Фота: АР

Фота: АР

Матч паміж Саудаўскай Аравіяй і Аргенцінай адкрываў праграму 22 лістапада. Сярод удзельнікаў гульні адназначным фаварытам называлі Аргенціну, бо і сама гэтая каманда — безумоўны прэтэндэнт на Кубак ЧС, а не толькі на тры ачкі ў змаганні з арабамі. Да таго ж, бяспройгрышная серыя аргенцінцаў перад сённяшняй гульнёй складала ажно 36 матчаў, і чаму б не працягнуць яе?

Здаецца, усё ішло па плане. Лік адкрылі аргенцінцы: на 10-й хвіліне Ліянэль Месі паспяхова рэалізаваў пенальці як пакаранне за фол у штрафной на Леандра Парэдэса. Гэты гол стаў сёмым для Ліянэля на чэмпіянатах свету, што дазволіла яму параўнацца па гэтым паказчыку з адвечным супернікам Крышціяну Раналду. Таксама Месі — першы гулец, які забіў за Аргенціну на чатырох розных чэмпіянатах свету (акрамя цяперашняга, у багажы форварда ёсць галы Сербіі і Чарнагорыі, Ірана, Нігерыі, Босніі і Герцагавіны), а з Саудаўскай Аравіяй яго звязвае яшчэ і тое, што Ліянэль — пасол турызму гэтай краіны.

Але вернемся на поле ў Катары. Статыстыка дэманструе, што перавагу падчас гульні збольшага мелі аргенцінцы: напрыклад, яны больш валодалі мячом (69% супраць 31% у саудаўцаў). Арабы, у сваю чаргу, вылучыліся колькасцю фалоў — 21 супраць 9 у паўднёваамерыканцаў.

За 35 хвілін першага тайма ажно тры галы аргенцінцаў былі адмененыя праз афсайд, таму да другой паловы гульні яны падышлі не ў лепшым псіхалагічным стане. Пасля перапынку парад афсайдаў з іх боку прадоўжыўся, а вось саудаўцы нарэшце здолелі рэалізаваць свае шансы. На 48-й хвіліне Салех Аль-Шэхры аднавіў раўнавагу, а на 53-й Салем Аль-Досары вывеў сваю каманду наперад. Замены ў аргенцінцаў і восем хвілін дададзенага да другога тайма часу не дапамаглі: вынік гульні — 2:1 на карысць Саудаўскай Аравіі і смачная аплявуха Аргенціне і Месі, для якога цяперашні чэмпіянат свету напэўна будзе апошнім. Адзначым, што за ўсю гульню саудаўцы нанеслі толькі два ўдары ў створ аргенцінцаў — і гэтага хапіла для першай сенсацыі турніру.

Цікава, што сярод тых, хто назіраў за гэтай сенсацыяй, была беларускай тэнісістка Вікторыя Азаранка. У твітары яна апублікавала фота са стадыёна і адзначыла, што пабачыць гульню Месі за Аргенціну было яе жыццёвай марай.

Чытайце таксама:

Топ-11 самых гарачых футбалістаў чэмпіянату свету (+ лаўка запасных і трэнер)

На чэмпіянаце свету па футболе англічане разграмілі іранцаў 6:2. Але матч запомніцца не лікам

Стаў вядомы лёс забароненага да продажу піва на ЧС па футболе

Клас
3
Панылы сорам
2
Ха-ха
6
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
0