Ваенкары адзначаюць, што гэта адбылося, як толькі першыя маразы скавалі зямлю.

Чырвонапапоўка — вёска, у якой да вайны жыло каля 900 чалавек. Яна мае стратэгічнае значэнне, бо кантроль над ёю пераразае дарогу Крамянная — Сватава. Пасля гэтага з Крамянной застаецца толькі дарога на Рубежнае.

Ваенкары паведамляюць, што з Чырвонапапоўкі ўкраінскія войскі атакуюць у кірунку Жытлоўкі — апошняга населенага пункта на подступах да горада Крамянная.

Раней украінскія войскі пасля доўгіх баёў вызвалілі вёску Макееўку на паўночны захад ад Чырвонапапоўкі і занялі Неўскае на поўдзень ад Макееўкі і Кармазінаўку на поўнач ад яе.

Баі ў гэтым раёне на захадзе Луганскай вобласці ідуць зацятыя. Паміж вызваленнем Неўскага з Кармазінаўкай і суседняй з імі Макееўкі прайшоў 21 дзень. Ад часу заняцця Макееўкі да ўступлення ўкраінскіх войскаў у Чырвонапапоўку прайшло яшчэ 18 дзён.

«Актыўныя баявыя дзеянні ідуць па ўсёй лініі фронту ў раёне горада Крамянная і ў раёне трасы, якая злучае Крамянную са Сватавам. Хутчэй за ўсё, праціўнік працягне ціснуць на гэтым участку фронту ўсімі наяўнымі ў яго распараджэнні сіламі, імкнучыся развіць свой сённяшні поспех», — піша блогер WarGonzo. 

Пасля вызвалення Лімана ў пачатку кастрычніка перадавыя ўкраінскія войскі замацаваліся ў Торскім, Цярнах і занялі ваколіцы Крамянной — горада за 35 кіламетраў на ўсход ад Лімана. Расійскія войскі выстраілі новую лінію абароны на захад ад лініі Крамянная — Сватава, па рэчцы Жарабец.

«Паўстае пытанне аб утрыманні Крамянной — аднаго з ключавых пунктаў, якія забяспечваюць паўночны фланг абароны Лісічанска. Крамянную здаваць нельга ні ў якім разе», — заклікаў палкоўнік Гіркін.

Цяпер расійскія войскі адціснутыя ад рэчкі Жарабец да рэчкі Краснай, якая цячэ на 10—15 кіламетраў на ўсход.

Крамянная — горад, у якім да вайны жыло 18 тысяч чалавек. Ëн стаіць на левым беразе Северскага Данца адразу над далінай ракі. Ад яго 30 км да Лісічанска. Крамянную расіяне занялі 18 красавіка.

Нагадаем, што 1 кастрычніка расійскае Мінабароны прызнала страту Лімана. «У сувязі са стварэннем пагрозы акружэння саюзныя войскі былі адведзеныя з населенага пункта Ліман на больш выгадныя рубяжы», — гаварылася ў заяве Масквы.

На поўнач ад гэтых тэрыторый украінцы стварылі шматлікія плацдармы на левым беразе ракі Аскол і наступаюць ад Лазавой, Купянска ды Двурэчнай.

Сватава — райцэнтр на поўначы Луганскай вобласці, да вайны ў ім жыло 16 тысяч чалавек. Расійскія войскі акупавалі горад 6 сакавіка, на 11-ты дзень вайны.

Вызваленне Сватава або Крамянной мела б як стратэгічныя, так і маральныя наступствы. Гэта быў бы першы вызвалены райцэнтр Луганскай вобласці, якая на сёння амаль цалкам кантралюецца расійскімі войскамі.

У цэлым на луганскім кірунку ініцыятыву захоўвае ўкраінская армія.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру