Ксёндз Сяргей Сурыновіч за мальбертам. Фота Францішка Дубраўскага
Святар Сяргей Сурыновіч — доктар біблійнай тэалогіі, у 2019 годзе абараніў у Польшчы дысертацыю па перакладах Бібліі на беларускую мову. Але акрамя святарскай ды навуковай дзейнасці ён мае і мастацкае хобі.
Выстава мастацкіх твораў Сяргея Сурыновіча — вынік працы святара-мастака ў 2022 годзе. Аўтар прадстаўляе на суд гледачоў 31 твор, выкананы ў тэхніцы алею на палатне.
Тэматычна ўсе падрыхтаваныя да паказу працы — плод разважанняў духоўнага творцы над праблемамі, узнятымі Папам Францішкам у энцыкліцы Laudato si’, прысвечанай абароне стварэння.
«Выстава «Птушыны вянок» — вяртанне ксяндза Сурыновіча да жывапісу пасля працяглага перапынку. Сэнсам яго жыцця, пакліканнем, як сам ён кажа, з’яўляецца для яго святарства і служба людзям і Богу. Жывапіс жа для яго — адзін са сродкаў служэння, што дапамагае ўбачыць Бога ў дэталях і праявах створанага ім свету.
Цяперашняя персанальная выстава ксяндза Сяргея Сурыновіча ў Віцебску ўжо другая. Першая адбылася тут у 2007 годзе. А да таго былі выставы ў музеі горада Цільзіта, у музеі Крысціянаса Данелайціса, у Доме народнай творчасці ў Калінінградзе.
Адкрыццё выставы — 7 снежня а 16-й гадзіне ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва па адрасе: праспект Фрунзе, 11, музычная гасцёўня.
Выставу можна наведаць да 26 лютага 2023 года.





