Сёння, 20 снежня, у раёне 5-й гадзіны раніцы з чыгуначнай станцыі Палонка адправіўся эшалон з вайсковай тэхнікай Узброеных сіл Расіі, якая дыслакавалася на палігоне «Абуз-Лясноўскі» ў Баранавіцкім раёне. На працягу дня эшалон прайшоў Бярозу, Жабінку, Драгічын, Іванава і прыбыў у Лунінец. На ягоных платформах былі заўважаныя 23 танкі Т-80, восем бензавозаў, дзевяць грузавікоў (Уралы і КамАЗы), акрамя таго ён меў два пасажырскія і сем грузавых вагонаў. Гэтую інфармацыю пацвердзіў канал «Супольнасць беларускіх чыгуначнікаў».

Акрамя гэтага, «Беларускі Гаюн» паведамляе, што 19 снежня на станцыі Заслонава ў Лепельскім раёне пагрузілі на платформы больш за 20 танкаў і 16 «Уралаў», якія знаходзіліся на палігоне «Лепельскі». Пазней эшалон накіраваўся ў напрамку Оршы і пайшоў на Асіповічы. Пункт яго прызначэння, па папярэдняй інфармацыі, — Слуцк.

Трэці зафіксаваны выпадак: раніцай 20 снежня праз Шклоў прайшоў эшалон з 20-цю БМП-2, трыма бензавозамі, сямю «Ураламі», мабільным пунктам кіравання сувязі (МПУС-К) на базе «КамАЗ», чатыры пасажырскія вагоны Расійскай чыгункі і тры грузавыя вагоны. Ён прайшоў праз Оршу, Магілёў і Жлобін і ў выніку прыбыў у Калінкавічы.

Пры гэтым канал падкрэслівае, што пакуль колькасць тэхнікі, што перакідаецца на памежжа, невялікая і яе дакладна недастаткова ні для якіх наступальных дзеянняў.

Клас
2
Панылы сорам
2
Ха-ха
5
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
45