У сакавіку 2022 года Atlassian абвясціла, што мае намер працягнуць працу з невялікімі бізнэсамі з Беларусі і Расіі (сумы, эквівалентныя даходу ў гэтых краінах, планавалася ахвяраваць Украіне). Аднак у верасні гэтае рашэнне змянілася «з-за працягу дзеянняў расійскага ўрада супраць украінскага народа і прымусу бізнэсу падтрымліваць гэта незаконнае ўварванне».

— Мы невялікая кампанія ў складзе ПВТ. Зрабілі акаўнт кампаніі ў Jira яшчэ ў 2019—2020 гадах. Пасля пачатку вайны многія з супрацоўнікаў пераехалі, але ў некаторых профілях засталася лакацыя «Мінск». У тым ліку і ў профілі чалавека, які адказвае за плацяжы. 1 снежня наш Jira-праект перастаў працаваць, — кажа дырэктар кампаніі, які пажадаў захаваць ананімнасць.

Па яго словах, апавяшчэнняў ад Atlassian кампанія не атрымала і да блакавання не рыхтавалася. Спачатку каманда падумала, што сэрвіс «упаў».

— Напісалі ў падтрымку. Нам адказалі, што не працягнулі падпіскі і заблакавалі доступ да сэрвісу, бо мы з Беларусі, а Jira пачала блакаваць падпіскі на ўсе сэрвісы з Расіі і Беларусі. З іх ліста зразумела, што калі падпіска была на месяц (лістапад), то сэрвіс будзе заблакаваны. Для астатніх — да канца аплачанага перыяду.

На дадзены момант камандзе недаступная тэхнічная дакументацыя, бэклог і задачы па праектах. Кіраўніцтва спрабуе аднавіць доступ да сэрвісу або дамовіцца аб абнаўленні даных.

Цяпер кампанія выкарыстоўвае Google Docs.

— Спадзяёмся, што адновім Jira, каб зрабіць бэкап. Калі адновім, будзем разглядаць падобныя сэрвісы. Пасля такога досведу карыстацца гэтым прадуктам не хочацца.

Аўстралійская Atlassian з 2002 года стварае софт для кіравання распрацоўкай. Найбольш вядомыя прадукты — Jira, Confluence. У 2017 годзе кампанія набыла распрацоўшчыка сэрвісу кіравання праектамі Trello.

Клас
14
Панылы сорам
5
Ха-ха
4
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
3