Нават мёртвыя еўрапейцы дапамагаюць ЕС скарачаць закупкі газу ў Расіі. Фота: AFP

Нават мёртвыя еўрапейцы дапамагаюць ЕС скарачаць закупкі газу ў Расіі. Фота: AFP

Траціна ацяпляльнага сезона за плячыма, і вынікі ўражваюць. 27 краін Еўрасаюза з насельніцтвам 450 млн чалавек здолелі скараціць спажыванне газу на чвэрць, і цяпер еўрапейцы амаль упэўненыя, што перажывуць гэтую зіму без блэкаўтаў. Як ім гэта ўдалося, чаго каштавала і ці надоўга хопіць грошай і цярпення?

Газ не трапіў пад еўрапейскія санкцыі, у адрозненне ад нафты і вугалю, таму што ЕС не хацеў адмаўляцца ад таннага і адносна чыстага паліва. Аднак Уладзімір Пуцін сам прыкруціў кран: за час уварвання ва Украіну падкантрольны Крамлю «Газпрам» пад рознымі зачэпкамі скараціў пастаўкі газу ў ЕС на 80%.

З улікам таго, што ЕС купляў 40% усяго газу ў Расіі, а знайсці альтэрнатыўных пастаўшчыкоў нават па завоблачных цэнах было няпроста, перад еўрапейцамі замаячыў прывід веерных адключэнняў прамысловасці і масавых хваляванняў насельніцтва, якое стала б замярзаць. Але гэтага не адбылося. Па пяці асноўных прычынах.

1) Расія не перакрыла пастаўкі цалкам,

2) газавыя сховішчы ўдалося запоўніць амаль пад завязку,

3) людзям і бізнэсу дапамаглі субсідыямі,

4) надвор'е ў кастрычніку і лістападзе выдалася рэкордна цёплым,

5) еўрапейцы навучыліся (або былі вымушаныя) эканоміць газ.

З гэтых прычын толькі апошняя — скарачэнне спажывання газу — цалкам ва ўладзе краін ЕС. Менавіта на ёй еўрапейцы і збіраюцца з гэтага часу зрабіць упор, каб выйграць не толькі першую зімовую газавую бітву з Крамлём, але і ўсю энергетычную вайну.

«Цяпер мы абавязаныя засяродзіцца на падрыхтоўцы да наступнай зімы. Не да гэтай зімы, а да наступнай. Гэтай зімой мы ў бяспецы», — сказала на гэтым тыдні кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. «Вядома, мы заплацілі за гэта высокую цану», — дадала яна.

Краіны ЕС выдзелілі на барацьбу з энергетычным крызісам 600 млрд еўра, з якіх амаль палова прыйшлася на Германію — найбуйнейшую эканоміку ЕС і галоўнага імпарцёра расійскага газу да вайны. З улікам планаў не ўваходзячай у ЕС Вялікабрытаніі выдаткаваць амаль 100 млрд на субсідыі насельніцтву і бізнэсу, газавая вайна Крамля ўжо абышлася Еўропе ў 700 млрд еўра, падлічыў даследчы цэнтр Bruegel.

На другую зіму такой шчодрасці ўзяцца няма адкуль, паколькі з-за расійскага ўварвання ва Украіну Еўропа хутчэй, чым іншыя краіны, апускаецца ў эканамічны крызіс, ледзь паспеўшы акрыяць ад кавіднага. Можна было б дамагчыся энергетычнай незалежнасці ад Расіі за кошт іншых пастаўшчыкоў або зялёнай энергетыкі — але гэта доўга і дорага. Таму асноўная задача еўрапейцаў цяпер — эканомія.

«Скарачаючы спажыванне, мы змяншаем і рахункі за святло, і шкодныя выкіды, і шкоду ад расійскіх газавых гульняў, — сказаў еўракамісар, віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі Франц Тымерманс. — Без скарачэння попыту нічога не атрымаецца».

Як Еўропа эканоміць газ

ЕС дамовіўся эканоміць яшчэ летам, калі зразумеў, што пасля года павольнага закручвання газавага крана Пуцін перайшоў да рэзкіх рухаў. Да мая пастаўкі расійскага газу скараціліся ўдвая ў параўнанні з пікамі трохгадовай даўніны, да 250 млн кубаметраў за дзень. А ўжо ў пачатку ліпеня яны ўпалі да гістарычнага мінімуму — ніжэй за 80 млн.

У канцы ліпеня 27 краін ЕС вырашылі, што Расія як надзейны пастаўшчык энергарэсурсаў для іх страчана назаўжды, і абавязаліся скараціць спажыванне газу на 15% у параўнанні з сярэднім за апошнія пяць гадоў. План перавыканалі.

