Смерць Уладзіміра Макея — для Аляксандра Лукашэнкі страта ў многім асабістая. Макей для Лукашэнкі хаця і не быў сябрам у звыклым для большасці людзей сэнсе гэтага слова, бо такія людзі на сяброўства наўрад ці здольныя, але быў вельмі блізкі да таго.

Макей — гэта магіканін з першай лініі набліжаных, якіх можна пералічыць на пальцах адной рукі.

Яму нястрашна было давяраць кантакты з заходнікамі, Макей не здрадзіць. Не перамятнецца. 

Іншыя кіраўнікі МЗС пакідаюць мемуары і кнігі, а Макей пакінуў спісаныя цытатамі Лукашэнкі сшыткі. 

Ён вырас як работнік побач з Лукашэнкам, а таму цвёрда стаяў на нагах, мог дазволіць сабе ні з кім, апроч Лукашэнкі, не раіцца наконт сваіх ідэй і планаў.

Макей быў самым «свядомым» з першага кола Лукашэнкі. Часам гэта давала нейкія мілыя для культуры Беларусі вынікі, але глабальна на сістэму не ўплывала. 

Праз тое, што ён можа гаварыць наўпрост з Лукашэнкам, а таму — выдатны перадатчык, Макей быў каштоўны і як міністр замежных спраў для заходнікаў. Як мінімум праз яго можна было перадаць адразу ў галоўныя вушы. 

Ніхто з ягоных намеснікаў ці ранейшых міністраў (пасля Латыпава) і блізка не мае таго ўзроўню адносінаў з Лукашэнкам.

Таму, у гэтым сэнсе, у сэнсе блізкасці да цела, замены Макею няма. Качанаву ці Шэймана не паставіш, бо яны і моў не ведаюць, і досведу размоў з «белымі людзьмі» не маюць, і патрэбныя на іншых кірунках. 

Кандыдат №1. Максім Рыжанкоў, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі

Максім Рыжанкоў

Чалавек, які па службовых абавязках курыруе знешнюю палітыку Беларусі і інструмент яе выканання (фармулюе знешнюю палітыку Лукашэнка, выконвае — МЗС, а правярае выкананне — Адміністрацыя).

«Рыжанкоў ужо даўно і паслядоўна даводзіць Лукашэнку, дэманструе, па-свойму крычыць, што ён можа [кіраваць МЗС] лепш і што Макей вельмі адвольна трактуе задачы Лукашэнкі і не спраўляецца з іх выкананнем», — кажа «Нашай Ніве» абазнаны суразмоўца. 

«Рыжанкоў — найбольшы крытык Макея ў сістэме. Ніводнай калегіі МЗС апошнім часам не было, каб ён у сваім выступе не праходзіўся па, як яму здавалася, неэфектыўным стылі Макея. Яны былі адкрытыя ворагі, але паваліць Макея Рыжанкоў не мог.

Цяпер Макея няма, і вельмі імаверна, што Рыжанкову дадуць праявіць сябе. Таксама тут ёсць нюанс, што Рыжанкоў — гэта таксама чалавек, з якім у Лукашэнкі асабістае. Лукашэнка быў блізкі з бацькам Максіма Рыжанкова, які быў памочнікам Лукашэнкі па спорце. Рыжанкоў і сам гатовы, і Лукашэнка яму гатовы быў бы даверыцца ў гэтым пытанні», — дадае іншы абазнаны суразмоўца. 

Рыжанкоў — даўні дыпламатычны кадр, які пры гэтым разумее, як ацэньваць эфектыўнасць работы. У свой час ён кіраваў Упраўленнем замежнай палітыкі Адміністрацыі Лукашэнкі. Цяпер — курыруе работу МЗС. 

З Рыжанковым ёсць нюанс, што ён пад заходнімі санкцыямі пасля падзей 2020-га. Але і Макей таксама на момант свайго прызначэння міністрам быў пад заходнімі санкцыямі за падзеі 2010-га. Іх пасля прызначэння знялі.

У любым разе, усе ведаюць «кейс Пяткевіч», якая, будучы пад санкцыямі, ездзіла ў Штаты да свайго мужа Валянціна Рыбакова, прадстаўніка Беларусі ў ААН, як член дыпламатычнай дэлегацыі, на якога не распаўсюджваецца дзеянне санкцый. 

Кандыдатура №2. Сяргей Алейнік, першы намеснік міністра замежных спраў

Сяргей Алейнік злева

«Кар'ерны, дасведчаны дыпламат, які не наробіць памылак, які фармальна адпавядае ўсяму, што магло б чакацца ад міністра, і зможа працягваць работу так, як яна вялася, — Лукашэнка ў свае гады і ў сваёй сітуацыі цэніць кансерватыўнасць», — кажа нам абазнаны суразмоўца. 

«Алейнік цудоўна гаворыць з замежнікамі. Прафесіянал у дыпламатыі, з вынікамі работы па сваіх кірунках. І павінен быць давер, Лукашэнка павінен ведаць чалавека асабіста і добра, каб прызначыць у МЗС. У Алейніка гэта ўсё ёсць», — дадаў іншы суразмоўца. 

Кандыдатуру Алейніка як магчымую называюць амаль усе суразмоўцы «Нашай Нівы», якія маюць уяўленне пра работу сістэмы і знаходзяцца ў ёй. 

