Павел Латушка напісаў, што ўчора Дзмітрый Гара даваў Лукашэнку справаздачу аб тым, як працуе «прававое ноу-хау» яго ведамства — завочнае справаводства па «беглых, якія хаваюцца за мяжой». Следчы камітэт «гэтую працэдуру, якая парушае ўсё, што толькі можна, называе «спецыяльным справаводствам», адзначае Латушка.

Наконт прызначанага яму адваката Павел Латушка заявіў:

«Чалавека я гэтага не бачыў і не чуў, пра існаванне яго даведаўся са СМІ. Са мной ён ні разу не звязваўся, пра сябе не заяўляў, хаця ў судзе ведаюць мае кантакты.

Калі са мной «следчы» Гара мае зносіны праз СМІ, то публічна хачу заявіць, што адваката гэтага лічу некампетэнтным мяне «абараняць» і прашу адхіліць на падставе артыкула 47 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Беларусі («Падазраваны або абвінавачаны мае права адмовіцца ад абаронцы ў любы момант вытворчасці па матэрыялах або крымінальнай справе»).

Новага «абаронцу», зрэшты, прасіць сэнсу няма: самазабойцаў, мяркую, не знойдзецца ды і самому падстаўляць калег-юрыстаў не хацелася б», — напісаў Павел Латушка ў тэлеграм-канале.

Нагадаем, учора старшыня Следчага камітэта Дзмітрый Гара паведаміў дзяржаўным СМІ, што крымінальная справа супраць Ціханоўскай і Латушкі хутка можа быць перададзена ў пракуратуру для накіравання ў «завочны» суд. Нібыта іх адвакаты ўжо знаёмяцца з матэрыяламі. Адметна, што «абаронцаў» у судах па спецыяльнай вытворчасці прызначае орган крымінальнага расследавання.

Клас
7
Панылы сорам
5
Ха-ха
6
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
3