У снежні 2020 года былі прынятыя папраўкі ў Падатковы кодэкс. У абноўленым кодэксе былі пералічаныя «дадатковыя захады па кансалідацыі даходаў бюджэту для барацьбы з COVID-19» (дадатак № 27, артыкул 3). Сярод іх — павелічэнне стаўкі падаходнага падатку для работнікаў-рэзідэнтаў ПВТ і «Вялікага каменя».

Захады рабіліся на два гады — ад 1 студзеня 2021 года да 1 студзеня 2023 года.

***

Артыкул 3. У мэтах прыняцця дадатковых захадаў па кансалідацыі даходаў бюджэту для барацьбы з COVID-19 вызначыць, што ад 1 студзеня 2021 г. да 1 студзеня 2023 г.:

3. Даходы фізічных асоб, атрыманыя на працягу каляндарнага года паводле працоўных дагавораў ад рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій, рэзідэнтаў Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» і (або) сумеснай беларуска-кітайскай кампаніі па развіцці Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень», абкладаюцца падаходным падаткам з фізічных асоб паводле стаўкі трынаццаць (13) працэнтаў.

***

Тады Мінфін палічыў, што ў 2021 годзе ад павышэння падаткаў для айцішнікаў бюджэт атрымае 170 млн рублёў (паводле ацэнак dev.by — 64-74 млн долараў). 

У праекце змен у Падатковы кодэкс, які вывучыла рэдакцыя, вядзецца гаворка пра падатковым рэжым 13% яшчэ на 2 гады, ужо без кавіднай матывацыйнай часткі:

Арт. 5 п. 12

Ад 1 студзеня 2023 г. да 1 студзеня 2025 г.:

12.3. даходы фізічных асоб, атрыманыя на працягу каляндарнага года паводле працоўных дагавораў ад рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій, рэзідэнтаў Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» і (або) сумеснай беларуска-кітайскай кампаніі па развіцці Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень», абкладаюцца падаходным падаткам з фізічных асоб паводле стаўкі 13%.

Новы праект змен у Падатковы кодэкс быў прыняты ў першым чытанні Палатай прадстаўнікоў. Цяпер яго мае прыняць Рада Рэспублікі і падпісаць Аляксандр Лукашэнка.

Пакуль нельга сцвярджаць, што праект будзе прыняты менавіта ў такім выглядзе — пачакаем фінальную версію кодэкса, прынятую на ўсіх узроўнях, у адкрытым доступе.

У ПВТ пакуль не каментуюць перспектыў ільготнай стаўкі.

Нагадаем, у 2022 годзе адзін з падаткаў для рэзідэнтаў ПВТ — адлічэнне ў фонд Парка — часова павышалі ад 1 да 2% на працягу квартала, а затым вярнулі да першапачатковага значэння. 

Клас
1
Панылы сорам
4
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0