Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай

Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская бярэ ўдзел у сустрэчы міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза па запрашэнні Вярхоўнага прадстаўніка па замежных справах Жазэпа Барэля. Прымалі ўдзел 17 міністраў. Амаль усе ўзялі слова і выказалі падтрымку Беларусі.

У сваім выступе Ціханоўская заклікала да наступных дзеянняў.

— Змякчыць візавыя працэдуры для беларусаў, узмацніць адукацыйныя і культурныя абмены, падтрымку прыватнага бізнесу, не звязанага з рэжымам.

— Працягнуць падтрымку медыя і грамадзянскай супольнасці.

— Перазапусціць Маскоўскі механізм у АБСЕ ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

— Не падтрымліваць адносіны з нелегітымным рэжымам Лукашэнкі і не весці перамовы за спінамі беларусаў.

— Інстытуцыялізаваць адносіны з дэмакратычнымі сіламі ў Еўрапейскім парламенце, па прыкладзе Рады Еўропы.

— Запрасіць Беларусь у еўрапейскую палітычную супольнасць (праект ініцыяваны Эмануэлем Макронам), але каб Беларусь прадстаўлялі дэмакратычныя сілы, а не рэжым.

— Падтрымаць беларускіх актывістаў, валанцёраў і добраахвотнікаў ва Украіне.

— Працягнуць супрацоўніцтва з Беларуссю ў межах Усходняга партнёрства.

Ціханоўская заклікала краіны ЕС заступіцца за беларускую незалежнасць: «Мы лічым, што вайну можна скончыць хутчэй, калі расійскія войскі выйдуць і Беларусь пяройдзе да дэмакратыі. Рэжым — гэта як крэсла з трыма ножкамі, на якіх ён стаіць: рэпрэсіі, грошы і Крэмль. Калі рухне хоць адна з гэтых ножак, рухне і ўвесь рэжым. Я заклікаю ЕС дзейнічаць рашуча па вырашэнні крызісу ў Беларусі. Зараз самы час падтрымаць намаганні беларусаў па абароне незалежнасці свайго народа», — сказала Ціханоўская ў выступленні.

Клас
61
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1