Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін не быў у Беларусі 3,5 года, прытым што Лукашэнка лётаў да яго рэгулярна. Гэта дало нагоду меркаваць, што Пуцін едзе ціснуць на Лукашэнку і ў пытаннях інтэграцыі, і ў пытаннях удзелу Беларусі ў вайне.

Вядучыя сюжэта даводзяць, што галоўная тэма перамоваў — «пытанне антысанкцыйнага ўзаемадзеяння», якое цяпер «актуальнае для Расіі нават больш, чым для Беларусі».

Вядучыя прыгадалі выказванні Валянціны Мацвіенка, якая адкрыла для сябе, што ў Расіі нават сваіх цвікоў не выпускаюць. «І тады расійскія губернатары, якія выбудоўвалі з намі адносіны, паглядзелі на нашу краіну па-новаму».

Паводле СТБ, раней у Расіі пра Беларусь думалі, што «мы бульбу толькі вырошчваем, а па факце высокатэхналагічныя рэчы мы ўмеем рабіць, а што не ўмеем, хутка вучымся».

Абмеркавалі на СТБ і гучныя загалоўкі ў СМІ, што Крэмль хоча паглынуць Беларусь.

Хаця тэму вайны вядучыя цалкам абмінулі, аднак заўважылі, што «для тых, хто ў танку, Аляксандр Лукашэнка ў пятніцу 1001-шы, ужо, напэўна, раз нагадаў аб правілах выбудоўвання адносін з нашай краінай», — зазначыла вядучая, але дадала, што гэта «датычыць не толькі Расійскай Федэрацыі».

У сюжэце пераслухалі тэзіс Лукашэнкі пра тое, што «суверэнітэт, незалежнасць — непарушныя, і ўсякія размовы ў нас ці там інакш — гэта значыць здрада інтарэсам беларускага народа. Мы з Расіяй як суверэнная і незалежная дзяржава», — паўтарыў Лукашэнка.

Лукашэнка лічыць, што ні ў адной з праграм саюзнай дзяржавы няма замаху на наш суверэнітэт. Таму, на ўсялякі выпадак, прэм’еру і віцэ-прэм’еру даручыў «жорстка з гэтага зыходзіць, ні налева, ні направа».

Паглуміліся вядучыя і з Пуціна. Яны згадалі пра «асаблівасці таймінгу кіраўніка РФ», што ён мае звычку спазняцца, таму невядома, у колькі пачнецца сустрэча. «Расіяне нам блізкія людзі, а блізкім людзям прынята дараваць іх маленькія слабасці», — рэзюмавалі на СТБ.

Клас
6
Панылы сорам
42
Ха-ха
55
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
21