«Сыходзіць эпоха, мне сумна. Гэта яшчэ адзін напамін пра тое, у які час мы жывём. Калісьці для дзяўчынкі з правінцыйнага мястэчка «Макдональдс» быў марай, знаходзіўся толькі ў Мінску. Пакаштавала бургер я толькі пасля 10 класа. Цяпер у фастфудах няма нічога незвычайнага, а флёр нейкай недаступнай іншаземшчыны знік.

А настальгія па тых часах засталася. Памятаю, неяк у кабінеце стаматолага было ўключана радыё, а там дыджэй і слухачы расказвалі пра любімую ежу з 90-х. Адна дзяўчына распавяла, як бацька-дальнабойшчык прывёз адзін бургер на сям’ю з чатырох чалавек, дык яны яшчэ з суседзямі ўмудрыліся падзяліцца. Гэта было ТАК расказана, што смяяліся ўсе: і дыджэй, і лекар, і я з вялізным рэтрактарам у роце.

А зараз «Макдональдс» сыходзіць, а ў гэтую кропку хадзіць зусім не хочацца…», — дзеліцца адна дзяўчына.

«Мы можам сысці з «Мака», але «Мак» з нас — ніколі», — дэвіз усіх цяперашніх і былых супрацоўнікаў», — смяецца адна з брэстаўчанак. Калі яна ўбачыла навіну пра адкрыццё рэстаранаў пад іншай назвай, ёй стала вельмі сумна.

«Увечары я, зразумела, пайшла ў рэстаран, дзе ўбачыла велізарную чаргу з машын на драйве (да самага ўвахода) і такі ж натоўп усярэдзіне. Гэта чакана, улічваючы і навіны, і што дадатак хутка знікне, і назапашаныя балы неабходна выдаткаваць.

Я даўно не была ва ўстанове. Сыходзіць эпоха, і, як бы я ні ставілася да «Мака», адпрацаваўшы там два гады, я ўсё роўна з цеплынёй згадваю працоўныя змены, і людзей, з якімі я працавала. Я рада, што мне давялося заспець менавіта «Макдональдс». Так, хутчэй за ўсё, нічога асаблівага не зменіцца, мае знаёмыя застануцца працаваць, як і раней, але ўсё ж, гэта ўжо будзе не тое…»

«Бывай, «Макдак»! Я буду сумаваць! Хоць і не была тваёй частай госцяй, але за чызбургерам часам завітвала! А зараз усё! Не пайду… і кропка!!!» — адзначае яшчэ адна мінчанка.

«Для нас тады, у далёкім 1996 годзе, адкрыццё гэтай установы было як самае сапраўднае свята. У «Макдональдс» вадзілі бацькі сваіх дзяцей у якасці ўзнагароды за добрыя адзнакі, годныя паводзіны і паслухмянасць. Я да гэтага часу памятаю гарачы шакалад, набыты мне там татам. Там праходзілі самыя шумныя, вясёлыя вечарынкі і дні народзінаў. Там мы святкавалі школьныя вакацыі, а далей і заканчэнне іспытаў і залікаў ва ўніверсітэце. Туды заходзілі і пазней, пасля напружаных працоўных дзён, каб пабачыцца і пагутарыць з сябрамі.

Магчыма, зараз, на фоне ўсяго, што адбываецца вакол, гэта такая дробязь. І можна доўга спрачацца аб карысці і шкодзе тамтэйшай ежы. Але гэта быў не проста рэстаран, гэтае месца было сведкам нашых шчаслівых падзей доўгія гады, і ў мяне пра яго застануцца толькі цёплыя ўспаміны», — публікуе архіўныя фотаздымкі беларуска Марыя.

«Калі я быў маленькім, «Макдональдс» быў толькі ў Мінску. Для ўсіх «не сталічных» наведванне «Мака» было абавязковай праграмай. І гэтая жоўтая літара М выклікала пачуццё радасці і адчування прыгожага.

Прайшло шмат гадоў, у мяне ёсць свой сын, і з сумам хочацца канстатаваць, што канкурэнта «Маку» ў плане даступнасці, абслугоўвання і якасці за гэты час так і не з’явілася. Дзякуй, «Макдональдс». Будзем сумаваць!», — настальгічна піша Іван.

«Бывай, «Макдак»! Ты быў нашай эпохай. Мы адзначалі ў цябе ДН, атрымлівалі ў падарунак «Хэпі Міл», елі гамбургеры і чызбургеры. Ты застанешся ў нашых сэрцах, у прыемных успамінах назаўжды», — піша Марыя з Мінска.

«Я не скажу, што моцна любіў цябе і песціў сваімі наведваннямі, але твой падвойны чызбургер, сярэдняя бульбачка і хвалюючы водар свежазваранай кавы заўсёды выклікаў прыліў эндарфіну… Ты назаўжды застанешся ў маёй памяці — і кропка!» — прызнаецца яшчэ адзін беларус Віталь.

«Шкада… Дзяцінства… Я памятаю, як мы прасіліся ў «Мак» дзецьмі, а атрымлівалі сасіску і булку. Як нас замест фастфуду вазілі ў італьянскі рэстаран, а мы вельмі хацелі менавіта ў «Макдональдс».

Дзеля «Хэпі Міла» мы прадалі б душу. Куды б я не прыязджала, заўсёды хадзіла ў «Мак», больш з цікаўнасці… Было цікава, аднолькава смачна ўсюды ці не…

Песенька дагэтуль гучыць у маёй галаве, «Вось, што я люблю». Фастфуду ў свеце вялікая разнастайнасць, хто любіць, хто не, але гэта ж McDonalds», — піша мінчанка Анастасія і дадае, што ў Расіі яна патрапіла на адкрыццё «Вкусно — и точка» і мяркуе: усё засталося смачным.

Больш лаканічнымі, але ж кранальнымі допісамі дзеляцца і іншыя прыхільнікі сеткі рэстаранаў.

Калі і вы сёння пойдзеце развітацца з МакДональдсам і будзеце назіраць чэргі ў рэстаранах, дашліце фотаздымкі ў наш тэлеграм-бот.

Чытайце таксама:

Як адчыняўся «МакДональдс» у Беларусі ВІДЭА

«Слава табе, божа!» Лукашэнка пракаментаваў сыход МакДональдса з Беларусі

Без Біг Мака. Як будзе выглядаць меню «Вкусно — и точка»

Клас
3
Панылы сорам
5
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
25
Абуральна
9