Беластаччанін Лукаш Венцэк стварыў з LEGO падляшскую хату, і яе ацанілі
Праект з кубікаў LEGO — «Дом з краіны адчыненых аканіц» — Лукаша Венцэка з Беластока мае шанец стаць агульнадаступным канструктарам. Ініцыятыва ўжо набрала неабходныя 10 000 галасоў падчас інтэрнэт-галасавання, і цяпер ад фірмы LEGO залежыць, ці пойдзе набор у масавую вытворчасць. Гэта незвычайная рэклама польскага Падляшша, на якім жыве і шмат беларусаў-аўтахтонаў, піша Радыё Рацыя.
Праект «Дом з краіны адчыненых аканіц» створаны ў супрацоўніцтве з Падляшскай рэгіянальнай турыстычнай арганізацыяй, якая і выступіла ініцыятарам.
Хата LEGO — гэта тыпова драўляная хата з ганкам, аканіцамі і аздабленнямі, яна складаецца прыкладна з трох тысяч дэталяў, унутры ёсць печ і мэбля, а звонку — фігуркі людзей і хатніх жывёл.
Праект быў пададзены на LEGO Ideas, і пры ўмове, што ідэя набярэ 10 тысяч галасоў, ён можа патрапіць у масавую вытворчасць. Цяпер 10 тысяч галасоў набраныя, і слова за кіраўніцтвам кампаніі.
Nashaniva.com
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