Флагшток вывучыў расклад пасяджэнняў ва ўсіх абласных судах Беларусі за апошнія сем дзён лістапада. Высветлілася, што безумоўным лідарам у «палітычных» працэсах стаў Гомельскі абласны суд, дзе колькасць такіх спраў зашкальвае. З 23 па 30 лістапада прызначана да слухання ў судзе першай інстанцыі 13 крымінальных спраў. З іх 12 — з палітычнай афарбоўкай (больш за 92%), і толькі адна асабліва крымінальная — забойства.

Адзін з апошніх «палітычных» прысудаў у Гомельскім абласным судзе — Крысціне Чаранковай. Фота: «Народная воля»

Адзін з апошніх «палітычных» прысудаў у Гомельскім абласным судзе — Крысціне Чаранковай. Фота: «Народная воля»

У «палітычных» працэсах пераважаюць абвінавачванні за дзеянні ў сацсетках — «распальванне сацыяльнай варожасці», «абраза прадстаўнікоў улады» і асобна Лукашэнкі, «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Дваіх мужчын, Уладзіслава Яцэнку і Кірыла Плакушчава, будуць судзіць за замах на «ўдзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце».

Расклад спраў на 24 лістапада

Расклад спраў на 24 лістапада

Таксама працягваюцца працэсы па абвінавачванні ў «здрадзе дзяржаве» (справа «Рабочага руху»), «тэрарызме» (справа «светлагорскіх партызан»).

А што ў іншых рэгіёнах? За той жа перыяд у Брэсцкім абласным судзе — усяго два слуханні ў судзе першай інстанцыі, з іх адно — за забойства, а другое — «палітычнае», за «распальванне варожасці». У Віцебскім абласным судзе з чатырох прызначаных спраў «палітычныя» — дзве. Аналагічна — у Гродзенскім абласным судзе.

У Магілёўскім абласным судзе за тыя ж 7 дзён разгледзяць толькі дзве крымінальныя справы ў судзе першай інстанцыі, з іх «палітычныя» абедзве. У Мінскім абласным судзе на гэты момант прызначаны тры працэсы, з якіх з палітычнай афарбоўкай — два.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
12