Трубы для газаправода ў Гамбург ад новага тэрмінала для прыёму звадкаванага газу на ўзбярэжжы Паўночнага мора ў Германіі. Еўропа тэрмінова замяняе расійскі трубаправодны газ марскімі пастаўкамі звадкаванага. Фота: Getty Image

Трубы для газаправода ў Гамбург ад новага тэрмінала для прыёму звадкаванага газу на ўзбярэжжы Паўночнага мора ў Германіі. Еўропа тэрмінова замяняе расійскі трубаправодны газ марскімі пастаўкамі звадкаванага. Фота: Getty Image

У першыя два месяцы ацяпляльнага сезона — у кастрычніку і лістападзе — спажыванне газу ў ЕС скарацілася на 24%, падлічыў даследчы цэнтр ICIS. Падзенне попыту ў дзвюх прамысловых дзяржавах ЕС — Германіі і Італіі — перавысіла 21%. Брытанія, якая развіталася з Еўрасаюзам, звузілася больш сціпла — на 19% у лістападзе.

Як ім гэта ўдалося? Добраахвотна-прымусова.

Да 40% попыту на газ у Еўропе прыпадае на людзей: яны ацяпляюцца газам, грэюць на ім ваду і гатуюць ежу. Каля 30% спажывае прамысловасць. Попыт у прамысловасці скарачаецца пераважна прымусова, насельніцтва ж у асноўным — добраахвотна, паколькі субсідыі для людзей непараўнальна вышэйшыя, чым для заводаў і бізнэсу, а цэны — ніжэйшыя.

У першую чаргу эканоміць прыйшлося энергазатратным вытворчасцям, на якія прыпадае крыху больш за палову ўсяго прамысловага попыту на газ: металургічным і цэментным заводам, вытворцам шкла і керамікі, угнаенняў і іншай нафтахіміі.

Калі сітуацыя не выправіцца, часовы спад попыту рызыкуе стаць пастаянным і падарваць прамысловую базу Еўрасаюза. Частка кампаній пераедзе ў іншыя краіны, напрыклад, у ЗША, дзе нафты і газу здабываецца дастаткова, а значыць, энергазабеспячэнне больш таннае, даступнае і надзейнае.

У менш энергазатратнага бізнэсу і ў дзяржсектара выбар прасцейшы. Змякчэнне правілаў, аднаўляльная энергетыка або проста адмова ад звычак дазволяць ім скараціць спажыванне.

Добра падсвятляць ратушу або фантан на цэнтральнай плошчы, прыемна сядзець у добра ацепленай бібліятэцы або ў офісе, весела глядзець на начныя вітрыны. Але, як высветлілася гэтай восенню, дзеля спынення вайны ў Еўропе еўрапейцы гатовыя адмовіцца ад усіх гэтых энергазатратных звычак. У Францыі, Іспаніі і іншых краінах цяпер забаронена падсвятляць зачыненыя крамы, а днём трымаць дзверы ў іх адчыненымі пры працуючых батарэях або кандыцыянерах. Вулічнае асвятленне прыглушанае, у грамадскіх будынках не больш за +19°С, і тое толькі днём, а ў туалетах няма гарачай вады.

Нават мёртвыя дапамагаюць агульнай справе зніжэння залежнасці ад расійскага газу. Нямецкія крэматорыі прапанавалі свой план — як спальваць ранейшую колькасць нябожчыкаў з 80% эканоміяй газу. Частку печаў адключыць, іншыя перавесці ў кругласутачны рэжым, а тэмпературу паменшыць да 750° з 850°. На ўсё гэта патрэбны толькі дазвол уладаў, цытуе агенцтва «Рэйтэр» кіраўніка Саюза крэматорыяў Германіі Свенда-Ёрка Сабалеўскага.

Падсветка ў Еўропе больш не ў модзе. Берлінскі кафедральны сабор і Берлінская тэлевежа. Фота: Getty image

Падсветка ў Еўропе больш не ў модзе. Берлінскі кафедральны сабор і Берлінская тэлевежа. Фота: Getty image

«Рэйтэр» прыводзіць і іншы прыклад аптымізацыі энергаспажывання на памежнай з замагільным светам тэрыторыі. Па звестках агенцтва, дыяцэзія Рурмонда ў святле энергетычнага крызісу дазволіла тром сотням сваіх святароў Рымска-каталіцкай царквы ў Нідэрландах прапускаць адну-дзве імшы — у мэтах эканоміі.

