Летам яна жыве ў Антарктыдзе, а на зіму прыязджае сюды, у пушчу, каб дарыць людзям навагодні настрой і падарункі, дапамагаць разбіраць вялікую пошту. Апошнія гады Снягурка прыязджае ў пушчу не адна, а са світай — матухнай Зімой, а яшчэ з Завеяй, Сцюжай і Мяцеліцай, і ўсе яны ў зімовыя месяцы самааддана працуюць у памесці на карысць зімовай казкі. Вось і сёння доўгачаканыя госці завіталі ў пушчу, сустрэліся пасля доўгай разлукі з Дзядулем Марозам.

Казачны Дзед сустрэў іх ля варот сваёй рэзідэнцыі:

— Як я сумаваў без вас, як чакаў! Шматлікія госці нашы, дарослыя і дзеці, таксама чакалі. Праходзьце і далучайцеся да нашага свята! 

Снягурка, якая без справы ў сваёй халоднай летняй кватэры не сядзела, а рыхтавала падарункі, адразу ўзялася за работу. Усіх сустракала, прывячала, на добрыя словы не скупілася. Свята, якое назвалі «Белавежская казка», разгарнулася па ўсім маёнтку. Удзельнікі фестывалю аніматараў і тэатраў гульні «Добрыя чараўнікі» сабралі мноства гледачоў, далучылі гасцей да сапраўднай феерычнай дзеі. Тут усе спявалі, танцавалі, а галоўнае, усміхаліся разам. Самадзейныя калектывы, якія выступалі на імправізаванай сцэне, таксама задавалі святочны настрой. Маршам прайшоў аркестр Дзядоў Марозаў.

Госці з задавальненнем гулялі па рэзідэнцыі, цуды тут чакаюць ледзь не на кожным кроку. Ля чароўнага млына можна загадаць жаданне, але перад гэтым трэба папрасіць млын перамалоць усё дрэннае. І млын паслухае і перамеле… А ўжо потым на паляне 12-ці месяцаў папрасіць заступніцтва ў свайго чароўнага месяца. Белавежская пушча захоўвае шмат розных таямніц і сакрэтаў, таму атмасфера ў лясным царстве асаблівая. Тут можна атрымаць падарунак, а можна і зрабіць падарунак. Тады яго размесцяць у Скарбніцы, і кожны зможа ўбачыць, якія прыгожыя рэчы робяць сваімі рукамі госці ў падарунак навагодняму чараўніку, якія незвычайныя прывозяць званочкі — Дзядуля сабраў іх цэлую калекцыю. 

Госці з задавальненнем наведваюць усе цікавосткі рэзідэнцыі, а таксама частуюцца чаем на травах, блінамі і рознай смакатой.

Настаўніца з Брэста Вольга Бабко прыехала з дзецьмі:

— Дзеці у захапленні, яны чакалі сустрэчы з Дзедам Марозам і Снягуркай, мы ехалі за навагоднім настроем, і мы яго атрымалі, а яшчэ — зарад весялосці і бадзёрасці.

Фота з архіва, носяць ілюстрацыйны характар

Клас
1
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
2