкарыстання на тэрыторыі Беларусі для незаконнай дзейнасці і фінансавання ПЦ «Вясна», а таксама іншых арганізацый, абнаявілі грошы, якія паступілі ад розных структур і фондаў на банкаўскія рахункі кантраляванай імі замежнай арганізацыі.

Затым з дапамогай іншых асоб, дзейнічаючы з адзіным намерам, забяспечылі незаконнае перамяшчэнне на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі наяўных сродкаў у буйным памеры праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў агульнай суме не менш за 201 тыс. еўра і 54 тыс. долараў ЗША шляхам іх паэтапнага перамяшчэння праз мяжу без дэкларавання».

Паводле матэрыялаў справы, «яны ж ва ўказаным складзе, а таксама з іншымі асобамі наўмысна ажыццявілі падрыхтоўку грамадзян для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне і матэрыяльнае забеспячэнне такіх акцый пад выглядам праваабарончай і дабрачыннай дзейнасці, у тым ліку ад імя ПЦ «Вясна», незарэгістраванага фонду «BY_HELP», у перыяд з траўня 2020 года па 14 ліпеня 2021 года».

У прыватнасці, праваабаронцам ставяцца ў віну:

  • аплаты штрафаў за асобных асоб, «прыцягнутых на падставе судовых рашэнняў, якія ўступілі ў законную сілу, да адказнасці за адміністрацыйныя правапарушэнні, звязаныя з парушэннем грамадскага парадку і ўстаноўленага на тэрыторыі краіны парадку кіравання; іншыя правапарушэнні, учыненыя ў сувязі з выразам пратэсту на дзеянні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь»;
  • выплаты такім асобам грашовых кампенсацый за сродкі, затрачаныя імі на аплату штрафаў;
  • аплаты замест некаторых асоб, «якія ўчынілі названыя адміністрацыйныя правапарушэнні, рахункаў за харчаванне ў месцах адбыцця спагнанняў у выглядзе адміністрацыйных арыштаў»;
  • аплаты працы адвакатаў, «у тым ліку за абарону ў крымінальных працэсах шэрагу асоб, прызнаных падазраванымі і пасля прыцягнутых у якасці абвінавачаных па крымінальных справах, звязаных з грубым парушэннем грамадскага парадку, выразам пратэсту на дзеянні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь».

«Для інфармацыйнага суправаджэння сваёй дзейнасці яны выкарыстоўвалі інтэрнэт-рэсурсы ПЦ «Вясна» ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах», — гаворыцца ў абвінавачванні.

На падставе пастановы старшыні Следчага камітэта са згоды Генеральнага пракурора ў дачыненні да Змітра Салаўёва праводзіцца спецыяльная вытворчасць.

Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці Галоўнага ўпраўлення па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Следчага камітэта.

Нагадаем, раніцай 14 ліпеня да Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча, Валянціна Стэфановіча і іншых «вясноўцаў» з ператрусамі прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў. У хуткім часе ім выставілі абвінавачванні па ч. 2 арт. 243 КК і змясцілі пад варту. Праз год абвінавачванні змянілі на больш жорсткія.

Падтрымайце палітзняволеных лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1