Насельніцтва пакуль не абавязваюць эканоміць і нават не прапаноўваюць — толькі раяць. І тое не ўсім. У Вялікабрытаніі, напрыклад, папярэдні ўрад адмаўляўся аплачваць сацыяльную рэкламную кампанію і толькі пасля змены прэм'ера пагадзіўся адправіць брытанцам па пошце лісты пра спосабы і выгоды энергазберажэння.

Тым часам, паводле звестак профільных экспертаў, памяншэнне тэмпературы ў брытанскіх дамах ўсяго на 1°С дазваляе ашчадзіць да 7% газу. Аналагічная мера актуальная і для многіх буйных эканомік Еўропы, дзе топяць пераважна газам — перш за ўсё для Італіі, Нідэрландаў і Германіі.

«Першая праверка холадам»

Таму не прамысловасць, а людзі — адзіная надзея Еўропы скараціць залежнасць ад расійскага газу. Цяпер насельніцтва падтрымліваюць субсідыямі і абмежаваннем тарыфаў на газ. Таму многія не бачаць патрэбы эканоміць. Цэны на святло і цяпло калі і растуць, то не моцна, і людзі не адчуваюць патрэбы скарачаць спажыванне. Рынкавы механізм разбурэння попыту буксуе.

«Многія краіны па-ранейшаму памылкова субсідуюць спажыванне энергіі там, дзе патрабуецца скарачэнне попыту, — наракае еўракамісар Тымерманс. — Такі падыход багаты рызыкамі. Калі дзяржпадтрымка вычарпаецца, давер да рынку будзе падарваны, санкцыі супраць Расіі ўводзіць стане складаней, а нейтралізацыя выкідаў абыдзецца даражэй».

На змену гарачаму кастрычніку і цёпламу лістападу ў Еўропу прыйшоў незвычайна сцюдзёны снежань. Эдынбург, 9 снежня. Фота: Getty Image

На змену гарачаму кастрычніку і цёпламу лістападу ў Еўропу прыйшоў незвычайна сцюдзёны снежань. Эдынбург, 9 снежня. Фота: Getty Image

Скарачэнне попыту асабліва актуальнае таму, што іншыя чатыры фактары, якія дазволілі Еўропе бязбольна перажыць пачатак ацяпляльнага сезона, нягледзячы на падзенне імпарту з Расіі на 80%, могуць неўзабаве сысці на нішто.

1) Расія яшчэ пастаўляе газ у Еўропу, але можа ў любы момант цалкам перакрыць кран. ЕС абяцае да Новага года зацвердзіць столь цэнаў на газ, а Пуцін ужо паабяцаў адключыць усіх, хто пад гэтым падпішацца.

2) Газавыя сховішчы да наступнага ацяпляльнага сезона будуць запоўненыя не на 95%, як сёлета, а ўсяго на 65%, дапускаюць аналітыкі ICIS. Галоўная прычына — верагодная газавая блакада з боку Крамля.

3) Субсідыі людзям і бізнэсу ў цяперашнім аб'ёме выключаныя. Па-першае, яны падтрымліваюць попыт і не даюць скараціць спажыванне. Па-другое, на іх проста не хопіць казённых грошай. Паводле ацэнак Еўракамісіі, 70% дзяржпадтрымкі — гэта дывановая бамбардзіроўка грашыма ўсіх пагалоўна, а не тых, хто найбольш мае патрэбу. Для эканоміі сродкаў улады абавязкова пяройдуць да субсідзіравання толькі самых бедных і ўразлівых грамадзян. Фестываль шчодрасці завершаны.

4) Цёплая восень змянілася халоднай зімой. Паўночная Еўропа перажывае незвычайна сцюдзёны снежань. Спажыванне газу ў Германіі, па даных мясцовага рэгулятара, вырасла за мінулы тыдзень на 14%. Эканомія ў параўнанні з сярэдняй за апошнія пяць гадоў па-ранейшаму істотная — каля 13%, але яна ніжэйшая, чым 23% у лістападзе і 26% у кастрычніку.

У цэлым у Еўропе падобная карціна. «Попыт на газ у ЕС і Брытаніі за тыдзень да 6 снежня скараціўся на 10% да пяцігадовага сярэдняга. У лістападзе было 22%, у кастрычніку — 24%, у верасні — 12%», — піша кіраўнік газавых аналітыкаў ICIS Цім Марзэк-Мансэр.

«Сардэчна запрашаем на першую праверку холадам».

Клас
70
Панылы сорам
2
Ха-ха
7
Ого
6
Сумна
11
Абуральна
13