Фота тут і далей: асабісты архіў гераіні публікацыі

Фота тут і далей: асабісты архіў гераіні публікацыі

«Некаторыя людзі памылкова мяркуюць, што праца мадэлі — вельмі лёгкая»

Лілія нарадзілася і вырасла ў Кобрыне Брэсцкай вобласці. Пасля заканчэння мясцовай школы яна паехала ў Мінск, дзе паступіла ў каледж мастацтваў. Падчас вучобы на першым курсе дзяўчына нечакана для сябе прайшла кастынг у Нацыянальную школу прыгажосці.

— Я ніколі не планавала станавіцца мадэллю, але выпадкова апынулася ў патрэбным месцы ў патрэбны час, — смяецца беларуска. — Я страх як не любіла фатаграфавацца і тое, як выглядала на фотаздымках, але ж спецыялісты з Нацыянальнай школы прыгажосці вырашылі інакш: уручылі мне дакументы і сказалі прыходзіць на вучобу. Спярша я думала, што адбылася нейкая памылка, — згадвае Лілія.

Але ж на вучобу яна прыйшла, паспяхова яе скончыла — і адразу стала працаваць мадэллю. У самым пачатку кар’еры дзяўчыне прыходзіла шмат прапаноў на кантракты, яна трапляла на вокладкі часопісаў. Паралельна беларуска вучылася ў каледжы на мастака, майстра па рабоце з дрэвам. 

— Уласна сваёй спецыяльнасцю я цяпер і займаюся: адкрыла ў Катары сваю мастацкую студыю Art Loft, дзе працую з эпаксіднай смалой і дрэвам — мы ствараем карціны, розныя прадметы інтэр’ера, мэблю, наборы для сервіроўкі, а таксама заліваем падлогі, — распавядае яна. 

Але ж вернемся на некалькі гадоў у мінулае. Лілія адзначае, што свой шлях у мадэлінгу не можа назваць лёгкім, бо трэба было шмат працаваць.

— Некаторыя людзі памылкова мяркуюць, што праца мадэлі — вельмі лёгкая. Але насамрэч гэта праца 24/7 і 365 дзён на год, таму што пастаянна трэба трымаць форму і сачыць, каб у цябе была добрая скура і іншае. Гэта азначае пастаяннае правільнае харчаванне, трэніроўкі ў зале. Нельга проста ўзяць і пайсці кудысьці патусавацца, бо трэба заўсёды мець добры сон.

Паняцця пяцідзённага і васьмігадзіннага графіка, як у офісных работнікаў, у мадэляў не існуе: фотасесіі могуць цягнуцца ажно 15 гадзін. А часам пасля такога працоўнага дня ёсць магчымасць паспаць толькі некалькі гадзін — і зноў бегчы на іншую фотасесію. 

— І гэтыя 15 гадзін ты не сядзіш, а ўвесь час праводзіш на нагах і на вялізных абцасах. Неяк падчас фотасесіі я пакінула Apple Watch на руцэ — і яны палічылі маю нагрузку за паўнавартасную трэніроўку.

Затое, усміхаецца Лілія, такая праца дапамагае трымаць форму. Беларуска шмат гадоў не можа набраць вагу, таму што яна кожны дзень на нагах. 

— Акрамя таго, такая праца вельмі вымотвае і маральна, але ж ніхто з мадэляў звычайна не скардзіцца: а што зробіш? Яшчэ адзін адмоўны бок працы ў тым, што вельмі складана выбудоўваць сяброўскія або рамантычныя стасункі — бо ты пастаянна працуеш.

Надзвычайная сітуацыя здарылася з беларускай і падчас правядзення конкурсу «Міс Зямля». Тры тыдні яна і яе калегі па шоу ездзілі па розных краінах на здымкі — графік быў такі насычаны, што ўдавалася паспаць толькі па дзве-тры гадзіны на суткі. У выніку Ліліі і іншым удзельніцам конкурсу нават спатрэбілася гаспіталізацыя.

— У мяне было поўнае абязводжванне арганізма, тры гадзіны я правяла пад кропельніцай, — згадвае яна.

«Ты можаш пакласці на вуліцы грошы і тэлефон, сысці на тры гадзіны — і ўсё будзе на месцы»

Цяпер ураджэнка Кобрына стала і паспяхова працуе ў Катары, дзе сёлета праходзіць чэмпіянат свету па футболе. Упершыню Лілія патрапіла сюды, калі прыехала на фэшн-шоу з нагоды адкрыцця новага буціка грэцкай дызайнеркі, з якой беларуска працавала раней.

— Я прыляцела сюды працаваць, але мне спадабалася краіна: яна вельмі спакойная і бяспечная. Ты можаш пакласці на вуліцы ці дзесьці на тэрасе грошы і тэлефон, сысці на тры гадзіны, вярнуцца — і ўсё будзе на месцы, — дзеліцца суразмоўца.

Яна дадае, што калі нешта згубіць, то людзі абавязкова гэта вернуць. Больш за тое, Лілія ніколі не замыкае кватэру, таму што ўпэўненая ў бяспецы навокал.

