«Старэйшае дзіця апрануць танней, чым малодшае»

Юлія, 31 год, выхоўвае двух сыноў.

— У мяне два сыны. Старэйшаму Яраславу — 8 гадоў, а малодшанькаму Глебушку — годзік. Быць мамай — гэта вялікая адказнасць як у маральным, так і ў фінансавым плане.

Я цяпер у дэкрэце і атрымліваю дапамогу на дзяцей — 635 рублёў 48 капеек на малодшага Глеба і 164 рублі 25 капеек дадаткова на старэйшага Яраслава.

Асноўная частка дэкрэтных выплат ідзе, вядома ж, на падгузнікі. Яны цяпер каштуюць нятанна. На тыдзень хапае адной упакоўкі, а каштуе яна 72 рублі. Гэта значыць толькі на памперсы у месяц сыходзіць каля 300 рублёў! Лічы, палова дапамогі.

Шмат грошай ідзе на набыццё адзення для сыноў. Я заўважыла, што старэйшае дзіця апрануць прасцей і танней. Напрыклад, калі для старэйшага сына я купіла куртку за 85 рублёў, то камбінезон для малодшага абышоўся ў цэлых 135 рублёў! Старэйшаму Яраславу купіла шапку за 10 рублёў, а для малодшага шапачка каштавала ўдвая даражэй.

Наогул для малых адзенне каштуе дорага. Калготкі для Глеба, напрыклад, па 7—8 рублёў, кофтачкі — па 10—12 рублёў. Каб з'ездзіць у паліклініку або ў госці трэба мець у гардэробе так званы «парадны гарнітурчык», сярэдняя цана ў нашых крамах на яго — 35—50 рублёў.

Малодшы Глеб вельмі чуллівы да ежы, на некаторыя прадукты бывае алергія, бо я не змагла карміць яго грудным малаком, куплялі казінае ў бабулі ў бліжэйшай вёсцы. Літр каштаваў 2 рублі ў тыдзень — на малако сыходзіла 14 рублёў. Зараз малы пасталеў, купляем дзіцячае малако ў краме — маленькімі каробкамі. У суткі такога малака сыну трэба дзесьці 5—6 штук. А вось мясныя і гароднінныя дзіцячыя кансервы не купляем — пераціраю сама.

Калі палічыць, то ў месяц на ежу для Глебушкі ў нас сыходзіць прыкладна 200 рублёў.

Я ўжо не кажу аб куплі касметычных сродкаў: вільготных сурвэтак, шампуню, мыла, дзіцячага крэму. А лекі! Да таго ж не ўсе прэпараты сёння можна знайсці ў нашых аптэках, некаторыя з іх — свечкі «Генферон», напрыклад, лекі ад алергіі «Фенастыл», спецыяльныя пакеты для збору мачы — мы прасілі прывезці сваяка з Расіі.

Калі параўнаць суму поўнай дапамогі на двух дзяцей, то гэта прыкладна тая ж сума, якую я атрымлівала на працы — 600—700 рублёў чыстымі на рукі. Таму сэнсу выходзіць з дэкрэта раней я не бачу ды і не хочацца рана аддаваць свайго малога ў садок. Да таго ж, наведванне садка сёння таксама абыходзіцца нятанна.

Вядома, седзячы ў дэкрэце, сабе мала што купляеш, усё сыходзіць на дзіця. Хіба што атрымоўваецца зэканоміць на недарагую касметыку. Але як бы там ні было, дзеці — гэта шчасце. На іх грошай не шкада, і дзеля іх трэба жыць і развівацца.

«Кармлю дачку грудзьмі, таму дзіцячую сумесь не купляю»

Кацярына, 23 гады, выхоўвае сямімесячную дачку.

— Арына — гэта маё першае дзіця. На яе я атрымліваю дапамогу ў памеры 565 рублёў.

Так як у мяне хапае малака і я кармлю сваю дачку грудзьмі, то на дзіцячую сумесь я грошы не трачу. Толькі купляю безмалочную кашу, агародніннае і фруктовае пюрэ, каб прыкормліваць малую. На гэта ў мяне ў сярэднім сыходзіць 150—200 рублёў.

Вядома ж, асноўная частка дапамогі ідзе на памперсы, яны цяпер вельмі дарагія. Праўда, часам мне іх з Польшчы прывозяць сваякі, там яны каштуюць у 2—3 разы танней.

Дзіцячыя цацкі Арыне я купляю рэдка, так як іх часта прывозяць нашы бацькі і родныя цёткі і дзядзькі. Вопратку і іншыя неабходныя рэчы для малой мы купляем у дзіцячых крамах або на інтэрнэт-сайтах, сёе-тое купляюць і нашы бацькі. Нядаўна, напрыклад, яны нам купілі дзіцячае крэсла за 160 рублёў.

Бо гэта першая ўнучка і пляменніца ў нашай сям'і, то ўсе хочуць надаць ёй увагу і чымсьці нам дапамагчы, у тым ліку і фінансава.

Вядома, грошы яшчэ сыходзяць на касметычныя сродкі: вільготныя сурвэткі, дзіцячы крэм, мыла, шампунь. Апошнім часам гэта таксама значна падаражэла. Але ўсё пералічанае не трэба купляць кожны месяц, хіба што сурвэткі. І то іх можна ўзяць вялікую ўпакоўку. Адна такая ўпакоўка каштуе дзесьці ад 7 да 35 рублёў у залежнасці ад фірмы.

У прынцыпе, дапамогі на дзіця хапае, тым больш улічваючы тое, што добра дапамагаюць блізкія і родныя людзі.

Дзіцячая дапамога меншая, чым мая зарплата, але я не збіраюся раней выходзіць з дэкрэта, так як я разумею, што для дзіцяці першых трох гадоў асабліва важныя бацькоўскі клопат, любоў і ўвага. Тым больш, што ў мяне нядрэнна зарабляе муж.

Цяпер амаль увесь час сыходзіць на клопат пра Арышку, але нават пры такой інтэнсіўнай занятасці мы з мужам можам сабе дазволіць з'ездзіць да маіх бацькоў ці сяброў нават за 100 кіламетраў разам з нашай дачкой. Яна ў нас даволі спакойнае дзіця і падарожжа пераносіць добра.

Натуральна, са з'яўленнем дзіцяці сваё бесклапотнае жыццё рэзка перабудоўваеш перш за ўсё пад яго патрэбы, і на сябе застаецца не так шмат часу, але я магу сабе дазволіць дагляд за сабой і наведванне салона прыгажосці хоць бы раз у месяц. Ды і на сустрэчы з сяброўкамі хапае часу, хоць, вядома, гэта адбываецца ўжо не так часта.

У планах на будучыню ў нас з мужам нарадзіць яшчэ адно дзіця, каб нашай малой не было сумна і каб яна не вырасла эгаісткай.

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
2