Прысуд абвясціў суддзя Хендрык Стэйнхейс.

«Суд прытрымліваецца таго меркавання, што Boeing пацярпеў крушэнне пры запуску ракеты з ЗРК «Бук» з поля пад пасёлкам Першамайскі. Пры гэтым загінулі ўсе 298 чалавек, якія былі на борце», — заявіў суддзя.

Суд таксама палічыў, што мэтай запуску ракеты быў вайсковы самалёт.

Ігара Гіркіна, Сяргея Дубінскага, Алега Пулатава і Леаніда Харчанку прызналі датычнымі да катастрофы MH17. Пры гэтым не ўдалося ўстанавіць, хто канкрэтна даў каманду аб запуску ракеты, заявілі ў судзе.

Ініцыятыва і арганізацыя перавозкі «Бука» была выказаная абвінавачаным Дубінскім, а пры транспартаванні актыўную ролю іграў абвінавачаны Харчанка. Пулатаў па заданні Дубінскага здзяйсняў разведку і стварэнне бяспечнага калідора для транспарціроўкі «Бука» з Расіі. Ігар Гіркін (Стралкоў) адказваў за ўстаноўку і пастаўку зброі, пры гэтым быў міністрам абароны так званай ДНР, таксама ён вёў перамовы з адказнымі асобамі ў Маскве.

Гаагскі суд прызнаў Гіркіна, Дубінскага і Харчанку вінаватымі ў знішчэнні самалёта MH17 і забойстве 298 яго пасажыраў. Абвінавачанага Пулатава суд прызнаў невінаватым і адхіліў патрабаванне пракуратуры змясціць яго ў турму.

Дубінскаму, Гіркіну і Харчанку суд завочна прызначыў у якасці пакарання пажыццёвае зняволенне і выплату кампенсацый сваякам загінулых. Агульная сума кампенсацый складае больш за 16 мільёнаў еўра.

Самалёт быў збіты ў небе над Данбасам у ліпені 2014 года. У той час ва Украіне ўжо адбываўся ўзброены канфлікт на Данбасе, і Расія, як прызнаў суд, прымала ўдзел у баявых дзеяннях на ўкраінскай тэрыторыі. Улады Расіі гэта адмаўляюць.

Клас
34
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
0