Гэта кампрамісная, рэспектабельная, не адыёзная, дыпламатычная ва ўсіх сэнсах гэтага слова фігура, якая не мае негатыўнага шлейфа. 

Кандыдатура №3. Валянцін Рыбакоў, прадстаўнік пры ААН

Фота: «Мінск-Навіны»

Шансы мае і прадстаўнік у ААН Валянцін Рыбакоў, былы памочнік Аляксандра Лукашэнкі, вядомы як сваёй маральнай беспрынцыповасцю, так і абсалютнай вернасцю сістэме.

Рыбакоў нарадзіўся ў Томску. «Амаль рускі», — апісваюць яго калегі. Прызначэнне Рыбакова ўпісвалася б у лінію, калі «рускія» займаюць ключавыя пасады ў апараце Лукашэнкі.

Рыбакоў жанаты з колішняй фаварыткай Аляксандра Лукашэнкі, яго памочніцай і намесніцай кіраўніка Адміністрацыі Наталляй Пяткевіч (для яе гэта трэці шлюб).

Кандыдатура №4. Віктар Лукашэнка

«Лукашэнка таксама яшчэ спрабуе трымацца за маркеры суверэнітэту, чым МЗС, безумоўна, з'яўляецца», — кажа адзін з нашых суразмоўцаў і адзначае, што ў рэальнасці постаць, на якую паставіць Лукашэнка, можа быць і нечаканай. 

У колах экспертаў знутры сістэмы, да прыкладу, называецца і фігура Віктара Лукашэнкі, які мае рэсурс, што меў і Макей, — доступ да цела. 

«А адносіны з Захадам у нейкі момант могуць выратаваць Лукашэнку нават не палітычнае, а рэальнае жыццё. Было б разумна даверыць гэта сыну. Толькі няясна, як сам Віктар глядзіць на перспектыву ўзначаліць МЗС, ці трэба яму гэта. Ён, дарэчы, выпускнік факультэта міжнародных адносінаў і работнік МЗС у мінулым, а таксама дыпламат па факце работы ў Нацыянальным алімпійскім камітэце», — кажа наш суразмоўца. 

Іншыя варыянты

Суразмоўцы «Нашай Нівы» адзначаюць прынцыпы, па якіх будзе адбірацца будучы кіраўнік МЗС. 

Лаяльнасць 100% у цяперашнім лукашэнкаўскім разуменні гэтага слова.

Па гэтай прычыне многія кандыдатуры будуць адкінутыя і не пройдуць фільтр спецслужбаў. Таксама вынікі работы і прафесіяналізм. Хоць цяпер МЗС не ўплывае на палітыку дзяржавы, Лукашэнка ведае, што не ведае, як і калі яму спатрэбіцца МЗС у будучыні, таму з Мінспорту ці Мінабароны чалавека не прызначыць.

Хто яшчэ мог бы і не мог бы быць міністрам?

Цэнтральная фігура ў сістэме — пасол у Расіі, Дзмітрый Круты, наўрад ці стане міністрам, бо па прафесіі перадусім эканаміст, а не дыпламат, і выконвае вельмі спецыфічныя функцыі, мае вельмі спецыфічны досвед, малапрыдатны ў рабоце на іншых кірунках.

З пасады пасла ў Расіі кадры часта трапляюць у віцэ-прэм'еры. І наадварот, з віцэ-прэм'ераў — у паслы ў Маскве. 

Намеснік міністра Яўген Шастакоў, імаверна, мог бы мець кар'ерныя шансы, калі б быў жывы Макей — з ягонай прамоцыяй. Шастакоў быў правай рукой Макея. Ці ўтрымаецца ён увогуле ў МЗС пасля смерці Макея — няясна, ягоныя шанцы заняць месца міністра суразмоўцы «Нашай Нівы» чамусьці ацэньваюць як невялікія.

Шансы іншага намесніка, радыкальнага русафіла Юрыя Амбразевіча, ацэньваюць вышэй. 

А вось Андрэй Савіных, якога часта згадваюць у сацсетках, у дыпламатычным ведамстве мае рэпутацыю мала да чаго прыдатнага фрыка.

«Такія кадры ніколі ніякіх сур'ёзных пасад не займалі і фігурамі па мерках сістэмы не з'ўляюцца. Хаця, калі Лукашэнка ўжо вырашыць, што МЗС не трэба, то можна і Савіных. Можна і Русага ці Зайца», — іранізуюць суразмоўцы «Нашай Нівы». 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
BLR / Адказаць
28.11.2022
Да пятай кропкі гэта ўсе
Усе роўна што загадаюць, то і будзе рабіцца. Кіруе Лукашенка і яго адміністрацыя
0
дуся / Адказаць
28.11.2022
В нынешних условиях без разницы, хоть козу отставного барабанщика назначай, никто с этой властью разговаривать не желает.
0
Алек. Ру / Адказаць
28.11.2022
Яны усе ненавідзяць усë беларускае, і абажаюць усë расейскай, і ніколі не будуць адснацыянальныя інтарэсы Беларусі, і блізкі толькі саюзныя або расейскія інтарэсы. Жах.....
Паказаць усе каментары/ 20 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру