Фота: скрыншот з платформы leleka.me
30 валанцёраў з пачатку сакавіка пачалі працаваць над стварэннем адмысловай платформы Leleka, на якой можна набыць малюнкі дзяцей з Украіны. Сваю творчасць маленькія мастакі дасылаюць арганізатарам праекта, пасля дызайнеры ўручную апрацоўваюць малюнкі і далей выява выстаўляецца на продаж. Агулам у праекце паўдзельнічалі ўжо 5 тысяч украінскіх дзяцей, якія даслалі 16 тысяч прац.
Фота: скрыншот з платформы leleka.me
За распрацоўку тэхнічнай часткі праекта адказвае Павел Лібер. Дызайнеры апрацавалі ўжо 12 тысяч малюнкаў. У камандзе таксама ёсць маркетолагі, якія рэдагуюць тэксты дзяцей, якімі аўтары суправаджалі свае малюнкі. А таксама каманда пастаянна шукае каналы продажу работ: каб дзеці маглі зарабіць як мага больш.
Напрыклад, пад Каляды на сайце etsy.com запусцілі продаж набораў святочных паштовак. Для большага прасоўвання дзіцячай творчасці плануецца рабіць і іншыя фізічныя прадукты з малюнкамі.
Украінскія дзеці з дапамогай праекта агулам змаглі зарабіць 15 тысяч еўра. Усе грошы ад продажу без VAT і плацежнай камісіі партнёраў пералічаны непасрэдна на банкаўскі рахунак бацькоў дзетак. Сам праект не бярэ камісіі і з’яўляецца поўнасцю валанцёрскім.
«Дзеці, якія ўдзельнічаюць у праекце, адчуваюць сябе патрэбнымі, што яны могуць таксама нешта зрабіць. Дзеля гэтага мы і стварылі праект. Але часта свае грошы дзеці далей адпраўляць на дабрачыннасць», — падкрэслівае Аляксандра Ламачэнка.
75—80 % мастакоў, якія дасылаюць свае малюнкі — гэта дзеці, якія знаходзяцца ва Украіне. Самаму маленькаму з іх 8 месяцаў. Але дасылаюць свае працы пачаткоўцы рознага ўзросту, у розных стылях і з рознымі сюжэтамі. Для зручнасці на сайце выявы разбітыя па катэгорыях, і можна абраць малюнкі толькі, напрыклад, з чырвоным колерам, ці з жывёламі, ці намаляваныя ў пэўнай тэхніцы.
Аляксандра Ламачэнка адзначае, што ў праекта ёсць тры катэгорыі пакупнікоў. Найперш гэта жыхары краін-суседак Украіны, якія добра ведаюць сітуацыю і хочуць непасрэдна падтрымаць яе жыхароў. Другая катэгорыя — гэта пакупнікі з ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі і іншых краін Заходняй Еўропы, якія ўжо больш уважліва выбіраюць малюнкі, раздрукоўваюць іх пад пэўныя мэты, напрыклад, каб упрыгожыць свой дом. Таксама платформай Leleka карыстаюцца камерцыйныя кампаніі, каб стварыць крэатыўны мерч.





