«У Херсоне вырашылі заставацца прынцыпова»

Валер Камагораў паходзіць з Брагінскага раёна, вучыўся ў Магілёве. У 2015 годзе пераехаў ва ўкраінскі Херсон да сваёй колішняй дзяўчыны, з якой пазней пабраўся шлюбам. Меў невялікую краму тавараў для рыбалкі, адпачынку і турызму. Апошні раз у Беларусі Валер быў у 2016 годзе.

«Больш не ездзіў, бо ведаеце, што там адбывалася. Больш за тры чалавекі не збірацца, гэты ўсялякі маразм і трызненне. Я яшчэ ў 2015 годзе пасля выбараў трапляў там у замес, таму і не ездзіў на радзіму», — кажа Валер.

У 2021 годзе беларус развёўся. Пачаў працаваць у рамонце ноўтбукаў і тэлефонаў.

«Пасля пачатку вайны я прынцыпова застаўся ў Херсоне.

Бо тут былі людзі, якія патрабавалі маральнай і фінансавай падтрымкі. Спачатку мы дапамагалі тэрытарыяльнай абароне — калі расейцы спрабавалі захапіць Херсон, будавалі барыкады. Потым каардынавалі разам з іншымі праўкраінскія мітынгі, малявалі плакаты. Таксама валанцёрылі, дапамагалі бабулькам з прадуктамі і лекамі», — кажа беларус.

«Займаліся ўсімі відамі партызанскай дзейнасці»

Валер расказвае, што пад акупацыяй ён і група актывістаў займаліся партызанскай дзейнасцю.

«Рознай. Прабівалі колы ў тэхніцы акупантаў. Залівалі салярку замест бензіну, дадавалі цукар у паліва. І так псавалі ім тэхніку. Здавалі іх пазіцыі», — кажа беларус.

Калі людзей у Херсоне расейцы пачалі масава затрымліваць, нават па дзясятку чалавек на дзень, весці такую дзейнасць стала небяспечна, расказвае Камагораў. Тады Валер са сваёй цяперашняй дзяўчынай Вольгай вырашылі здымаць патрыятычныя праўкраінскія відэа для TikTok.

«Па сутнасці, у нас засталася такая «група» — я, Вольга і яшчэ адна жанчына. Вось нас нехта здаў, і 24 жніўня мы ўтраіх трапілі ў палон», — кажа Валер.

Па словах беларуса, іх «бралі» расейскія вайскоўцы, супрацоўнікі ФСБ, ваенная паліцыя і мясцовыя калябаранты.

«Мяне адразу стукнулі прыкладам у галаву, потым чатыры гадзіны білі пасля затрымання, на вуліцы. Добра, што я пачысціў да гэтага інтэрнэт, перапіскі. Бо было б горш. Так толькі засталася інтэрнэт-актыўнасць у Tiktok», — кажа беларус.

«Абяцаў маці, што выжыву»

Пры затрыманні расейцы ўбачылі ў пакоі Валера бел-чырвона-белы сцяг.

«Гэта іх моцна раззлавала. Яны крычалі, што я за Ціханоўскую, усяляк абражалі, з цэнзурнага было хіба «шпіён, здраднік, пацук». Крычалі, што «ў нас жа саюзная дзяржава, мы ж братэрскі народ, чаго ты «ўкропам» прадаўся?». Крычалі: «Што, ты сабе ў Гомелі дзеўку не мог знайсці?» — кажа Валер.

Яго, дзяўчыну і жанчыну з «групы» прывезлі «на падвал», які быў у цэнтры Херсона і які пасля вызвалення здымала Служба бяспекі Украіны

«Там нас і трымалі. Вольгу і нашу жанчыну адпусцілі пасля 11 дзён «на падвале». Вольга захварэла там на ангіну і не магла гаварыць. Жанчыне ж зрабілася блага. Мне стала лягчэй, калі іх вызвалілі. Гэта надало мне сіл перанесці ўсе выпрабаванні. Тым больш я абяцаў маці, што выжыву», — кажа беларус.

«Білі токам, палохалі артыкуламі за тэрарызм і шпіянаж»

Як расказвае беларус, штодзень з 6 раніцы да 12 дня былі допыты і біццё.

«Выбівалі паказанні, каб прызнаўся, хто ў горадзе партызаніў, хто маляваў украінскія стужкі. Прасілі: «Здай якога тлустага камерсанта, які за Украіну». Палохалі праблемамі ў сваякоў, пагражалі дэпартацыяй. Білі токам. Пагражалі, што «прышыюць» тэрарызм, экстрэмізм і шпіянаж. Пасля, з 27 верасня, адправілі за горад капаць акопы, магілы. Каму тыя магілы былі, я не ведаю», — кажа Валер.

На капанні акопаў беларус пазнаёміўся з мабілізаванымі з так званай «ДНР». «Там былі тыя, каго паспелі загрэбці. Студэнты, сталявары. Яны і самі не хацелі ваяваць. Але ім не было куды дзецца. Казалі, што расейцы называюць іх «аднаразовымі». Ад іх хоць было нармальнае стаўленне. Бо пасля «падвала» ў мяне былі і рэбры паламаныя, і зубы выбітыя, і праблемы са здароўем. Але жывы — гэта галоўнае», — успамінае Валер.

Начаваў ён і іншыя затрыманыя ў хляве з заваранымі вокнамі і дзвярамі.

«Там было трохі лепш, чым у падвале. Хоць нейкія матрацы валяліся на падлозе. Бо ў падвале начавалі на голым бетоне. У падвале маглі і тыдзень не карміць, даць якой недаваранай грэчкі жменю. Камеры ў падвале былі перапоўненыя, трамбавалі па 7-8 чалавек», — прыгадвае Валер.

«Добра, што выжыў і нікога не здаў»

Валер кажа, што 24 кастрычніка да яго падышоў ахоўнік і сказаў, што ёсць загад адпусціць яго «на чатыры бакі». Але мне параілі пасядзець да раніцы, бо пастоў жа ніхто не зняў і «маглі прыстрэліць».

«Галоўнае, што выжыў і не здаў нікога. У мяне ж былі сувязі з вайскоўцамі, з тэрабаронай. А расейцы дапытваліся, дзе пазіцыі вайскоўцаў, дзе ў горадзе жывуць былыя вайскоўцы і паліцыянты», — кажа беларус.

Валер расказвае, што святла ў Херсоне пакуль няма, але ўжо ёсць вада. Пачасціліся абстрэлы.

«Усе спадзяюцца, што расейцы сюды не вернуцца. Нават калі ў горад заходзілі нашы, украінскія вайскоўцы, многія пабаяліся выходзіць з дамоў. Думалі, нейкая правакацыя. Потым ужо адважыліся, выскачылі. Цяпер у горадзе яшчэ вылоўліваюць калабарантаў, праводзяць фільтрацыю. Бо рэальна многія дапамагалі акупантам, перайшлі на іхны бок. Мы застаёмся ў Херсоне. Трымаем абарону!» — дадаў Валер.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
123 / Адказаць
25.11.2022
титановые шары у парня
0
Виктор / Адказаць
27.11.2022
Читать такое тяжело. Не могу представить как такое пережить. Удачи вам и никогда больше не попадать в плен к рускому миру. 
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру