Артыкул «акты тэрарызму», па якім яго першапачаткова затрымалі, у справе не фігуруе. Суд спачатку быў адкрыты, але амаль адразу суддзя Алена Ананіч закрыла працэс. За кратамі палітвязень знаходзіцца больш за год — суд сёння адмовіў яму ў хадайніцтве змяніць меру стрымання на не звязаную з пазбаўленнем волі, паведамляе «Вясна».

Яўген Юшкевіч — былы следчы СК і ініцыятар праекта bychange.me. У 2017 годзе ён звольніўся з пасады старшага следчага аддзела па расследаванні эканамічных злачынстваў упраўлення Следчага камітэта па Мінску, а ў 2020-м стаў распрацоўшчыкам і ініцыятарам праекта bychange.me, які дапамагаў у навучанні, перападрыхтоўцы сілавікоў, дзяржслужачых і людзей, якія звольніліся з працы па меркаваннях сумлення ці якіх звольнілі.

Першы раз Яўген быў затрыманы ўвечары 24 лістапада 2020 года ў Мінску. Тады яму інкрымінавалі ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Але праз 10 сутак яго вызвалілі са следчага ізалятара № 1. 

Другі раз Яўгена Юшкевіча затрымалі 19 красавіка 2021 года па падазрэнні па арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму). Дома ў яго правялі вобыск, а яго самога змясцілі ў СІЗА КДБ, куды доўгі час не пускалі адваката. За месяц да затрымання ў машыне, якая належыць яго бацьку, невядомыя ўсталявалі праслухоўваючы апарат  адпаведнае відэа з рэгістратара Яўген апублікаваў у фэйсбуку. 

У Яўгена ўзялі падпіску аб неразгалошванні матэрыялаў справы, каб ён нават сваім сукамернікам не мог распавесці, у чым яго канкрэтна абвінавачваюць. Сам палітвязень расцэньваў у лістах на волю свой пераслед і затрыманне як помсту за выкладзенае відэа з устаноўкай апаратуры для праслухоўвання ў машыне яго бацькі, на якой ён прыехаў 17 сакавіка на допыт у Следчы камітэт. 

Допыт Юшкевіча ў наручніках на іншым судзе

8 кастрычніка 2021 года Яўгена дапыталі ў якасці сведкі на судзе над іншым былым следчым Ягорам Вяршыніным. Яго прывезлі на суд у наручніках. Падчас допыту па баках у Яўгена стаялі два канваіры, а побач сядзела яго адвакатка. Юшкевіча дапытвалі па гэтай справе, таму што згодна з абвінавачваннем, Вяршынін браў удзел у маршах менавіта з ім — сваім лепшым сябрам.

З паказанняў Яўгена стала вядома, што яму прад’яўлена абвінавачванне па арт. 342 КК за ўдзел у маршы 16 жніўня. За ўдзел у масавых мерапрыемствах 23 і 30 жніўня ён праходзіць у якасці сведкі. На судзе Юшкевіч расказаў, што 23 жніўня сустрэўся з Вяршыніным, каб абмеркаваць спорт. У астатнім ён паўтарыў, што казаў Ягор. Па яго словах, яны не выкрыквалі ніякіх лозунгаў, не паказвалі знакі, не памятае, каб была нейкая сімволіка з сабой. Гаворыць, што не было матыву ўдзельнічаць у маршах, але было цікава паглядзець, колькі чалавек будзе. Юшкевіч сказаў, што без Вяршыніна далучаўся да маршу толькі 16 жніўня, а з сябрам толькі 23 і 30 жніўня. Адзначае, што закон добра ведае, і на маршах яны назіралі ў тым ліку за парадкам.

Юшкевіч адзначыў, што ісці па перакрытай дарозе законам не забаронена. Кажа, што выглядала ўсё так, што дарогу спецыяльна перакрылі, каб людзі маглі па ёй ісці.

«Такія маршы адбываюцца ў Беларусі ўпершыню, і прапусціць такую падзею было б злачынствам».

Больш за год у зняволенні

Яўген адразу ўтрымліваўся ў СІЗА КДБ, а потым яго перавялі ў СІЗА-1. Вядома, што ў СІЗА палітвязень перахварэў на COVID-19. Таксама падчас зняволення ў яго ёсць праблемы з перапіскай — яму не аддаюць лісты.

«Усякія дробязі зусім па-іншаму тут ацэньваюцца. Першы час слёзы наварочваліся ад кожнай перадачы, цяпер ужо прывык да іх. Але часам, калі глядзіш на нейкую дробязь накшталт двух пачкаў цыгарэт, думаеш: «Гэта ж 7 рублёў, гэта амаль 1/100 зарплаты маёй мамы, ды яшчэ і час выдаткаваны на куплю гэтых пачкаў». Акуратна складваеш і захоўваеш гэтыя 40 цыгарэт, таму што родныя табе іх куплялі», — пісаў ён у лістах да дзяўчыны Валерыі Эйсмант.

4 мая Юшкевіч быў пазбаўлены звання старшы лейтэнант юстыцыі запасу.

Падтрымайце Яўгена пасылкамі, грашовымі пераводамі і паштоўкамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Яўген Міхайлавіч Юшкевіч

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
5