— Так, у Катары культура крыху іншая, але чамусьці людзі думаюць, што яна вельмі адрозніваецца ад беларускай. Я б не сказала, бо ў нашай краіне таксама вельмі цэніцца інстытут сям’і. Тутэйшая культура, хутчэй, надта адрозніваецца ад еўрапейскіх і амерыканскіх каштоўнасцей. 

Так, у гэтай краіне ёсць свае рэлігійныя асаблівасці і адрозненні, але яны ніяк не датычацца замежнікаў. Мы тут жывём, як і дома: надзяваем, што хочам, і адчуваем сябе вельмі камфортна і бяспечна. 

Лілія згадвае, што пасля двух гадоў пражывання ў Катары яна прыляцела ў аэрапорт Масквы, дзе ў першы ж дзень у яе скралі тэлефон. Расслабілася, усміхаецца яна.

— А для жанчын, як я лічу, гэта ўвогуле найлепшае месца на свеце. Канешне, калі ты прыезджая. Бо для мясцовых, паводле законаў, іншыя ўмовы: напрыклад, дзеці апрыёры належаць бацьку, а не маці. А для нас тут поўны камфорт: усе ставяцца з павагай, ніхто не будзе здымаць цябе на тэлефон спадцішка, нельга падысці да чалавека і схапіць яго за руку або нават паляпаць па плячы — усе паважаюць тваю асабістую прастору, — характарызуе атмасферу беларуска.

Таксама яна адзначае прыязнасць паліцыі і яе гатоўнасць дапамагчы ў любой сітуацыі — нават падвезці дахаты позняй ноччу. 

— Не скажу дакладна, як тут з кароткім адзеннем, бо я такога не насіла і ў Беларусі. Не лічу, што вывальваць кавалак дупы — гэта ўвогуле нармальна. Ёсць рамкі прыстойнасці, якіх трэба прытрымлівацца ў любой краіне, не толькі ў мусульманскай.

Аднак пасля яна адзначае, што ў тэорыі ў Катары можна надзець міні-спадніцу ці кароткія шорты, але ж у такім выглядзе жанчыну ці мужчыну не пусцяць у гандлёвыя цэнтры.

— Існуе акрэслены дрэс-код, што ў молы трэба хадзіць з закрытымі плячыма, спадніцамі ці шортамі ніжэй за калена. Але тут з-за мноства кандыцыянераў у гандлёвых цэнтрах вельмі холадна, таму я не ўяўляю, у каго з’явіцца ідэя прыйсці туды ў кароткім адзенні, — смяецца яна.

Тыповыя ўяўленні аб правах жанчын у арабскіх краінах Лілія называе не больш як казкамі — прынамсі, у адносінах да Катара.

— Ніхто тут нікога не забівае каменнем! Насамрэч тут жанчыны маюць нават больш правоў, чым мужчыны, — дзеліцца назіраннямі беларуска. — Жанчына — гэта маці, а паводле Карана маці — гэта святое. Калі дачка ці сын ствараюць сям’ю і перасяляюцца ад бацькоў, у новым доме яны абавязкова будуюць асобны пакой для маці. 

Таксама, паводле слоў Ліліі, у Катары прынята ледзь не кожны месяц купляць для мам падарункі, з кожнага заробку. Гэта не кажучы пра дні народзінаў, на якія прынята дарыць маці вельмі дарагія падарункі.

— Жанчыны тут у пашане, — падсумоўвае суразмоўца.

«Перакус у звычайным рэстаране абыдзецца мінімум у 100 даляраў на дваіх»

А ў першы год жыцця самым складаным было прыстасавацца да некаторых мясцовых законаў, якія не датычацца маральных нормаў. Напрыклад, у Катары існуе чэкавая сістэма, і каб зняць кватэру, трэба выпісаць чэк, а не перавесці грошы на картку ці заплаціць наяўнымі. 

— Тут ты даеш 12 ці 13 чэкаў, 13-ты з якіх — дэпазіт, гаспадары жылля пасля яго вяртаюць, калі ў кватэры ўсё ў парадку. Штомесяц гэтыя чэкі кладуцца ў банк, і кожны раз банк проста здымае з твайго рахунку суму арэнды. То-бок ты не сустракаешся з арэндадаўцам кожны раз, — адзначае Лілія. 

Акрамя таго, у гэтай краіне вельмі дарагая арэнда жылля. За двухпакаёвую кватэру ў Доха сям’я беларускі плаціць 3 800 даляраў на месяц. 

— Каб нармальна тут жыць, не надта шыкуючы і не жывучы ў бядоце, на аднаго чалавека на месяц патрэбна 6—7 тысяч даляраў. На сям’ю з двух чалавек — хаця б 10 тысяч, — кажа дзяўчына.

Што цікава, камунальныя паслугі ў звыклым для нас успрыманні тут існуюць не для ўсіх: катарцы ўвогуле нічога не плацяць ні за ваду, ні за электрычнасць, ні за што іншае — усе гэтыя расходы закрывае дзяржава, бо лічыцца, што ўсе здабытыя рэсурсы належаць народу.

— Мясцовыя арэндадаўцы, на якіх аформлена жыллё, натуральна, не бяруць грошай за камуналку і з тых, хто здымае іх кватэры. Ёсць камерцыйныя будынкі, дзе ёсць такі пункт, як камуналка, але яна амаль заўсёды ўключана ў арэндную плату.

Як распавядае Лілія, замежнікі могуць купіць жыллё ў Катары далёка не паўсюль, толькі ў спецыяльна вызначаных раёнах і будынках. Кватэру-студыю тут можна купіць прыкладна за 150 тысяч даляраў. 

Таксама ў першыя гады жыцця ў новай краіне беларуска крыху сумавала па дамашняй ежы. Але ж і ў Катары ёй удалося знайсці беларускія прадукты: смятану «Брэст—Літоўск», розныя тавары ад «Санта Брэмар» і інш.

— Акрамя таго, тут паадчынялася шмат бізнэсаў, дзе гатуюць славянскую ежу: галубцы, дранікі і г. д. Так што дадому ўвогуле можна не ехаць, — смяецца дзяўчына.

Што да цэнаў, то тут пануе разнастайнасць. Можна купіць мясцовыя памідоры па даляру за кілаграм, а можна і імпартныя — па 10 даляраў за кіло. Ёсць і сярэднія катэгорыі. 

— Калі параўноўваць з іншымі краінамі, то прадукты, адзенне і паход у рэстаран каштуюць адчувальна даражэй. Напрыклад, перакус у звычайным рэстаране абыдзецца мінімум у 100 даляраў на дваіх. Кубак кавы тут каштуе у сярэднім 7 даляраў. Краіна не танная, але ж і зарплаты тут іншыя, — кажа Лілія. 

«Не існуе такіх чарадзейных працэдур, якія раз — і выправяць дрэнную скуру»

Прафесія мадэлі і напрацаваны ў ёй досвед дазваляюць беларусцы жыць у дарагой краіне. Цяпер ураджэнка Кобрына заключае кантракты напрамую з кампаніямі-заказчыкамі, бо ў яе засталося шмат кантактаў за гады працы, а таксама неахвота плаціць працэнты агенцтвам. 

— Я рэгулярна працую з Gucci, Cartier і Bulgari. З вядомых брэндаў таксама рабіла рэкламную фотаздымку для Piaget, калі вярнулася з конкурса Miss Earth, праводзіла фэшн-шоу для вядомага ліванскага дызайнера Элі Сааба, на днях здымалася ў рэкламе люксавай японскай касметыкі Sensai. То-бок пастаянна хапае розных актыўнасцяў, у тым ліку займаюся прасоўваннем уласнага бізнэсу, сваёй мастацкай студыі, — распавядае мадэль.

Каб быць запатрабаванай у сусветна вядомых кампаній, патрэбны інвестыцыі ў сябе.

— Добра выглядаць — гэта азначае правільна харчавацца і пастаянна трэніравацца. Я купляю анлайн-трэніроўкі, абыходзіцца гэта прыкладна ў 30 даляраў за месяц. У прынцыпе, нядорага. Колькі выдаткоўваю на харчаванне, нават складана падлічыць: на свежую садавіну і гародніну ідзе намнога больш грошай, чым на тыя ж крупы.

Доглядавая касметыка ў большасці выпадкаў дастаецца Ліліі бясплатна, бо яна супрацоўнічае са шматлікімі брэндамі, якія дасылаюць ёй тавары для рэкламы. 

— Тое самае і з разнастайнымі масажамі, чысткай твару і іншым, — усё мне робяць за рэкламу. Думаю, каб я плаціла, гэта б абышлося вельмі дорага, асабліва ў Катары! Тут цэны на індустрыю прыгажосці проста вар’яцкія: за чыстку твару можна спакойна аддаць 250—300 даляраў. Але часам мне нават плацяць за фотасесію падчас нейкай працэдуры ў салоне, — гаворыць мадэль.

Яна кажа, што ў яе няма нейкіх абавязковых доглядавых працэдур. Перш за ўсё важна трэніравацца і правільна харчавацца — гэтага дастаткова для падтрымання добрай фізічнай формы і здаровай скуры.

— Калі ты здаровы знутры, ты свецішся і звонку. Не існуе такіх чарадзейных працэдур, якія раз — і выправяць дрэнную скуру. Усё гэта доўгая і пастаянная праца над сабой і сваім арганізмам.

Я шмат разоў спрабавала карыстацца дарагімі крэмамі, а пасля на пэўныя перыяды ўвогуле нічым не карыстацца — і вынік быў такі ж самы.

Час ад часу Лілія дазваляе сабе прайсці курс масажу, каб трошкі разагнаць метабалізм ці зняць стомленасць са спіны — таксама больш для падтрымання здароўя, чым прыгажосці. 

Клас
58
Панылы сорам
11
Ха-ха
8
Ого
12
Сумна
14
Абуральна
18